Выбрать главу

Двое – паліцай і яшчэ нехта ў шэрай суконнай паддзёўцы – няслі цераз вуліцу тоўсты стары ўслон, і Сотнікаў здагадаўся, што гэта для іх. Каб дастаць да пятлі, перш чым загойдацца, збочыўшы на плячо голаў, – бездапаможна, пакорліва, безгалоса. Яму зрабілася да жаху брыдка і боязна ад аднаго толькі ўяўлення пра сябе павешанага ды і ад усяе гэтай старанна падрыхтаванай расправы. За час вайны ён і не падумаў пра магчымасць іншае смерці, чым ад асколка ці кулі, і цяпер усё ў ім інстынктыўна запратэставала супроць гэтага ўдушэння пятлёй.

Але ён нічым не мог памагчы ні сабе, ні іншым. Ён толькі ўгаворваў сябе ў думках: нічога, нічога!.. Урэшце, гэта іх права, іх звярыны звычай, бо тут іх улада. Выбар спосабу кары – заўжды прэрагатыва катаў. Цяпер апошні яго абавязак – трываць з яснаю ўпэўненасцю ў сабе, без ценю страху ці шкадавання. Хай вешаюць.

Услон там ужо, мусіць, паставілі. Вёрткі, увішны Стась, а таксама тоўсты, неахайна нізка падпяразаны па шынялі Будзіла і іншыя паліцаі з канвою павялі іх пад арку. Наступаючы на закасцянелую ступню, Сотнікаў прыкінуў: аставалася крокаў пятнаццаць-дваццаць, і ён адабраў у Рыбака руку – хацеў дайсці сам. Яны пратупалі сярод паліцаяў, паўз групу нямецкага і штацкага начальства, якое тоўпілася пад сцяной будыніны. Пачынаўся спектакль, мясцовая паліцэйская самадзейнасць на нямецкі манер. Начальства цярпліва чакала, некаторыя хмурыліся, а іншыя нязлосна перагаворваліся, нібы сышліся па будзённай, не дужа пільнай патрэбе і хутка вернуцца да сваіх звыклых спраў. Ад іх несла пахам цыгарэт, адэкалону, чуліся ўрыўкі размоў. Сотнікаў, аднак, не пазіраў туды – датупаўшы да слупа аркі, прысланіўся да яго плячом і ад знямогі прыплюшчыў вочы.

Не, мабыць, смерць нічога не вырашае і нічога не растлумачвае. Толькі жыццё дае людзям пэўныя магчымасці, якія здзяйсняюцца імі або прападаюць марна; толькі жыццё можа процістаяць злу і несправядлівасці. Смерць – нішто. І калі таму лейтэнанту ў хвойніку праз сваю пагібель удалося чагось дамагчыся для іншых, дык ці на тое ён разлічваў?..

Значыць, невядомасць, цемра, забыццё – назаўжды, без удзячнасці і ўзнагароды?

І ўсё роўна згадзіцца з Рыбаком ён не мог, гэта супярэчыла ўсёй яго чалавечай сутнасці, яго веры і ягонай маралі. І хоць нешырокае кола ягоных магчымасцяў усё вузела, і нават хуткая смерць нічым ужо не магла пашырыць яго, усё ж адна магчымасць яшчэ аставалася. Ад яе ён ужо не адступіцца. Яна, адзіная, сапраўды залежала толькі ад яго і нікога болей, толькі ён распараджаўся ёю, бо толькі ў яго ўладзе было адысці з гэтага свету з уласцівай чалавеку годнасцю. То была апошняя міласць, святая раскоша, якую, бы ўзнагароду, даравала яму жыццё.

Па адным іх пачалі разводзіць уздоўж шыбеніцы. Пад крайнюю ад начальства пятлю паставілі аціхлага, засяроджанага ў сабе Пётру. Сотнікаў зірнуў на яго і вінавата паморшчыўся. Учора ён шкадаваў, што Рыбак не застрэліў гэтага старасту, а цяпер вось давядзецца разам загойдацца на адной перакладзіне. Вось і зразумей, дзе сябра, а дзе вораг, падумаў ён, маючы на ўвазе Рыбака. Зрэшты, ён пераканаўся ўжо, што на вайне прычынай подласці бадай заўжды бывае баязлівасць, як бы яна ні называла сябе.

Тым часам Пётра палез на ўслон, але той скасабочыўся і ледзь не паваліўся пад яго каленямі. Тады Будзіла, які, мабыць, і тут быў галоўны ў сваёй катоўніцкай справе, вылаяўся, сам ускочыў наверх і за каршэнь узвалок туды Пётру. Былы стараста засцярожліва выпрастаўся і, не падымаючы галавы, стрымана, нібы ў царкве, пакланіўся людзям. Потым на ўслон пхнулі Басю. Тая хуценька ўзлезла на сваё месца і, пераступаючы змёрзлымі парэпанымі нагамі, з палахлівай дзіцячай цікаўнасцю пачала азіраць натоўп ля штыкетніка, нібы выглядвала там знаёмых.

Услона на ўсіх, аднак, не хапіла. Пад наступнай пятлёй была пастаўлена жоўтая скрынка, а на астатніх двух месцах тырчэлі ў снезе паўметровыя, мабыць, нядаўна адпілаваныя ад бервяна, цурбаны. Сотнікаў падумаў, што яго паставяць на скрынку, але там пакінулі Дзёмчыху, а яго Рыбак з паліцаем павалаклі да цурбаноў.

Ён яшчэ не дайшоў да свайго месца, як ззаду пачуўся здзічэлы крык Дзёмчыхі. Ад нечаканасці Сотнікаў азірнуўся – жанчына, упіраючыся нагамі, усяляк адбівалася ад паліцаяў – не хацела лезці на скрынку.

– Ай, паночкі, даруйце! Даруйце дурной бабе, я ж не хацела, не думала...

Яе плач заглушылі злосныя крыкі начальства, нешта скамандаваў Будзіла; паліцай, што вёў Сотнікава, кінуў яго на Рыбакову апеку, а сам падаўся да Дзёмчыхі. Усёй грамадой яны пацягнулі жанчыну на скрынку.