Рыбак, астаўшыся з Сотнікавым, не надта ўпэўнена падвёў яго да таўсцейшага, крайняга ад штыкетніка, цурбана і спыніўся. З аркі над ім звісала новенькая, як і ва ўсіх, пяньковая ўдаўка з вузкавата зашморгнутай пятлёй, якая ціха раскручвалася ўгары. У Сотнікава ад знямогі памутнела ўваччу – трэба было хутчэй узлазіць на цурбан, а зрабіць гэта аднанож было не дужа ўпраўна. Некалькі часу ён памарудзіў, пакуль у свядомасці не бліснула роспачнае, як лаянка: «Ах, была не была!» Тады ён кінуў Рыбаку, які паныла аслупянеў побач: «Трымай!» – і здаровым каленам дацягнуўся да зрэзу-тарца, ужо заследжанага брудным адбіткам чыесь падэшвы. Рыбак тым часам апусціўся на снег і аберуч ашчаперыў падстаўку. Дзеля раўнавагі Сотнікаў трохі абапёрся аб яго локцем, напружыўся і неяк ускараскаўся наверх.
Хвіліну ён ціхенька стаяў, вузка саставіўшы ступні на круглым нешырокім зрэзе, і думаў: «Каб толькі не ўпасці». Патыліца яго ўжо адчула пятлю, якая ціхім дотыкам шорхала па валасах. Унізе напружылася шырокая Рыбакова спіна ў кажушку, скарэлыя яго рукі шчыльна аблапілі хваёвую кару цурбана. «Выкруціўся, сволач!» – нядобра падумаў Сотнікаў, нібы з зайздрасцю, і на момант сумеўся: ці трэба так? Цяпер, у апошнія імгненні свайго жыцця, ён нечакана ўсумніўся ў сваім заўсёдным праве – нароўні з сабой патрабаваць ад іншых. Сапраўды, як было ў такі момант чакаць чагось высакароднага ад гэтае затузанай жыццём цёткі? Зноў жа – і Рыбак. Мабыць, ён быў неблагі партызан, умелы малодшы камандзір у войску, ды вось аказалася, што як чалавек і грамадзянін, безумоўна, недабраў чагосьці.
Ззаду ўсё білася, галасіла, ірвалася з рук паліцаяў Дзёмчыха, нешта сабраўся чытаць па паперцы немец у рудых пальчатках – прыгавор ці, можа, страшыць людзей іхняю карай. Ішлі апошнія секунды жыцця, і Сотнікаў, прыткнуўшыся на цурбане, прагным апошнім позіркам міжвольна ўбіраў у сябе несамавітую аздобу звыклай з дзяцінства местачковай вуліцы з гаротнымі постацямі людзей, хілымі дрэўцамі, паламаным штыкетнікам, гарбячком намёрзлага лёду пад жалезнай калонкай. Праз настылае голле сквера праглядвалі аблупленыя сцены недалёкай цэркаўкі з абадраным счарнелым дахам, без крыжоў на двух аблезлых зеленаватых купалах. Некалькі яе вузкіх акенцаў былі нядбайна забіты неакоранымі аполкамі.
Але вось побач затупаў хтось з паліцаяў, пацягнуўся ўгору да яго вяроўкі; бесцырымонныя рукі ў шызых абшлагах злавілі яе над ім і, абдзіраючы яго балючыя, памарожаныя вушы, насунулі на галаву пад падбародак. Ну, вось і ўсё, міжвольна адзначыў Сотнікаў і апусціў позірк уніз, на людзей. Прырода сама па сабе, яна заўжды без натугі дабром і мірам клалася яму на душу, але цяпер сталі патрэбны людзі – іхнія абліччы, позіркі, іх згодная еднасць ці хоць бы абыякавасць – усё роўна хацелася бачыць людзей. І ён ціхенька павёў развітальным позіркам па іх шчыльным, насцярожаным радзе, у якім болей было жанчын, і толькі зрэдку трапляліся немаладыя мужчыны, падлеткі, дзяўчаты – звычайны тутэйшы люд у кажушках, ватоўках, вайсковых абносках, самаробных світках. Сярод іх бязлікага мноства ягоная ўвага чымсь вылучыла цесненька загорнутую ў чужую, без гузікаў, адзежыну танклявую постаць хлопчыка гадоў дванаццаці з насунутай на галаву старой армейскай будзёнаўкай. Хлопчык азябла ўбіраў счырванелыя рукі ў рукавы, адсюль было бачна, дрыжаў ад сцюжы ці, можа, ад страху і з баязлівай дзіцячай цікаўнасцю ўзіраўся ў жывых яшчэ вісельнікаў. Сустрэўшы ягоны позірк, хлопчык скрывіў у балючай грымасе свой хваравіта белы тварык, на якім раптам адбілася столькі спачувальнае жаласці, што Сотнікаў не ўтрымаўся і ціха, аднымі вачамі ўсміхнуўся малому – нічога, браток!
Болей ужо ён не стаў разглядваць нічога і апусціў позірк, каб лішне не бачыць з боку ад сябе начальства, немцаў, следчага Партнова, Стася, Будзілу. Іх драпежніцкую прысутнасць ён адчуваў і так. Абвяшчэнне прыгавору, здаецца, ужо скончылася, пачулася каманда па-нямецку, потым па-расейску, і ён неўзабаве адчуў, як пагрозліва-напружана варухнулася на шыі вяроўка. Нешта ў тым канцы шыбеніцы тузанулася раз і другі, і адразу ж зусім ужо жахліва закрычала Дзёмчыха:
– А-а-а-ай! Не хачу! Не хачу!!
Яе крык неяк ураз абарваўся, коратка трэснула ўгары намёрзлая папярочына, здушана загаласіла жанчына ў натоўпе. Стала нясцерпна самотна на душы. Нейкая невыдаткаваная яшчэ ўнутраная сіла падмывала рвануцца, закрычаць, як гэтая Дзёмчыха, – дзіка і страшна. Але ён стрымаў сябе, толькі сэрца яго да болю сцялася ад смяротнае роспачы; як найбольшай палёгкі перад канцом, захацелася заплакаць. Замест таго ён раптам усміхнуўся напаследак сваёй, мабыць, жаласнай, вымучанай усмешкай.