Паліцаі звыкла строіліся ў калону па тры, іх набралася тут чалавек пятнаццаць – рознага зброду ў новенькіх форменных шынялях і пілотках, але траплялі і ў кажушках, ватоўках, чырвонаармейскіх абносках. Адзін нават быў у скуранцы з адрэзанай правай палой. Людзей на вуліцы ўжо амаль не асталося – толькі ў скверыку наводдаль стаяла некалькі падлеткаў і з імі тоненькі хваравіты хлопчык у будзёнаўцы. Разявіўшы рот, ён усё сморгаў носам і ўглядаўся ў шыбеніцу, падобна было – яго дзівіла там лішняя, пятая пятля. Спакваля, відаць, ён зразумеў нешта і пальцам з даўгога рукава паказаў якраз у яго на тратуары. Рыбак з непрыемнасцю цепнуў плячамі і ступіў убок, каб схавацца за паліцаямі, якія ўжо знерухомелі ад звычнай каманды старшага. Старшы той паліцай таксама нібы абмёр ад камандзірскай стараннасці і падцяў да сцёгнаў кулакі, на нямецкі манер выткнуўшы ў бакі локці.
– Смірна!
Паліцаі ў калоне страпянуліся і зноў знерухомелі. Старшы абвёў іх злосным, строгім позіркам і спыніў яго на адзінокай постаці збоч тратуара.
– А ты што? Стаць у строй!
Рыбак схамянуўся. Гэтая каманда абнадзейвала і азадачвала адначасна. Аднак раздумваць не было калі, ён хуценька скочыў на вуліцу і стаў ззаду за ўсімі, побач з нейкім высокім, у чорнай аўчыннай папасе дзецюком, які непрыязна пакасіўся на яго.
– Шагам марш!
І гэта было і зразумела, і звыкла. Рыбак бяздумна ступіў у такт з іншымі, і, калі б не пустыя рукі, якія невядома куды было дзець, можна было б падумаць, што ён зноў у атрадзе, сярод сваіх. І калі б перад вачамі не мільгалі шызыя абшлагі і замусоленыя бела-блакітныя павязкі на рукавах.
Яны пайшлі ўніз той самаю вуліцай, па якой ішлі сюды, аднак гэта была зусім іншая дарога. Побач бурлілі жвавасць і самазадаволенне – ён быў сярод пераможцаў. На паўгода, дзень ці гадзіну, але адчувалі яны сябе куды як бадзёра, падагрэтыя ўсведамленнем здзейсненай помсты ці проста ўдала скончанай працы; некаторыя ціха перагаворваліся, чуліся смяшкі, і ніхто ні разу не азірнуўся назад, на браму. Затое на іх азіраліся ўсе. Тыя, што брылі цяпер з гэтае акцыі пад сценамі платоў і дамовак, з дакорам, страхам і нясхоўнай нянавісцю ў счырванелых ад плачу жаночых вачах праводзілі гэтую зграю здраднікаў. Іх, аднак, тое не клапаціла і не турбавала, мусіць, яны прывыклі, на бяспраўных запалоханых людзей яны проста не звярталі ўвагі.
Рыбак жа апаныў душой і думаў з трывогай: трэба змывацца. Можа, вось там, на паваротцы, скочыць за плот і па-за хляўком перабегчы садок, яшчэ адолець плот і прарвацца з мястэчка? Добра, каб блізка быў які лес ці хоць бы хмызняк або раўчак. Або каб дзе ў двары папаўся пад рукі конь.
Рыпаў снег пад падэшвамі, паліцаі ішлі па-армейску ў нагу, поруч па тратуары крочыў старшы – ладны вайсковец у апярэзаным рамянямі паліцэйскім шынялі. На баку яго целяпаўся нізкавата падвешаны міліцэйскі наган у пацёртай скураной кабуры з меднай праціркай наперадзе. За мастком пярэднія сцішылі крок, нехта там замінаў іх калоне, і старшы пагрозліва крыкнуў. Яны трохі пацясніліся, размінаючыся, – нейкі дзядзька ў пустых развальнях нерастаропна збочваў пад самыя вокны ашалёванай, урослай у зямлю хаціны. І Рыбак раптам аж скалануўся ад рэальнасці свайго жадання кінуцца туды, выхапіць лейцы і ўлупіць па кані – можа б, і вырваўся. Але дзядзька!.. Прытрымліваючы нецярплівага маладога коніка, той азірнуўся на іх начальніка і ўсю іх калону, і, мабыць, міжвольна ў тым яго позірку пыхнула такая нянавісць да іх, што Рыбак зразумеў: не, з гэтым не ўдасца. Але з кім тады ўдасца? І яго нібы абухом па галаве аглушыла нечаканае разуменне, што ўцякаць яму няма куды. Пасля гэтае ліквідацыі – няма куды. З гэтага строю дарогі да ўцёкаў няма.
Ад раптоўнасці гэтага адкрыцця ён збіўся з нагі, спалохана падскочыў, прапускаючы крок, але зноў ступіў не ў лад, і сусед азваўся пагардлівым басам:
– Ты што?
– Анічога.
– Мабуць, без прывычкі? Наву-учышся.
Рыбак, аднак, змоўчаў, усё болей выразна разумеючы, што з уцёкамі скончана, што гэтаю ліквідацыяй яго скруцілі лепш, чым учора супоняй. І хоць пакінулі жывога, але нейкім чынам таксама ліквідавалі.
Так, звароту назад, да ранейшага, цяпер, мабыць, ужо не было – ён гінуў усур’ёз, назусім, і самым неспадзяваным чынам. Цяпер ён скрозь вораг. Усім. І, пэўна, самому сабе таксама.