Выбрать главу

— Глядзі, Барсук! — амаль з захапленьнем тузануў за рукаў сябра Вінцэсь. — Жывы, ты глядзі...

Так, гэта быў Барсук, жывы і быццам здаровы, якога Ляксей зь Вінцэсем памяталі яшчэ з ваенных гадоў, як жылі ў тым гарадку, дзе пражыў вайну і гэты стары, глуханямы чалавек з прозьвішчам ці мянушкай Барсук.

— I, здаецца, усё ранейшы, — не сунімаўся Вінцэсь.

Дзіўна, аднак, што ранейшы. Жыцьцё ці натура таму прычынай? Або, можа, ружовы туман падману, разьвеяцца якому ўпарта не даюць абставіны. Такія, як у гэтым выпадку з Барсуком.

Ён зьявіўся ў тым гарадку-мястэчку пры бежанстве. У першыя дні вайны з Заходняй Беларусі ўперамешку з войскам рынуліся і шмат якія з цывільных. Адныя ехалі на вайсковых машынах, іншыя на фурманках, а болей ішло пехатой — з клункамі, валізкамі, дзецьмі. Барсук вырваўся зь пекла, падобна, сам, адзін. Усе ягоныя сямейнікі недзе прапалі, і ён прыпыніўся, чакаючы іх, у мястэчку. Мабыць, думаў, часова, ды так і асеў на ўсе гады акупацыі. Жыў у старой бабкі ля рову, зарабляў, чым мог: капаў грады, сек дровы, а то рамантаваў абутак. Еў, што дадуць, часта галадаў, і ўсё чакаў, казалі, сваіх — жонку і двух дзяцей. Ды ішоў час, а сямейнікі Барсука не аб'яўляліся. Часам было яму дужа кепска, але ў лес ня йшоў. Ды і хто б яго ўзяў у лесе ў партызаны — які набытак з глуханямога? Хоць часам да яго наведваўся суседзкі хлопец Валера, які, як тое некаторыя ўведалі, меў справу зь лесам, і то прападаў на тыдзень-другі, то цішком зьяўляўся ў гарадку. Барсук яму быў патрэбны, каб падрамантаваць боты, то наладзіць трафэйны гадзіньнік, у якім, як аказалася, неяк разьбіраўся Барсук.

Аднойчы гэты Валера заявіўся не адзін, а зь незнаёмым хлопцам, сяржантам з дэсантнікаў. У іх была адмысловая справа: апрабаваць прадуктовыя карткі. Так, звычайныя карткі рацыянаванага продажу крупаў, мукі, солі, якія выдаваліся службоўцам нямецкіх установаў, і якія наладзілі падрабляць у лесе. Ці, можа, у якой гарадзкой друкарні? Значыцца — фальшывыя карткі. Вядома, для такой апэрацыі апрабаваньня Валера мог бы паслаць сястру Нінку ці цётку Ганулю, але ж, мабыць, іх было шкада. I ён вечарком з напарнікам насыпаўся да Барсука.

Якраз у той тыдзень Барсук сядзеў бяз працы і бяз хлеба, даядаў апошні чыгунок бульбы, што зарабіў за рамонт коміна ў суседзяў; солі ў яго не было даўно. А тут раптам двое лясных гасьцей, партызанаў, гэтак сардэчна пытаюцца: як жывеш? Спачуваюць і шчодра надзяляюць карткамі. На, схадзі ў лаўку, атавар, нам прынясеш і сабе возьмеш. Нам што-нішто, галоўнае — цыгарэты, астатняе возьмеш сабе. Мы людзі ня сквапныя, мы савецкія партызаны...

Барсук ня мог паверыць — такая раскоша! I такія слаўныя хлопцы — гэтак сардэчна пашкадавалі адзінокага дахадзягу-інваліда! На тым тыдні на рынку паліцаі адабралі ў яго здатныя боты, якія хацеў памяняць на хлеб. Ды яшчэ далі высьпятка ў зад. Гэтыя ж во — задарма даюць карткі: маргарын, соль, мука...

Ён ня йшоў — ляцеў з тымі карткамі ў краму, дзе атрымаў усё, што належала. Гэтак жа шыбаваў дадому, дзе трохі засмуціўся, бо хлопцы чамусь яго не дачакаліся. Яны прыйшлі толькі ўначы, распыталі, як і што. I яшчэ далі картак, якія дужа тады падтрымалі згаладнелага Барсука.

Пасьля вайны Барсук некалькі разоў спатыкаў у гарадку пасталелага Валеру, і кожны раз цалаваў ягоныя рукі: такі слаўны быў той партызан. Гэтак уважыў старога! Асабліва, калі даў Барсуку даведку, быццам той — сувязны партызанскага атрада асобага назначэньня “Граніт”. Менавіта тая даведка дала яму сілы жыць пасьля страты сям'і. Праўда, неўзабаве ён выйшаў на пэнсію з быткамбінату, дзе рабіў на розных работах, і нават выбіўся ў майстры. Цяпер жа ён дужа перажываў распад СССР. Асабліва як дазнаўся, што Валера вялікі начальнік, робіць не ў Беларусі і наўрад ці прыедзе на рэвалюцыйнае сьвята. I ўсё з прычыны кардонаў, мытняў, разрыву эканамічных сувязяў. Валеру тут яшчэ памяталі з вайны, і найчасьцей успамінаў яго зь цеплынёй у старэчым позірку дзевяностагадовы Барсук. Ужо ён быў упэўнены, што Валера ня здрадзіў вялікай справе Маркса-Энгельса-Леніна. Ды і Сталіна таксама. I Барсук не хацеў здраджваць, бо здрада — заўжды кепска. Як пазванілі з савету вэтэранаў, каб прыйшоў на ўскладаньне кветак да помніка правадыру, ён і прыйшоў. Прынес свой апошні вазончык зь бягонямі, бо трэба ж было ўважыць і правадыра, і змагароў за ягоную справу, і Валеру, і таго сяржанта, якія некалі гэтак уважылі адзінокага, пагарджанага нямога.

Зрэшты, пасьля вайны тая гісторыя з Барсуком стала вядомая многім.