У канцы лета ён ужо прасунуўся з трантамі ў кут амаль ушчыльную. Пра тое, што скончылася лета, ён меркаваў па вопратцы наглядчыкаў, якія апрануліся ў цяплейшае. Часам некаторыя прыходзілі, мусіць, знадворку, ад іх веяла восеньскай сьвежасьцю, з кроплямі дажджу на плячах уніформы. У камэры ж заўжды стаяла аднолькавая тэмпэратура — халаднаватая для лета і цеплаватая для зімы. Ніякага ацяпленьня тут не было.
Яшчэ празь нейкі час ён пратачыў між камянёў вузкую шчыліну, у якую пралазілі чатыры пальцы ягонай рукі. Там сапраўды аказаўся лёх ці, можа, мышыная нара — вузкая і, здаецца, глыбокая. Ён ссыпаў туды ўсе наточаныя за ноч крошкі ад сьцяны, і яны зьніклі там, не пакінуўшы сьледу. Дзірку пад ранак, перад пабудкай, акуратна закладваў каменным аскялёпкам — той добра клаўся на сваё ранейшае месца, і нават зблізку нічога падазронага нельга было заўважыць.
Яшчэ дужа баючыся паверыць у сваю ўдачу, ён усё ж страціў частку свае насьцярогі і ледзьве не загубіў усю справу. Сталася тое празь ягоныя рукі. Неяк прынесшы ежу — міску чачавічнага сёрбава, наглядчык, немалады, з хваравітым тварам мужчына, спыніў позірк на ягоных руках. Ён таксама заўважыў тое, але рук схаваць не пасьпеў — у абедзьвюх была ягоная міска. “Што, будаўнік?” — папытаўся наглядчык і кіўнуў на ягоныя рукі. Будаўнік, — як мага спакайней адказаў ён, хоць у ягонай душы ўсё напялася ад раптоўнага страху: няўжо здагадаўся? Але не, здаецца, не здагадаўся, бо сказаў быццам са спачуваньнем нават: і я рабіў мулярам. Пасьля ўжо, застаўшыся на адзіноце, ён уважліва дасьледаваў свае агрубелыя, у цьвярдых мазалях рукі. Ніколі яны ў яго не былі такія, фізычнай працай на волі ён амаль не займаўся. Будаўніком стаў тут, у гэтай камэры. Толькі не будаваў — бурыў старадаўні каменны мур; мабыць, тое было цяжэй, чым будаваць. Але дзеля волі на што ня пойдеш? Тое можна зразумець, толькі назаўжды страціўшы яе, волю.
Мусіць, было б лепш, калі б ён загінуў, памёр, каб яго пахавалі сябры па барацьбе, і яна, паплакаўшы, пахавала б разам зь ім і сваё да яго каханьне. Так было б лепей, але так ня стала. Сталася горш, і тое душыла сваёй няпэўнасьцю, несканчонасьцю, недагаворанасьцю. У той восенскі вечар яны рассталіся, як меркавалі, на пару гадзін, апоўначы ён абяцаў вярнуцца ў яе сьвяцёлку на паддашшы акрай гарадзкога парку. I яна, памятае, нават не зьбіралася класьціся спаць, сказала: буду чакаць. I не разьвіталася як мае быць, толькі трошкі прыгарнулася да яго і расчыніла палавіну дзьвярэй — ідзі! Ён і пайшоў. Ён сьпяшаўся, бо ісьці было на край гораду, а часу бракавала, і ён спазьняўся. Каб ведаць, куды сьпяшаўся! Думаў, па справе іх сьвятой барацьбы, да сябра, а там чакала яго самая чорная здрада. I ён не пасьпеў падаць каханцы хоць які-небудзь знак, так нечакана абрынулася на яго бяда. I зьнік назаўжды. Можна было падумаць: уцёк. Ад сяброў, ад яе, з гораду наогул. Ды яшчэ падумаць, што здрадзіў. Можа, усё тое зрабілі іхныя ворагі, каб сябры і яна думалі, што ён прадажнік. I цяпер замест каханьня яна яго ненавідзіць. Хіба ж можна кахаць здрайцу? А яшчэ ён не сказаў ёй самага галоўнага слова — усё думаў, зьбіраўся, ды адкладваў. То не было зручнага моманту, то здатнага для таго часу. Думаў: пасьля.
Не, яму вельмі патрэбна апынуцца на волі.
Усе гады, праведзеныя ў адзіночках ды ў агульных камэрах, ён і ня марыў калі-небудзь дачакацца волі. Вядома, можна было чакаць амністыі, часу, калі сканае дыктатар. Але дыктатары ў гэтай краіне паміралі нячаста, бо мелі жалезнае здароўе, як і наогул усе дыктатары. Хутчэй памрэ ён, ягонае здароўе ніколі не было надта моцнае. На волі, праўда, неяк ліпеў, падахвочаны барацьбой за вялікую ідэю. Тут жа ён падупаў і часта кашляў, балела ў грудзях. Але як зьявілася гэтая надзея, ён адчуў сябе лепш, быццам набыў другое дыханьне, і кашляў толькі лежачы на трантах, як калупаўся ў кутку, нават не кашлянуў ні разу. Ня мог таго дазволіць сабе.
Аднойчы глыбокай ноччу, як пратупалі за дзьвярыма і сьціхлі крокі наглядчыка, ён намацаў у нары штось новае. Новы край каменя, ражок, за які можна было ўхапіцца. Пакуль што аднаруч, але, калі яшчэ папацець, дык можна і аберуч. Тое адкрыцьцё яго надта ўзрушыла. Гэта быў плён, новыя магчымасьці, узрастаньне надзеі, набліжэньне жаданай мэты.