– Што гэта за кніжка ў вас?
Фішар, відаць, яшчэ не забыўшыся на нядаўнюю сварку, стрымана бліснуў акулярамі і адхінуў чорную вокладку.
– Біяграфія Чэліні.
– А то хто? – Карпенка кіўнуў на фотаздымак, дзе на чорным фоне стаяў нейкі голы з валасатай галавой чалавек і, пазіраючы ўбок, хмурыў бровы.
– Давід! – тым часам абвясціў Фішар. – Славутая статуя Мікеланджэла. Зразумела?
Але Карпенка не зразумеў нічога. Ён яшчэ зірнуў на здымак, акінуў недаверлівым позіркам Фішара і, абыякавы да кніжкі, ступіў наперад. Трэба было спяшацца, каб завідна выбраць, дзе паставіць сакрэт, і старшына шпаркім крокам рушыў далей. А Фішар заклапочана ўздыхнуў, расшпіліў процівагазную сумку і ў дадатак да кавалка хлеба, старога «Огонька» і патронаў, якімі была напіхана яна, ашчадна засунуў туды і кніжку. Пасля, крыху павесялелы, ужо не адстаючы, ішоў за старшыной.
– Вы што – сапраўды які вучоны? – невядома чаму насцярожыўшыся, ваўкавата запытаў Карпенка.
– Ну, вучоны – можа, празмернае вызначэнне для мяне. Я толькі кандыдат мастацтвазнаўства.
Карпенка трохі памаўчаў, намагаючыся зразумець штосьці, а пасля неяк прыцішана, быццам баючыся выявіць сваю цікаўнасць, запытаў:
– Гэта што? Па карцінках спец, ці як?
– I па карцінах, але я галоўным чынам па скульптуры эпохі Адраджэння. У прыватнасці, спецыялізаваўся па італьянскай скульптуры.
Яны выйшлі на пагорак, з-за якога адкрыліся новыя, ужо азмрочаныя вечарам далі – поле, лагчына з хмызняком, далёкі ельнік, наперадзе ля дарогі – саламяныя стрэхі вёскі. Побач, ля канавы, растросшы на ветры тонкае голле, жалобна шумелі зрудзелым лісцем бярозы. Яны былі тоўстыя і, відаць, дужа старыя, гэтыя спрадвечныя вартавыя шляхоў, – з парэпанай ад старасці, счарнелай карою, густа абсыпаныя цвёрдымі капытамі нарастаў, з пазабіванымі ў бакі чыгуначнымі кастылямі. Пад бярозамі старшына збочыў з дарогі, пераскочыў канаву і, зашастаўшы ботамі па ржышчы, накіраваўся ў поле.
– А што ён, гэты голы, з гіпсу злеплены, ці як? – запытаў ён, уступіўшы сваёй нечаканай цікаўнасці.
Фішар стрымана, аднымі вуснамі паблажліва ўсміхнуўся, як да малога, і вытлумачыў:
– О не. Гэтая пяціметровая фігура Давіда высечана з крыцкага мармуру. Наогул гіпс як матэрыял для манументальнай скульптуры ў старажытнасць і ў часы Рэнесансу амаль не ўжываўся. Гэта ўжо атрыбут новага часу.
Старшына падумаў.
– Кажаш, з мармуру? А чым жа ён такую аграмадзіну высек? Можа, якой машынай?
– Ну што вы?! – здзівіўся Фішар, сігаючы побач з Карпенкам. – Хіба можна машынай? Толькі рукамі, вядома.
– Ого! Гэта ж колькі часу трэба было дзяўбці? – у сваю чаргу здзівіўся старшына.
– Два гады, з памочнікамі, вядома. Трэба сказаць, што ў мастацтве гэта яшчэ не вялікі тэрмін, – памаўчаўшы, дадаў баец. – Рускі мастак Аляксандр Іванаў, напрыклад, працаваў над сваім «Месіяй» амаль 22 гады, француз Энгр пісаў «Крыніцу» 40 год.
– Глядзі ты! Відаць, трудна. А ён хто такі, што зрабіў гэтага Давыда?
– Давіда, – рупна паправіў Фішар. – Ён італьянец, ураджэнец Фларэнцыі.
– Што – мусалінец?
– Ды не. Ён жыў даўно. Гэта славуты мастак Адраджэння. Найвялікшы з вялікіх.
Яны яшчэ прайшлі далей, Фішар ужо трымаўся побач, і Карпенка скоса разы два зірнуў на яго. Худы, з запалымі грудзьмі, у кароткім, падпяразаным пад хлясцік шынялі, з забінтаванай шыяй і зашчаціненым тварам, баец меў вельмі ніякаваты выгляд. Адны толькі чорныя вочы пад тоўстымі шкельцамі акуляраў цяпер неяк ажылі і свяціліся адбіткам далёкай стрыманай думкі. Старшына падзівіўся тайком з таго, што вось за гэткім несамавітым выглядам хаваецца адукаваны і, здаецца, неблагі чалавек. Праўда, Карпенка быў упэўнены, што ў ваеннай справе Фішар не многа варты, але ў глыбіні старшыновай душы нешта ўжо расслабла і падабрэла да гэтага байца.
Праз сотню крокаў ад дарогі Карпенка спыніўся на ржышчы, паглядзеў у бок вёскі, азірнуўся назад. Пераезд у нізіне ўжо ледзьве шарэў у вячэрнім паўзмроку, але адгэтуль яшчэ быў відзён, і старшына падумаў, што месца для сакрэту тут будзе здатнае. Ён прытупнуў абцасам аб мяккую зямлю і, пераходзячы на звычайны свой камандзірскі тон, загадаў: