– Дзядзечка Супрон, далібог, незнарок. Замахнуўся, а яна неяк каўзнулася аб камень і адляцела.
– Лайдак пракляты, гультаіна пархатая, – крычаў бацька, трасучы густой зляжалай барадой. – Такую касу спляжыў! Нябось чужое? Га? Каб сваю, то інакш бы глядзеў, басота! Ых ты!
Ён кінуў касу, аберуч схапіў касільна, замахнуўся і, крычучы і ўсё болей звярэючы, пачаў ім біць хлопца па галаве, руках, якія ўзняў той, каб засланіцца.
Іван адчуў, як самлелі ад страху, а болей ад узрушлівай непрыемнасці яго ногі, хлопец баяўся і хацеў закрычаць на бацьку, каб спыніць яго шаленства, яму шкада было ціхага, нядужага дзецюка, аматара рыбнай лоўлі, зайздроснага знаўцу ўсіх навакольных лясных спраў. Але Іван не закрычаў, а памалу ішоў да іх, хоць яму хацелася ўцячы адсюль, каб не бачыць і не чуць нічога.
За зламаную касу Яшка працаваў у іх лішні тыдзень – стагаваў, сушыў, звозіў сена, затым яшчэ памагаў у жніво. Іван да яго ставіўся добразычліва, пасля таго выпадку на сенажаці ён маўкліва адчуваў і сваю вінаватасць, і таемную невыразную крыўду. Яны пасябравалі, хадзілі разам купацца, ставілі на кратоў пасткі і ніколі не гаварылі пра бацьку. Іван ведаў, што Яшка ненавідзіць гаспадара, гэтая яго непрыязнасць неўзаметку перадалася і маладому Пшанічнаму, ён адчуваў, што бацька – сквапны, злы, несправядлівы чалавек, што гэта нядобра.
Мінула некалькі год. Іван улёг у сялянскую працу і, наперакор сабе, ва ўсім цягнуўся за бацькам, які бязлітасна школіў сына ў няхітрай земляробчай навуцы, што спасціг на практыцы сам. Яшка неўзабаве пайшоў на службу ў Чырвоную Армію, адслужыў там два гады і вярнуўся ў вёску інакшым – пасталелым і паразумнелым чалавекам. Праз нейкі час ён стаў завадатарам усіх маладзёжных спраў у вёсцы, пачаўшы гэтую сваю дзейнасць з гуртка ваяўнічых бязбожнікаў.
Іван наогул стараніўся вясковых хлопцаў, у вёску хадзіў калі ў святы на вечарынкі, а так жыў дзікавата – сваім хутарам, гаспадаркай, пад штодзённым бацькоўскім наглядам. Але ўзаемная прывязанасць маладога Пшанічнага і былога парабка Яшкі, відаць, захавалася ў сэрцах абодвух, і вось аднойчы ў познюю восень, сустрэўшыся на вясковым выгане, Якаў запрасіў прыходзіць увечары, паглядзець на рэпетыцыі бязбожнай п’есы. Іван не падумаў тады, як да таго паставіцца бацька, згадзіўся, увечары намазаў дзёгцем юхтовыя боты, апрануў паддзёўку і пайшоў. Там яму спадабалася, хоць ён сам не ўдзельнічаў у п’есе, але затое паглядзець на іншых было цікава. Пасля ён зачасціў у тую пахілую ўдовіну хаціну, бліжэй сышоўся з хлопцамі і дзяўчатамі, яго не крыўдзілі, хоць часам нязлосна кпілі і жартам абзывалі маладым падкулачнікам.
I вось аб гэтым неяк даведаўся бацька і аднойчы ўранку, заходзячыся ад злосці, накрычаў на Івана, выцяў аброццю маці, калі тая заступілася за яго, і пагразіў выгнаць з хаты бязбожніка-сына, які ганьбіў на старасці бацькаву годнасць. Івану было вельмі крыўдна, але даўняя закаранелая прывычка ва ўсім падпарадкоўвацца бацькавай волі ўзяла сваё, і ён перастаў наведваць Яшку. Якаў гэта заўважыў, і аднойчы, разам вяртаючыся з млына, яны шчыра разгаварыліся.
Гаварыў, праўда, Яшка, Іван слухаў, бо па натуры быў маўклівы, але не згадзіцца з хлопцам не мог. А Якаў расказваў пра класавую барацьбу, пра крушэнне прыватнаўласніцкіх звычаяў, пра тое, што стары Пшанічны – вясковы міраед, што ён змардаваў яго, Іванаву, маці, бы батрака заездзіў самога Івана, што ён гатовы задушыцца ад сквапнасці.
«Слухай, як ты жывеш з ім? Я ўцёк бы ад такога злыдня. Хіба ён бацька табе?»
Івану было вельмі кепска. Яны ішлі тады па ціхай пясчанай дарозе за гружанымі вазамі, і ў яго вачах, наганяючы неадольную млосць, мільгалі і мільгалі колы. Ён верыў Яшку і разумеў, што лепей было б яму парваць з бацькам, пайсці на свой хлеб, як-небудзь пражыў бы, але на гэта не хапала адвагі. Так, як след не самкнуўшыся, назаўжды разышоўся яго шлях з грамадой, з тымі, якія б далі яму веру ў жыццё, уласную годнасць і, можа, засцераглі б душу ад нясцерпных пакут адзіноцтва.
Далей, праз які год ці два, бацьку раскулачылі – забралі ў сельсавет увесь іхні набытак, апісалі будынкі, а самога з маткай саслалі. Іван тую зіму жыў у мястэчку ў дзядзькі і вучыўся ў сямігодцы. Дзядзька быў неблагі чалавек, майстравіты на ўсе рукі, з пляменнікам ён абыходзіўся нараўне са сваімі трыма дочкамі і нічым не дакараў яго. Але па няўлоўных прыкметах і дробязях юнак згадваў, што ён усё ж тут лішні, што ён чужы, і ад таго Івану не было радасці. Вучыўся ён не блага, разумеў і любіў матэматыку і пасля сямігодкі падаў дакументы ў настаўніцкі тэхнікум. Ён чакаў экзаменаў, чакаў і марыў, бачыў у сваім студэнцтве адзіны шчаслівы выхад з таго ліха, у якое яго загнала жыццё. Але на экзамены яго не выклікалі, дакументы неўзабаве вярнулі, і ў казённай паперы холадна тлумачылася, што прыняць яго ў тэхнікум нельга, бо ён – сын кулака.