К ночы вецер памалу сціхаў, але затое аднекуль з шумлівай цемрадзі пачаў накрапваць дождж. Адразу намоклі аблавухія пілоткі на галовах байцоў, пакрысе набрыньвалі вільгаццю і цяжэлі каляныя шынялі. Свежа раскапаная зямля хутка бралася граззю і наліпала да чаравікаў.
Поўныя маўклівай невясёласці, байцы зноў уляглі ў працу. Болей вобмацкам, чым што-небудзь бачачы, яны скраблі ў цемры лапаткамі – капалі траншэю, каб злучыць ёю ўсе стралковыя ячэйкі. Тая трывога, што нечакана ўзгарэлася ў іх ад нядаўняй перастрэлкі ў тыле, спакваля сціхала, наткнуўшыся на суровую непахіснасць старшыновай упэўненасці ў сваю сілу і ўдачу. Карпенка, здаецца, быў спакойны, ранейшы, хіба толькі меней пакрыкваў на людзей і трохі прымоўкуначы. Але іншыя таксама працавалі моўчкі, болей слухалі – ці мала чаго магла прынесці гэтая франтавая непагодная ноч?
Напрацаваўшыся і аддаўшы лапатку Аўсееву, старшына прысеў на бруствер і сцішыўся. Чым болей мінала часу з моманту іхняй ростані са сваім батальёнам, тым усё шчыльней агарталі яго клопаты-думкі. За дзень яны адарваліся ад ворага, знясілены бамбёжкамі полк спяшаўся адступіць за лес, акапацца, наладзіць абарону і як-небудзь утрымацца на лясным рубяжы. Дарогу – подступ да гэтай абароны – камбат загадаў абараняць суткі. Ноч стаіць вось ціхая, а хто ведае, які будзе заўтрашні дзень? Ці немцы пойдуць дзе іншым шляхам, ці наваляцца на гэтую дарогу, і тады, вядома, ім, шасцярым, прыйдзецца сербануць гора. Гэтая думка ўвесь час грызла старшынова нутро, пакуль ён памагаў Аўсееву капаць ці сядзеў, услухоўваючыся ў гукі ночы. З выгляду спакойны і заўжды ўпэўнены ў сваіх учынках, Карпенка на самай справе быў не такі. Але за працяглы час камандзірства ён засвоіў сабе правіла: усё няпэўнае хаваць у сабе, а напаказ выстаўляць толькі скамянелую ўпэўненасць і непахісную цвёрдасць волі. «Твая праўда ці не, а сказаў – трымай сваё», – так некалі вучыў яго старшына звыштэрміновай службы Бровараў, і Карпенка на ўсё жыццё запомніў мудрыя словы старога служакі.
Дождж усё капаў і капаў рэдкімі дробнымі кроплямі, ад якіх макрэў твар, і па скронях, сцякаючы да шыі, непрыемна каціліся халодныя струмені. Старшына ўстаў з бруствера і агледзеўся, дбаючы пра асцярогу, забывацца аб якой ім тут не выпадала. Усе капалі. Побач Свіст і Аўсееў, з таго боку старожкі – чутна было – варушыўся Глечык, а так з усіх бакоў абкладвалі зямлю глухая ноч, непагадзь, халадэча і цьмяная, як даўні забыты клопат, неўразумелая трывога.
Нічога не ўчуўшы, Карпенка ўзяў з бруствера свой мокры «ручнік» і, каб засцерагчы яго ад дажджу, паставіў пад сцяну старожкі. Пасля ён туды ж перанёс дзве скрынкі патронаў і спыніўся ля гразкай зямлі над траншэяй, дзе, сапучы і пакрэктваючы, варушыўся Аўсееў. Баец пачуў старшыну і, не разгінаючыся і ўсё дзеўбучы лапаткай, паскардзіўся:
– Сізіфава праца – дзяўбеш, дзяўбеш і ніякага следу.
– Дрэнна дзяўбеш, значыць, – думаючы аб іншым, сказаў Карпенка.
Аўсееў кінуў у цёмную яму лапатку і выпрастаўся.
– А наогул на якога д’ябла ўсё гэта? Полк адышоў, а намі прыкрыўся? Як гэта называецца?
Ён быў змораны, цяжка дыхаў і гаварыў з даўно набалелай злосцю.
– Гэта называецца: выставіць заслон, – спакойна адказаў старшына.
– Ага, заслон? А чым канчаецца такі заслон, табе, камандзір, вядома?
– На што ты намякаеш? Га? – зазлаваў Карпенка.
Аўсееў заварушыўся ў траншэі, шпурнуў у цемру груду і сказаў тонам, які гаварыў: дарэмна спрачацца аб тым, што і так зразумела:
– Што намякаць! Ты і сам ведаеш: смертнікі мы, вось хто!
– Ведаеш што, Аўсееў? – памаўчаўшы, зацята сказаў старшына. – Ты думай, што хочаш, але балбатаць не смей! Чуеш?
Ён не хацеў болей размаўляць з гэтым байцом, які дужа хутка здагадваўся аб усім, чаго лепей было б не ведаць яму, і пайшоў прэч. Боты коўзаліся па размоклых камяках зямлі, зморанае цела вярэдзілі зябкія дрыжыкі. У чорным наваколлі спорна шумеў дождж, бубніў на даху старожкі аб нейкі кавалак бляхі.
Старшыне было непрыемна, што яго затоеныя ад самога сябе здагадкі і падазрэнні так лёгка разгадаў гэты хітраваты, башкавіты баец. За колькі дзён службы з ім Карпенка так і не ведаў, які на самай справе гэты Аўсееў і як яму, камандзіру, ставіцца да яго. Было б гэта ў мірны час, дык, бадай, з Аўсеева выйшаў бы неблагі баец – такі на палітзанятках атрымліваў бы адны пяцёркі, лепей за многіх упраўляўся б з фізо, ды і наконт іншых навук таксама шмат каму давялося б пазайздросціць яму. Але цяпер, у ліхі час вайны, Аўсееў сваёй хітрасцю, празмернай здагадлівасцю і кемнасцю наконт розных ходаў-выхадаў не падабаўся старшыне. Праўда, прамых прычын для абурэння яшчэ не было, і таму не было цвёрдай упэўненасці ў справядлівасці свайго пачуцця.