Яму ніхто не азваўся – ні запярэчыў, ні падтрымаў тых невясёлых думак, толькі Глечык уздыхнуў у цішыні ды Пшанічны гучна высмаркаўся.
– Аўсееў, – глухаватым, але рашучым голасам пасля паўзы сказаў Карпенка, – бяры вінтоўку – і на варту.
Аўсееў крута павярнуўся на падлозе.
– А чаго я? Што я, горшы за ўсіх?
– Без размоў.
– Давай, давай, паніч, – загаварыў Свіст. – Не бойся, кашы не празяваеш. Пакінем, клянуся салёным агурком з хвастом асяледца.
Аўсееў пасядзеў яшчэ, пасля нетаропка зашпіліўся і неахвотна выйшаў, мацней чым трэба прыстукнуўшы дзвярыма.
Каша выдалася надзіва смачная. Свіст неўзаметку паклаў на спод кацялка выцягнутае ў Пшанічнага сала, ад чаго ўсё гэта несалёнае месіва атрымалася вельмі тлустае і наварыстае. Елі ўсе разам, з адной пасудзіны, згодна шкрэбаючы драўлянымі і алюмініевымі лыжкамі, а Свіст – нават трафейным відэльцам на тронку лыжкі. Калі ўжо на сподзе засталося нямнога, Карпенка аблізаў лыжку і сказаў:
– Годзе. Рэшта Аўсееву і Фішару...
– Ну, братка Мурло, як кашка? – хітравата спытаў Свіст.
– А нішто. З галадухі сама ў роце растае, – задаволена сказаў Пшанічны. На яго мардаты, з тлустымі вуснамі твар лягла ленаватая сытасць.
– За гэта дзякуй самому сабе. Добрае ў цябе было сальца.
Пшанічны здзіўлена залыпаў вачыма, здагадаўся і адразу ўхапіўся за торбу.
– Зладзюга ты, Свіст, вось хто, – злосна кінуў ён з цемры, мацаючы свой напакаваны мяшок. – За такія ўчынкі табе трэба морду біць, блатняга.
– Для твайго ж бруха, дзівак, – жартаваў Свіст. – А то кокнулі б цябе заўтра, галоднага, і які-небудзь Ганс пакроіў бы тваё сала тоненькімі скрылікамі на свой бутэрброд. А так вось і жысць павесялела, бы сто грамаў прапусціў.
Пшанічны яшчэ бурчаў нешта ў сваім куце, а размораны сытасцю Свіст соладка разлёгся на падлозе, раскінуўшы крываватыя ногі.
– Ну вось і цудоўна, – казаў ён, пагладжваючы свій жывот. – Даўно такой асалоды не меў. Хіба тады, як з лагера выйшаў, от.
– Слухай, Свіст, а завошта ты ў лагер трапіў? – спытаў Карпенка, скручваючы цыгарку.
Ён зноў размясціўся на тапчане, таксама падабрэў ад цяпла і ежы і стаў па-хатняму просты, свойскі, прыязны – такі, як і ўсе.
– Ат, доўгая гісторыя. Гісторыя з геаграфіяй. Была справа, ага.
– Можа, нізавошта?
– Не скажу, – адразу пасур’ёзнеўшы і нешта ўспамінаючы, сказаў Свіст. – Было за што. Маглі б і болей прыпаяць, адбрыкаўся двума гадамі. Магу расказаць, калі цікавіць.
Ён памаўчаў, пазіраючы ў задымленую столь, услухаўся ў гукі непагоды знадворку, пасля ўздыхнуў і пашураваў у грубцы. Там нешта стрэльнула ў прыску, ярчэй загарэліся дровы, асвяціўшы насупленага ў куце Пшанічнага, цікаўны кірпаты твар Глечыка і задуменныя твары астатніх байцоў.
– Дурны я чалавек... вось. Шалёны, безгаловы... – казаў Свіст. – Наогул абармот. Толькі цяпер зразумеў гэта. Як кажуць, не вошы мяне заелі, а маладосць загубіла. Жыў у Саратаве, на Манастырцы. Любата гарадок, скажу вам, першы сорт – Саратаў... так... – Ён памаўчаў, летуценна прыпамінаючы штось і ўсё пазіраючы ў грубку– Чатыры гады ўжо як не быў, душа занылася. Так... Дык вось, вучыўся троху. Вучыцца не любіў. Ды і з дысцыплінай не ладзілася. Матка, бывала, ходзіць, ходзіць у школу па выкліках, лупіць мяне, а толку мала... А наогул мала біла. Трэба было б болей, тады, можа, і чалавек выйшаў бы, а так – аскалёпак.
Падрос крыху, зашыўся ў кампанію – дружкі-мілушкі, ярына зялёная. А ўсё ж ладны быў час. Раздолле, асабліва ўлетку. Маці на працы (на падшыпнікавым заводзе рабіла), а я – бы ў раі. Па могілках у вайну гуляем – дарэчы, там у нас Чарнышэўскі, пісьменнік, пахаваны, – дзелавіта паведаміў Свіст, паварочваючыся да Карпенкі. – Такі помнік вялізны, як будан, стаіць. Дык вось – на могілках, на Лысай гары, у сасняку, а калі вырвемся і на Волгу. От, браце, шчасце, ярына зялёная, сто чарцей і бочка рому. Ніхто там не бачыў Волгі? Не? О, гэта ёсць на што паглядзець. Шыр, прастор, вада, сонца, неба і, каб вы ведалі, райскі куток – Зялёны востраў насярэдзіне. Схопім чыю лодку, перабяромся туды і – забаў на два дні. Маці шукае – і ў міліцыі, і ў калоніі, і ў турме, а мы на востраве кінжалы выстружам і разбойнікаў строім.
Пасля пайшоў працаваць. – Віцька ўздыхнуў, запхнуў у грубку канец нейкай дошкі, заклапочана пашураваў там шчэпкай. – Спачатку Рыгор Сымонавіч, сусед наш, мяне да такарнай справы прыладзіў. Працаваў на тым жа падшыпнікавым, утулкі рабіў. Спярша нішто, а пасля абрыдлі – гарчэй за рэдзьку. Уранку – утулкі, увечары – утулкі, учора – утулкі і заўтра – утулкі, зімой і летам – адны ўтулкі. Ужо гэтыя кольцы ды дзіркі сніцца ўначы пачалі – атрута! З нуды да гарэлкі прыладзіўся. Выпіваў. Неяк у піўной пазнаёміўся з адным чалавекам – Фраловым звалі, каб яму дышла ў пуза! Так лоўка да мяне пад’ехаў, і так і сяк, гляджу – мілы чалавек. I грошай не шкадуе. Пілі. Спрытна ён мне жытуху атруціў, і не прыкмеціў, як ачмурыў дурня. Ты, кажа, свой хлопец, нашто табе мазоль натруджваць? Хочаш уладжу, работка – лахва. I што ж? Уладзіў прадаўцом у хлебны магазін. Працую месяц, другі. Не скажу, каб вельмі падабалася. Праўда, наеты (а тады галаднавата было на Волзе), а так амаль як і на падшыпнікавым – нудная праца, знай, рэж кілаграмы. Пяць тон сёння, пяць тон заўтра. Не глядзі, што хлеб, а нарэжашся за дзень, дык горш, чым на заводзе, зняможаш.