– Паглядзеў я на людзей і там, і тут, смерці нагледзеўся і думаю: эх, чалавек, чалавек, не ведаеш ты, што табе трэба. Вымуштроўваеш ты, як малое распешчанае дзіця, пакуль табе гарачы певень у зад не дзюбне. А дзюбне, тады ўраз розум дойме. Тады ты ўцяміш, як жыць трэба. Гэта я з самога сябе даўмеўся, вот, ярына зялёная.
– Яно так, – азваўся Карпенка, выцягваючы на тапчане ногі. – Але хай яна згарыць, вайна гэтая. Колькі ліха, колькі гора! Мне дык яна ўсё жыццё парушыла. Толькі на ногі ўзняўся, на сваю каляю ўзбіўся, а тут трах-трах – павяло...
– Гэта праўда, – згадзіўся Свіст. – I калі ўжо мы яго здужаем, гада? Прэ і прэ, паразіт!
– Нічога, здужаем. Да Масквы ўжо не пусцім. Гэта пэўна.
Аўсееў, грэючы мокрыя пальцы, непрыязна бліснуў на старшыну чорнымі сцюдзёнымі вачыма, у якіх былі здзек і пагарда.
– Ага. Можна падумаць, што Масква за Уралам.
– За Уралам не за Уралам, а Маскву не аддамо.
– Гэта мы ўжо чулі, – чмыхнуў Аўсееў. – А тры месяцы адступаем...
– Глупства, – жыва азваўся Свіст. – Кутузаў таксама адступаў. Тут, брат, план, можа, такі, як з французам. А што? Заманіць глыбей у лясы, балоты, акружыць і кокнуць к чортавай матары, каб ніводнага не засталося.
Карпенка курыў, пускаў у столь шырокія струмені дыму і нешта думаў. Аўсееў, нагрэўшыся, узяўся даядаць кашу, Віцька зграбаў ля печкі апошняе паліва, а Глечык, поўны ўвагі на круглявым хлапечым твары, абапёрся на руку і слухаў. Дровы ў грубцы дагаралі, зіхацела жарам куча вуголля, змрок затульваў постаці людзей, невыразна свяціліся толькі твары, рукі.
– Ах, гады, гады! Што зрабілі з Расіяй, – казаў Свіст, падбіраючы ў цемры рэшткі паліва. – Ну чакай, дабяромся – нікому літасці не будзе.
– Нашто так, – падумаўшы, заўважыў Карпенка. – Усіх не трэба пароўну мераць. Ёсць і ў немцаў людзі. Падпольшчыкі. Відаць жа, яны сваю справу робяць.
– Што, можа, пралетарскую рэвалюцыю рыхтуюць? – нявесела ўсміхнуўся Аўсееў. – Я чуў, адзін палітрук пра рэвалюцыю ў Германіі агітацыю разводзіў. Кажа, хутка нямецкі пралетарыят падымецца супраць Гітлера.
– А што? Можа, і падымецца. Што ты думаеш? Мы не ведаем, а там, мажліва, справа ідзе. Не можа ж быць, каб усе рабочыя там – за Гітлера.
– Ага, чакай, – буркнуў Аўсееў.
– Эх ты, разумнік, – зазлаваў Карпенка. – Нешта ты дужа знайка вялікі, гляджу. Усё ты знаеш, усё разумееш.
– I разумею, а што ж!
– Разумееш! Вось я пагляджу заўтра, які ты будзеш разумны.
Аўсееў змоўчаў. Стала ціха. Глечык насупіўся, Свіст разважна казаў:
– Гэта нічога, нічога. Хай! Пэўна што ліха, але няма ліха без дабра, а дабра без ліха. Перамучымся, але бяда жыць навучыць.
Заскрыпеўшы тапчаном, Карпенка павярнуўся на другі бок і заціх. Седзячы, прытуліўся да цёплай печкі прамоклы Аўсееў, на падлозе з галавой ухутаўся шынялём Свіст. Глечык падсунуўся бліжэй да грубкі і, ашчаперыўшы калені, маркотна глядзеў на рэшткі агню.
Калі зусім дагарэлі дровы, яшчэ доўга яркай чырванню зіхацела вуголле, па ім дзе-нідзе прабягалі сінявата-празрыстыя агеньчыкі, але іх усё менела, і з імі ўсё гусцеў змрок у гэтай хаціне. Пасля на вуголлі пачала ўвачавідкі расці тоненькая смуга попелу, яна варушылася, гайдалася, усё шырэй распаўзалася ў грубцы. I ад гэтага затухання ці ад чаго іншага ўсё жаласней сціскалася ў грудзях Глечыкава сэрца, поўнае даўніх, балючых турбот.
За гэтую страшную пару нязмерных людскіх пакут Глечык ужо парадкам агрубеў нутром і перастаў заўважаць дробныя нягоды жыцця. Не вельмі дапякалі хлопцу маршы і акопы, сцюжа, голад, прызвычаіўся ён да патрабавальнасці камандзіраў, і толькі адно вялікае перажыванне, ніколі не сціхаючы, дзень і ноч тачыла яго душу.
Ён быў нясмелы і маўклівы хлопец, зважлівы да старэйшых і байчэйшых за яго, ніколі нікому не адкрываў сваіх пакут, усё слухаў другіх, думаючы, што ягонае гора – не гора. Праўда, ад таго не было лягчэй, і ўсё чарнела ўнутры ад непазбыўнага болю мінулага...
Эх, каб можна было спыніць час, перайначыць жыццё спачатку, «сабраць з дарог каменні тыя, што губяць сілы маладыя»! Не зрабіў бы, можа, і Глечык тае крыўды роднаму, найбліжэйшаму чалавеку – маці, крыўды, ад якой цяпер так балюча і трывожна ў яго душы.
Ціхае і прыгожае было маленства Васількі Глечыка. Цагельны завод на краі пасёлка, агромністыя старыя кар’еры з шырокімі лужынамі жоўтай вады, доўгія сушыльныя павеці і мноства цэглы – сырой, падсохлай і абпаленай. На сырой можна было напісаць сваё прозвішча, намаляваць зорку, абпал чырванеў, як медзь, быў жорсткі і звонкі. У кар’ерах пасялковыя падшывальцы лавілі ўлетку палонікаў, дурэлі, купаліся, прападалі ля вады з ранку да вечара, пакуль на абрыве не з’яўляўся Васеў бацька і не гнаў іх дадому.