Ён гадаваўся ў Ленінградзе. У яго бацькі, старога доктара Фішара, была каштоўная бібліятэчка манаграфій пра вялікіх мастакоў свету, і першыя малюнкі, якія захапілі хлопчыка, былі рэпрадукцыі з альбомаў жывапісу і скульптуры. Барыс рос ціхім, не па гадах сур’ёзным хлопчыкам, неахвотна і рэдка спускаўся ў цесны захламлены двор, у якім заўжды было сцюдзёна і сыра, і часта падоўгу разглядаў малюнкі ў бацькавых кніжках.
Пасля ён сам з трапяткой нецярплівасцю ў сэрцы ўзяўся за пэндзаль і фарбы, маляваў тое, што бачыў з акна кватэры – дамы, вуліцы, коней, сабак. Людзі хвалілі, а хлопчыку хацелася плакаць ад прыкрасці, што ўсё так прыгожа было ва ўяўленні і дрэнна выходзіла на паперы. Наперакор людскім перакананням аб яго здольнасцях Барыс ведаў, што мастака з яго не выйдзе ніколі. Але канчаткова ўпэўніўся ў гэтым ён, відаць, позна, тады, калі ўжо ўся шчырая душа яго была без рэшты захоплена вялікай сілай мастацтва і хлопец ужо не мог існаваць без яго. Незразумелым болем замілавання душылі яго слёзы перад босымі нагамі «Блуднага сына», немы крык гневу і жаху заўжды рваўся з горла перад катастрофай Пампеі, хлопцу хацелася маліцца на «Джаконду», бясконца разглядваць незвычайныя твары, позы, адзенне славутай іванаўскай «Месіі», буйная сарамяжная радасць жыцця ахоплівала яго ля палотнаў Рубенса.
I ён, не стаўшы мастаком, усё ж звязаў сваё жыццё з мастацтвам. Падросшы, вучыўся, чытаў, думаў, даследаваў сам і ў дваццаць пяць год абараніў дысертацыю на званне кандыдата мастацтвазнаўства. Бліжэй за ўсіх у гэтую пару яму стаў Іванаў з яго бескарыснай самаадданай душой, згарэўшай у шматгадовых пошуках вышэйшага сэнсу жыцця, з яго фанатычнай прыхільнасцю да мудрасці і праўды. Фішар схіляўся перад яго «Месіяй», любаваўся паветранай тонкасцю яго італьянскіх пейзажаў, але асабліва захапілі яго біблейскія эскізы мастака. Ён знайшоў у іх куды болей, чым спадзяваўся, – Іванава, цудоўнага майстра-графіка, і Іванава-філосафа, нястомнага шукальніка вечнага. Яго «Вірсавія» здавалася Фішару нечуваным гімнам жыццю, зенітам акварэльнага майстэрства – шэдэўрам генія, які стварае, не падазраючы пра веліч свайго тварэння.
Мастацтва здаўна і назаўжды зачаравала яго істоту, напоўніла дух неспатольнай прагай цудоўнага. Пасля дысертацыі ён шэраг год даследаваў італьянскае Адраджэнне, напісаў манаграфію пра Мікеланджэла. Бязмерная веліч захапляючага і высокага адкрывалася яму ў кожным з вялікіх дзеячаў мінулага, і ён шкадаваў вельмі, што так хутка ішоў час і так коратка жыццё чалавека. Ён не дужа цікавіўся палітыкай, тым неспакойным, шматтурботным жыццём, што бурліла, плыло, абганяла яго. Вучонага мала краналі планы і падзеі надзённасці – змалку ён адасобіўся ад усяго, што не складала чароўнай прывабы мастацтва. З гэтай, відаць, прычыны ён не разумеў і не дужа цікавіўся братам – інжынерам-канструктарам самалётаў. З юнацтва яшчэ яны ўзаемна аддаліліся, сустракаліся рэдка і па духу былі адзін аднаму чужыя. Апошні раз яны з’ехаліся гады два назад на пахаванне бацькі і тады ж пару дзён правялі разам.
Брат быў зусім не такога, як ён, характару. Энергічны, жвавы, учэпістага, вёрткага розуму, ён ва ўсякай справе адчуваў сябе звыкла і ўсё разумеў з ходу. Тады яны збіраліся ўжо расстацца і ў апошні той вечар паціху ішлі па праспекце. Было парна і душна, з Фантанкі прыемна патыхала прахалодай, адна за адной на яе сярэдзіне выслізнулі з-пад Анічкава моста тры байдаркі. Браты спыніліся ля трэцяй статуі клодтаўскага ўтаймавання і лена пазіралі на згодныя рыўкі грабцоў.
– Вось так і ў нас з немцамі, – працягваў ранейшую раз-мову брат. – Быццам і згода, і дружба, і мір, а на самай справе...
Ён не скончыў, змаўчаў, глядзеў у рачную каламуць, а Барыс, думаючы аб тым, не мог зразумець, што азначала гэтае «на самай справе». Яму здавалася, што брат утрыруе, бо даўняя варожасць з Германіяй уладжана, дагавор заключаны, газеты друкуюць германскую інфармацыю аб вайне на Захадзе, ваўсю развіваецца гандаль. Чаму ж тады гэтае «на самай справе»?
Ён сказаў аб тым брату, а той толькі ўсміхнуўся, зацягнуўшыся папяросай. Пасля, памаўчаўшы, ён растлумачыў:
– Адстаў ты, Барыс, ад часу. Занафталініўся ў старажытнасці. Вядома, твая справа, але ў наш час гэта нават дзіўна. Свет коціцца к вялікай вайне, зразумей, брат.
Ён тады не паверыў, а яна неўзабаве накацілася, гэтая страшная вялікая вайна. Усчалася нечакана, неспадзявана, знянацку – Фішар прыпыніў на 48-й старонцы новую сваю манаграфію і ўжо болей не ўзяўся за яе.