Свіст па-ранейшаму не мог зладзіць са сваім ажыўленнем. Ніколькі не асцерагаючыся, ён вылез з гразкай траншэі і ў незашпіленым шынялі з настаўленым каўняром рассеўся на тыльным брустверы. Праўда, асцерагацца, можа, і не трэба было, бо дарога і поле наперадзе скрозь пуставалі. Транспарцёр яшчэ дыміў, але ўжо дагарэў, выставіўшы ветру закураны жалезны бок. Там жа стаялі пакінутыя пабітыя матацыклы, і Свіст, усё пазіраючы туды, не вытрымаў.
– Камандзір, – гукнуў ён Карпенку, які лапаткай выкідваў гразь з ячэйкі, – давай туды збегаю на хвіліну.
Карпенка выпрастаўся, паглядзеў у поле, паморшчыўся: відаць было, што ён не ўхваляе гэтай задумы, хоць і не хоча адмовіць Свісту.
– Га, камандзір? – пытаўся бранябойшчык. – Можа, з яды што прыдбаем. А то ўжо пуставата, турэцкі бог, ярына зялёная.
Карпенка яшчэ агледзеўся і нехаця дазволіў:
– Ну ідзі, толькі глядзі, каб дзе ранены не падстрэліў.
– О, мы яго хутка прыкокнем, – узрадаваўся бранябойшчык і пераскочыў траншэю. – Аўсееў, гайда са мной.
– Не, лепш ідзі сам.
– Эх ты, баягуз! – пагардліва кінуў Свіст і гукнуў Глечыку: – Пайшлі, салажонак, трафеі збіраць.
Глечык збянтэжыўся, не ведаючы, што рабіць, – хацелася паглядзець і было боязна вылазіць з траншэі на паверхню, дзе нядаўна лютавала смерць. Але адмовіцца ён усё ж не здолеў, тым больш што Свіст ужо пагардліва кінуў:
– Чаго трусіш? Пайшлі.
Тады ён узяў вінтоўку і вылез у вольны, вельмі прасторны і боязны свет. Яны перайшлі чыгунку і выправіліся па дарозе ў лагчыну.
Глечык даволі ніякавата адчуваў сябе тут, у гэтай прасторы, усё карцела адстаць ад Свіста, прыхавацца за яго спіну, думалася, што вось-вось ад тых варожых машын загрукаціць чарга і смерць-боль праніжа яго цела. Аднак там пакуль што не бачна было нікога, і хлопец стрымліваў, перамагаў свій страх і ішоў поплеч з таварышам. Так яны перайшлі масток і набліжаліся к пабоішчу, ніхто не страляў у іх, і Глечык паспакайнеў. Свіст жа досыць рашуча, з гранатай за дзягай, на якой блішчала вялікая флоцкая спражка, падышоў да транспарцёра, што стаяў на дарозе, абышоў яго, зазірнуў у адчыненыя ззаду дзверы. Жывога тут не відаць было нікога, воддаль на гразі ляжаў ніцма забіты немец, ля яго ў канаве другі, смярдзела паленай гумай, смылелым рыззём і фарбай. Не бачачы небяспекі, Глечык таксама падышоў да машыны.
Зірнуўшы туды-сюды, Свіст ухапіўся за дзверцы і скочыў у нутро транспарцёра. Глечык з нарыхтаванай вінтоўкай зазірнуў следам і аж адскочыў са страху. На чорным цыратавым сядзенні, адкінуўшы голаў і звесіўшы на дно нерухомую руку, ляжаў забіты гітлеравец. Пасля, трохі асмялеўшы, хлопец цікаўна і палахліва ўгледзеўся ў яго бяскроўны белабрысы твар, ён хацеў убачыць у ім які выраз, якую рысу – разгадку той ваяўнічай сквапнасці, што несла ў Расію шматмільённая армія гэтых чужынцаў. Але твар немца быў звычайны, хударлявы, парадкам няголены, і ні следу болю, ні чаго іншага з былога пачуцця ўжо не было ў ім. Свіст жа, безуважны да забітага, бесцырымонна пераступіў яго і, лязгаючы нейкім жалеззем, пачаў корпацца ў чэраве машыны.
– Эй, Глечык, трымай!
Ён падаў у дзверы новенькі і нічуць не абгарэлы зграбны варанёны кулямёт. Глечык узяў яго, а Свіст яшчэ пакапаўся нешта і саскочыў з бярэмкам набітых патронамі стужак. Іх ён таксама аддаў хлопцу, а сам падхапіў на дарозе пакінуты аўтамат, нагой перавярнуў на спіну яго забітага гаспадара і гідліва плюнуў. Глечык увесь час адчуваў сябе ніякавата і боязна. Забітыя былі зусім як жывыя: у шынялях, рамянях, з круглымі бляшанкамі процівагазаў, толькі не рухаліся, але, здавалася, у кожнае імгненне яны могуць ускочыць з долу і кінуцца на іх. А Свіст гэтым часам, не звяртаючы на мерцвякоў асаблівай увагі, агледзеў матацыкл, абышоў другі транспарцёр, той, што засеў у канаве, і цераз борт таксама пералез у яго кузаў.
– Халера, няма нічога, – з прыкрасцю сказаў ён адтуль. – Пагарэў увесь харч, ярына зялёная.
Глечык дык аж узрадаваўся, што яды не знайшлося (якая там яда сярод гэтай гідоты). Доўга тут расходжвацца яны не сталі і неўзабаве падаліся назад.
Хлопец валок кулямёт, цяжкі маток металічных стужак і цяпер ужо не адчуваў таго страху, з якім ішоў сюды. Гэтая экскурсія нават спадабалася Глечыку, і ён усё перажываў захапленне сваімі сябрамі, якія ўчынілі такі вялікі разгром. Цяжка было нават уявіць сабе, што тыя звычайныя, простыя людзі гэтак удала панішчылі магутную германскую тэхніку, пабілі на дарозе тых самых немцаў, якія заваявалі Еўропу і якіх ад самай граніцы не маглі спыніць нашы дывізіі. Хлопец не мог зразумець усяго, але адчуваў, што і Карпенка, і Свіст, можа, і Аўсееў за знешняй сваёй прастатой і нехлямяжасцю маюць нешта ўмелае, дужае і надзейнае. I толькі ён, Глечык, відаць, не меў у сабе ніякай вайсковай сілы і таму баяўся і пакутаваў: гэтулькі страху ў нядаўнім баі вынесла яго хлапечае сэрца. Але ён пяўся, душыў у сабе той страх, стараўся хоць чым-небудзь памагчы ў той агульнай справе, што рабілі яны. Цяпер жа, пазнаўшы першую перамогу і супакоіўшыся, ён немаведама што гатовы быў зрабіць для камандзіра Карпенкі, для смелага слаўнага Свіста, да слёз шкада было Фішара, з якім яны трохі нават пасябравалі ў апошнія дні і елі суп з аднаго кацялка. Маладая, адзінокая і шчырая душа Глечыка гарнулася да іх – гэтай маленькай купкі байцоў, у якой і ён пакрысе пачынаў знаходзіць свой жыццёвы прытулак.