Выбрать главу

З цяжкімі кішэнямі ён падаўся назад, у лес. Трэ было выбраць мясціну, раскласці цяпельца. Мабыць, гэта было самае небяспечнае - цяпельца. Дым маглі згледзець здалёк, убачыць ля яго чалавека. Мабыць, лепш за ўсё атабарыцца ў расцяробе, за ровам, туды, ведаў, у ранейшыя часы не надта патыкаліся. Хіба што бабы - па ягады, грыбы там не раслі. І яшчэ, людзі ведалі, некалі там пладзіліся ваўкі, бывала, у піліпаўку вылі на ўсе галасы. Малыя туды баяліся паткнуцца. Самы раз было туды зашыцца яму. Поруч з ваўчыцаю. Ведама ж, не з людзьмі, нявесела падумаў Хведар.

Ён доўга ішоў лесам, пакуль выбіўся на той узровак, улез у надта зарослы алешнікам ды ляшчынаю роў, трохі абмыў у ручаі свае заскарузлыя рукі. Вада была сцюдзёная і чысцюткая, бы сляза, і ён на запас напіўся з прыгаршчаў. Па слізкіх, зялёных ад водарасці камянях перайшоў на другі бок рова. Ускараскаўся не адразу, два разы адпачываючы, і падумаў, што аслабеў, аднак жа, завельмі. Як тою вясной на тарфянішчы, калі ўжо не мог сам вылезці з тарфяной ямы, а рыдлёўка здавалася цяжкаю, бы бервяно. Во што значыць жыццё! Ды і гады. Малады, бывала, у лесе адзін паднімаў камель хвоі на сані, жартуючы, бягом цягаў па ўсходцах мяхі збожжа на млыне. Аднаго разу, дурны, паспрачаўся з кусянкоўскімі мальцамі і падняў Іванаву жаробку. Слаўная была жаробачка, з лысінкай на мордзе. Пасля на ёй ездзіў міліцыянер Заўялаў... А цяпер ледзьве выбраўся з рова, які падлеткам перабягаў за адзін раз, без перадыху. Вот што зрабіў з Хведарам час і яго недарэчнае здзічэлае жыццё. Каб тое веданне, хіба так бы яго скіраваў? Але і як было яго скіраваць іначай? Ці ён ім кіраваў?

У расцяробах былі сапраўдныя лесавыя нетры - блытаніна алешніку і асіння, папараць стаяла да пояса, буяла дуддзё нейкай лесавой непатрэбшчыны. Хведар адышоўся далей ад рова, выбраў невялічкую прагалінку пад зараснікам крушыны і пачаў ладзіць цяпельца. Дужа хацелася з'есці бульбіну, здавалася, не было ў свеце нічога смачнейшага за печаную ў прыску бульбіну. Але прыску, мабыць, трэба яшчэ дачакацца. Касцярок з сучча, якога ўвогуле тут хапала, загарэўся ад першай сярнічкі, але ж, халера на яго, густа паваліў дым, і Хведар спалохаўся. Так яго маглі згледзець. Ён трохі раскідаў цяпельца, каб зменшыць дым, але зусім суняць яго было нельга. Тады ён падклаў хворасту болей, каб гарэла даўжэй, а сам адышоў воддаль у хмызняк. Калі хто і падыдзе на дым, дык, мабыць, яго не ўбачыць. Спярша ўбачыць ён.

Прысеўшы ў дробным кустоўі, ён пачаў здалёку пазіраць на дымны хвост за крушыннем і думаў: да чаго ж ты, братка Хведар, дажыўся! Ну добра, там, на чужой зямлі, за тысячу вёрст адгэтуль, там трэба было ўсяго баяцца, хавацца, таіцца. А во і тут! На сваёй зямлі. Сярод сваіх людзей. Калі гэта было і з кім! А з ім во здарылася. І не зробіш нічога. Мусіш! Інакш...

А што, зрэшты, інакш? Пагібель? Гэта было б куды як зманліва, - можа, пахавалі б на родных могілках. Пасадзяць у турму? Мабыць, у турме горш не будзе - неяк бы кармілі і дах быў бы над галавой. Пасля ўсяго, што з ім сталася, турмы ён не надта і баяўся. Але яму наўрад ці перапала б турма. Пэўна ж, яго адвезлі б назад, зноў туды, на страшную сцюдзёную зямлю, на якой жыць ён не мог. Мог толькі памерці. Як памерла ад сухотаў яго Ганулька, згарэла за два дні дачка Волечка. Адчуў, настала ягоная чарга. Але ён памерці хацеў дома.

І яму пашэнціла, ён дабраўся дамоў.

Дык чаго ж і на каго ён мог наракаць? Ён быў шчаслівы. Учора як згледзеў роднае поле і вёску, дык у душы ў яго ўсё засмяялася і запяяла. Канечне, засмуціла зруйнаванае котлішча, усё ж ён спадзяваўся ўбачыць хутар. Сніў безліч разоў свой падворак, студню з калаўротам, недабудаваны трысцен. Усё думаў, ці здагадаліся тыя, што жывуць цяпер там, перакрыць клець. Страха ў левым кутку пачала працякаць, асабліва ў навальніцы. Усё збіраўся перакрыць свежымі кулямі. Ды не сабраўся...

А цяпер дык і няма нічога.

Дзе яно, ягонае падворышча, хата? Куды ўсё вывезлі? Ці, можа, спалілі на дровы ў сельсавеце? Як спалілі пасля вайны фальварак Альбертаўку. Слаўны быў фальварачак - і дамоўка, і стайня. Стайня асабліва зайздросная была: з бруса, пад гонтай. Разабралі ўсё і папілавалі на дровы - у сельсавет і хату-чытальню. Мусіць, цяпер і яго так - на дровы, пусцілі агнём і дымам. Дзіўна, але ён не шкадаваў. Калі шкадаваць усяго, што набыў і страціў, дык можна было звар'яцець. Нажываў гадамі, за немалыя грошы, мазалём крывавым, хрыбтом сваім і жончыным, тросся над кожным лапікам зямлі, кожнаю палкай і снапком. А страціў усё, і за адно імгненне, і сам апынуўся на катарзе. Толькі завошта? Гэтае праклятае завошта пякельным вухналём сядзела ў яго галаве. Тысячу разоў ён пытаўся ў сябе, як ехалі ў смярдзючых вагонах, як іх гналі абозам па замерзлай рацэ, як рабіў там, на паўночным прыгоне, - пытаўся ў жонкі, у людзей, знаёмых і незнаёмых, пытаўся ў начальнікаў. Усе нешта казалі пра ўладу, класавую барацьбу і калектывізацыю. Але ніхто яму не растлумачыў так, каб адразу стала зразумела: завошта ў яго адабралі ўладай жа дадзеную зямлю, майно і саслалі на катаргу? Завошта? У чым яго віна? Што паслухаўся ўлады і ўзяў зямлю? Дык як было не ўзяць, з чаго б тады ён карміў сям'ю? Брат Міцька не хацеў дзяліцца, бо і праўда, дзяліць не было чаго - шэсць дзесяцін няўдобіцы, - што б выйшла з тае дзяльбы? Зноў жа, брат быў старэйшы, на гаспадарку меў болей права, чым малодшы Хведар. Два леты запар Хведар батрачыў у фальварку, а пасля ажаніўся з такой жа батрачкай, як і сам, - без зямлі і пасагу. Там таксама зямлі было з зайцаў хвост, а сямейка дай бог: восем душ і з іх пяць мальцаў. Як было адмовіцца ад казённай? Узяў зямлю.