Выбрать главу

Недзе ўгары свяціла негарачае сонца, вяршаліны елак воддаль ціха гарэлі ў ягоных бліскучых промнях. На іх голлі грэліся вароны, часам пералятаючы кудысь - на суседнія елкі, ці што? Унізе ж, пад ляшчыннікам, стыў сыраваты засень, было халаднавата, і Хведар колькі разоў ужо варочаўся то адным, то другім бокам, каб не дужа застуджацца ад зямлі. Ён прыдрамаў трохі, можа, з гадзіну ці больш, пасля апроч сцюжы яму стаў дапякаць голад, і ён сеў пад кустом. Карцела пайсці ў поле па бульбу. Можа, там ужо ўсё выбралі, людзей на палетку, мабыць, няма, і ён што-нішто знойдзе. Якіх дзесятак пакінутых у зямлі бульбін - то, мабыць, не будзе кража. А калі і кража, дык не дужа вялікая. Калгаснікі яму даруюць. Усё ж яны ўзялі ад яго болей - адна сядзіба чагосьці каштуе. Дый малатарня таксама. А яму спатрэбілася ад іх якое паўвядзёрка бульбы. Не так ужо і многа.

Устаўшы, ён памалу паплёўся між кустоўя алешніку, улез з завалены хворастам малады асіннік, ледзь выбраўся з яго. Трохі затрымаўся ў зарасніку высокага, у рост чалавека, малінніку са ссохлымі, счарнелымі ягадамі ў вецці, якія тут не ўсе вядзяўбалі птушкі, збіраў па адной, еў. Наедак, аднак, быў няважны, толькі хрумсцелі на зубах насенныя костачкі, маліны ўжо страцілі ўсю ранейшую слодыч. На сконе дня вылез з узлеску недзе паблізу ад таго бульбянога палетка на занятае азімінай поле і зразумеў, што занадта ўзяў управа, цяпер трэба ісці па ўзлеску назад. Толькі ён адышоўся мо з паўвярсты, як пачуў нейчы блізкі нягучны голас. Хведар стаіўся ў кустах, крадком паглядзеў наперад. Непедалёк на ўзлеску з вяроўчынай ў руках клыпаў згорблены, у рудым армяку стары, пасвіў рахманую чорную кароўку. Тая ўсё нацягвала вяроўку, імкнучыся па траву ў кустоўе, і стары зласнавата бурчэў на яе. Хведар прыгледзеўся з зарасніку, ці не знаёмы хто? Але не, мусіць, то быў незнаёмы. Напэўна, чалавек не з ягонай вёскі, можа, з якой суседняй. Хведар мог бы яго абысці лесам, ды ў яго раптам з'явілася думка: а можа, папрасіць хлеба? Калі той пасвіць тут зранку, дык, можа, запасся хлебам, можа б, і яму даў кавалак. Дужа хацелася хлеба.

Урэшце набраўшыся адвагі, ён выйшаў з узлеску і роўна пайшоў краем азіміны, усё цікуючы за пастухом. Той ужо мог яго ўчуць, але пакуль не звяртаў увагі, і Хведар падышоў зусім блізка, стрымана павітаўся. На яго зірнулі выцвілыя вочы старога чалавека з тварам, аброслым (зрэшты, як і ў самога Хведара) сівою блытанай шчэццю. Чалавек нібы паморшчыўся, разглядаючы яго, але не адказаў нічога. Тады Хведар павітаўся зноў.

- Ды чую, чую, - сказаў стары, шамкнуўшы бяззубым ротам. - Дзень добры, ну.

- Карову пасяцё?

- Карову, анягож. Не каня. Каня ўжо не пасу. Адпусціў.

- А самі адкуль жа будзеце? - запытаўся Хведар і сцішыўся. То было важнае для яго пытанне, каб вызначыць, можа ён пазнаць Хведара ці не.

- Ды вунь, з Ушатаў, - сказаў стары і ўважліва агледзеў Хведара. Убогі выгляд яго, аднак, здаецца, не ўразіў пастуха - той сам быў апрануты не лепш. Хведар з палёгкай расслабіўся. У дальняй вёсцы Ўшатах ён ведаў мала каго, таксама як і яго там мала хто памятаў.

- Можа, закурыць маеце? - раптам сказаў Хведар і не пазнаў свайго голасу, такі той стаў слабы і жаласны. Курыць ён зусім не хацеў - даўно адвык ад курыва, але не мог адважыцца адразу папытацца пра хлеб.

- Ёсціка, - сказаў стары і палез у сваю глыбокую кішэню. - Во самасеечкі трохі маю. Толькі запаліць няма чым.