Выбрать главу

лоўныя кішэні розных значкоў і праз кожную вярсту сеяў іх па трасе свайго прабегу, і дзеці кідаліся на тыя значкі, як галодныя кураняты на проса, валтузячы адно адное так, што енк і лямант меншых і слабейшых уздымаўся вышэй ад Юткавай вежы. Ці магла спакойна бачыць і чуць такое Хрысціна Сымонаўна, настаўніца, якой хоць і далі толькі завочную адукацыю ў педагагічным інстытуце, але ад пачуцця гонару, высакароднасці і чалавечай вартасці не адвучылі, яна наследавала пачуццё гэтае ад сваіх продкаў, дзядоў і прадзедаў. Таму ў пятніцу, 19 лістапада, Хрысціна Сымонаўна правяла два ўрокі, спеваў і роднай мовы, а з трэцяга, з урока фізкультуры, у якім па прыездзе Фрэнка Моргана не стала ніякай патрэбы, пашыбавала ў праўленне калгаса.

- Андрон, - сказала яна па-свойску, бо вучыла Сыцюка некалі спевам, - я патрабую, каб ты аб'явіў мільярдэра Фрэнка Моргана персонай нон грата і выслаў яго за межы Карун...

Выслухаўшы сваю былую настаўніцу і ўцяміўшы, якая казырная карта яму прываліла, Андрон загадаў выклікаць да сябе Ромку Казубоўскага. Праз сельсавецкую сакратарку Ромка адказаў, што ён з'яўляецца прадстаўніком фірмы рэспубліканскага падпарадкавання, а таму загады такой дробнай сошкі, як нейкі старшыня калгаса, для яго пшык, і не болей. Тады Андрон пазваніў па тэлефоне ўчастковаму міліцыянеру Кузьме Сліжу, растлумачыў яму сітуацыю, на што Сліж сказаў, што гэта міжнародная акцыя і наогул справа Інтэрпола. Андрон бездапаможна глянуў на Хрысціну Сымонаўну, тая ўздыхнула цяжка, схадзіла да Сліжа, які таксама вучыўся ў яе спевам і роднай мове, заляпіла ўчастковаму аплявуху, пасля чаго той прывёў Ромку Казубоўскага ў праўленне калгаса пад конвоем. Сліж пакінуў Ромку ў старшынёвым кабінеце, адазваў Андрона на падворак і, зыркаючы па баках, зашаптаў яму на вуха:

- Ты што ж, дальбог, пра такія рэчы па тэлефоне?.. Спадарожнікі-шпіёны паўсюль над намі, лазерныя каналы сувязі, наогул чорт ведае што, а ў цябе ўсё, як у цара Гароха: зняў трубку - і алё, даўно цябе нешта не чутно было. Галаву ж трэба мець на карку, а не гарбуз. А Морква праз цябе яшчэ і аплявуху мне ўрэзала.

- Ладна, - павінаваціўся Андрон. - Ператрываеш. Будзь тут, можаш спатрэбіцца.

- Давядзі да ведама містэра Фрэнка Моргана, - вярнуўшыся ў праўленне, сталёвым голасам сказаў Андрон Ромку Казубоўскаму, што сёння ў 12.00 па маскоўскім часе яго выклікаюць мясцовыя ўлады. Для перамоў і афіцыйнай заявы.