Выбрать главу

аднаму сёння Ютку сумнавата, хутчэй за ўсё праз сына свайго самотна, бо, здаецца, пакаціўся Ромка каменьчыкам не з той гары і не ў той бок... Э, Ютка, не было б большай бяды, а гэту агораем! Ну падабаецца дзецюку апрануцца хораша, дым пусціць у вочы, дык хіба мы з табою ў свой час пра хромавыя боты з халявамі гармонікам не марылі?.. Не, Хведар, тут не тое, тут з душою нешта: пабыў хлопец два гады ў горадзе - і нібыта яго падмянілі... Э, Ютка, можа, яно і так, але нашто ўсё на горад валіць, нібыта там добрых людзей няма. Хіба ў вёсцы ў нас ніколі зладзеяў ды шэльмаў не было? А Ромка ж твой не злодзей, не шэльма, усяго толькі абэлтус, якому трэба мазгі ўправіць, а ты замест таго вунь на якую работу яго ўладкаваў, дык хто ж вінаваты?..

Так сядзяць яны на вежы, Ютка і Хведар, размаўляюць сабе паціху, і плывуць над імі няспешна нізкія асеннія аблокі, а пад імі ляжаць Каруны, па якіх бяжыць Юткаў сын Ромка і на ўсю вёску крычыць:

- Бацька! Злазь са сваёй вежы, чаго ты там рассеўся? Фрэнк Морган цябе на вячэру кліча, каб у Амерыку запрасіць!

- Пойдзеш? - спытаўся Хведар.

- Што я там не бачыў, у Амерыцы ягонай, - прабурчэў Ютка, тужліва гледзячы на Ромку. - Але павячэраць давай сходзім, бо мне абрыдла штодня адну зацірку хлябаць.

- Дык мяне ж ніхто не запрашаў, - сумеўся Хведар.

- Я цябе запрашаю, - сказаў Ютка. - Папалам з'ядзім, што дадуць.

Яны злезлі з вежы, Ютка зайшоў дахаты, пераапрануўся ў святочнае, даў і Хведару чыстую кашулю і порткі, бо той асцерагаўся да сябе ісці, баючыся, што баба ўпрэцца і, чаго добрага, з дому не выпусціць, а Ромка ўсё круціўся вакол бацькі і лісліва зазіраў яму ў вочы, нават адарваны гузік на зялёным Юткавым фрэнчы прышыў - так хацелася Ромку ў Амерыку.

- Не круціся, як г.... ў віры, - асадзіў яго Ютка. - Я калі і паеду, дык цябе не вазьму.

- Як гзта не возьмеш, - адгрызаючы нітку, ледзь не праглынуў яе разам з іголкаю Ромка. - Ты ж мне бацька! Я крэўны твой, адзіны сын! Ты не маеш права!

- Я на ўсё маю права, - адрэзаў Ютка. - Чыя вежа: мая ці твая? Ты хоць адзін каменьчык наверх падняў?.. Ён во падняў, - паказаў Ютка на Хведара. - Ён і паедзе.

- Нікуды я не паеду, - адразу ж не згадзіўся Хведар, стараючыся як мага ніжэй спусціць у поясе Юткавы порткі, якія былі яму караткаватыя. - Мне Рыжулю ў рэкардысткі сёлета выводзіць, на рубеж пяці тысяч літраў. Апошні квартал застаецца, зімні, самы адказны, а я ў Амерыку падамся. Як я пасля Рыжулі ў вочы гляну? Што ёй скажу?

- А ты з ёю едзь, - раптам разважліва сказаў Ромка, у якім, трэба прызнацца, шмат чаго і добрага было, у тым ліку і прастадушнасць, і вясёлы нораў, толькі ўсё гэта не атрымала свайго развіцця, знаходзілася ў першабытным стане, а вось усё астатняе, што не вельмі падабалася бацьку, цудоўна развілося і мела зусім сталы выгляд абэлтуса і дармаеда. - Сваё малако мець будзеш, менш на яду патрацішся, новыя порткі купіш.

- Малайчына, - пахваліў яго Хведар, азіраючы сябе ў люстэрку. - Я ж табе казаў, Ютка, што ён яшчэ не зусім кончаны чалавек... А ў портках тваіх мне на вуліцу выходзіць нельга. Я ўсё-ткі даяр, кавалер ордэна "Знак Пашаны", а не Карлсан, што жыве на даху. Так што ідзіце без мяне.

- Тады і я не пайду, - заявіў Ютка. - Заціркай павячэраем.

Ромка падняўся, сцягнуў з сябе джынсы фірмы "Levis", зняў кашулю той жа фірмы і, ні слова не кажучы, працягнуў сваю апратку Хведару.

- А ты? - прымяраючы джынсы, спакойна, нібыта нічога іншага ад Ромкі і не чакаў, быццам той і насіў порткі толькі для таго, каб аддаць іх суседу, а самому застацца голым, спытаўся Хведар, якому фірмовыя джынсы з кашуляй не толькі спадабаліся, але і прыйшліся самы раз, бо Ромка вылузаўся куды вышэйшы за бацьку, які амаль што ўсё жыццё, сам таго не ведаючы, быў вегетарыянцам, еў адно раслінную ежу, бульбу ды яшчэ зацірку, а праз тое не дабраў вітамінаў.

- А я не даяр і не кавалер "Знака Пашаны", я і ў тваім халаце магу лайсці, - сказаў Ромка, выцягваючы з-пад ложка куфэрак і дастаючы адтуль вельветавыя штаны і велюравую кашулю, новенькія, у цэлафанавых мяшэчках. Ён напяў на сябе вельвет, накінуў велюр, адарваў ад адзежы стракатыя этыкеткі і ўручыў іх Ютку з Хведарам, кожнаму па адной.

- Наце, трымайце пропускі на вячэру. Я вам не паеду ў Амерыку, карчы старыя!

- От жа шчанюк, - сплюнуў Ютка. - Пашкадаваў-такі новае.

- Ведаеш што, Ютка, - задумліва сказаў Хведар, круцячы ў пальцах этыкетку ад велюравай кашулі, - усё ў свеце можа стацца. Мажліва, ты нават вежу сваю да неба дабудуеш, але халат мой даярскі падшыванец гэты аніколі ўжо не апране. Надта ты ўжо шчасця для яго хацеў, перастараўся...