Выбрать главу
Суддзя твой спіць, і спяць вартаўнікі; А ў ката у твайго сягоння свята, Яму й няўцям, што ты жывеш такі, Хай вінаваты, хай не вінаваты.
Забойца, спі! У кнігах спіць закон, I пыл палёг на літары закона — Спакойна спі! Твой палахлі вы сон Ніхто не прыйдзе патрывожыць сёння!
Дык што ж крычыш! Чаго баішся? Ты!.. Прад кім гатовы пахіліць калені? Перад сумленнем? Прэч яго! Сумленне — Вярыгі рознай дробнай свалаты!
А ты!.. I ўсё ж не спіш... Крычыш... Баішся ты...
* * *
Напярэдадні свята, Напярэдадні свята Урачыстыя твары I чыстыя хаты, I шчаслівыя мары Лунаюць крылата Напярэдадні свята, Напярэдадні свята.
Спадзяюся на тое, Што здзейсніцца, будзе Гэта свята ва ўсіх, I засмуцяцца людзі Толькі тым, што мінула яно — I па скверах Вецер гоніць ашмоцце Стракатых паперак...
СНЯГІ
У госці прыходзяць снягі Не шумным застоллем, Зацішшам, Асветленых думак узвышшам На шэрых раўнінах тугі.
Снягі —і успаміны: чаму, Пра што сумавалася ўчора, Якое ўяўлялася гора Зацішнаму сэрцу майму?
Снягі — над усёй мітуснёй Дасцежных маіх лістападаў, Як вырай высокі над садам, Дзе дрэвы пасаджаны мной.
Снягі — каб напоўніцца зноў Душы маёй сумам і смехам, Усім, што было да снягоў
I не засталося пад снегам.
* * *
Калі ваўкі збіраюцца у зграі I глуха выюць, давяцца тугой, Я вар'яцець паціху пачынаю, Нібыта пазнаю, прыпамінаю У іх выцці знаёмы голас. Мой.
Мне жудасна. Я чую, як звярэю. Ратуюся чакаць, калі заднее I знікне гэта ноч у небыццё... I днём не ўспомню нават той падзеі, Хоць шчэ пад языком і халадзее Працяглае звярынае выццё.
* * *
Што за сумныя песні спяваеш ты, Белая Русь! Як зацішаны боль яны ў сэрцы маім прарастаюць. «Ой, ляцеў белы гусь...» А куды ён ляцеў, белы гусь, Калі ў небе тваім толькі шэрыя гусі лятаюць?
З далячыняў сівых наплывае самотны напеў, Я прадоўжыць яго — нават голас мне дай — не бяруся... Дык суцешыцца б тым, што не толькі хацеў, што паспеў Прамільгнуць над табой, праляцець над табой белым гусем...
НОЧ У ХАТЫНІ
Звон біўся ў звон. Звон ападаў з нябёс. Раскрыжаванае — Лямантавала неба. Дзіцячы енк, Пах спаленага хлеба Віхор счарнелы да яго узнёс. Яму ў адказ Зямля лямантавала, Той лямант плыў ракой без берагоў!
Арэса здань, найстрашнага з багоў, Людской крывёй на зорах праступала.
ВЕТЭРАН
Слава бокам абышла. Па заявах, па даведках. Не шукала — не знайшла, Не хапіла славе сведкаў. I каму сказаць з людзей, Што за справы баявыя Толькі раны балявыя Прыпаяны да грудзей?..
* * *
Хтось затвор на вінтоўцы намацаў. А птушкам Збірацца ў дарогу. Птушкі могуць вяртацца. Кулі вяртацца не могуць.
I нікуды не дзецца Ад хвіліны, ў якую Ім сустрэцца: Птушцы і кулі.
Неба ўскрыкне!.. I на воблака белае-белае Кроў птушыная пырсне Брусніцамі спелымі.
Куля болю не знае... Шмат чародаў птушыных Сакавік загайдае На халодных галінах.
Ды гарачай рукою Зноў намацае нехта затвор. I няма нам спакою... Бы чакаем мы стрэлу. Ва ўпор.
РАМЯСТВО
Яму звязалі рукі за спіпой. Надзелі пацеркі. — Ідзі! — I з аўтаматаў Услед яму паласанулі каты, Забаўленыя катаўскай гульбой. — Бягом! — Ён бег. — Хутчэй! — Ён бег хутчэй. Стралялі каты, Каты рагаталі, I справа, Злева снайперы збівалі Шкляныя пацеркі З яго плячэй. Дзінь! — пацерка. Крычалі каты: — Брава! Ад сумнага жыцця, відаць, яны Такую вось вясёлую забаву Прыдумалі ў вясёлы час вайны. Дзінь! — пацерка. Агонь шкляны ўразаўся У твар, У вочы... Потым вокрык: — Стой! О, вывучка рамесная, праслаўся! Ён не загінуў. Ён сляпым застаўся. Бо каты добра зналі рамяство.