Выбрать главу
ГЕРНІКА
Сны Азёрамі плешчуцца ля галавы, Азёрамі белых і чорных дажджоў, Азёрамі Вады і крыві.
Рукі закіну I зачарпну Далонямі — белых і чорных дажджоў, Далонню — вады, Далонню — крыві.
Прачнуся: далоні — Адна ў адной На падушцы, абступленай снамі, Напоўненай пухам, Сцягамі і зброяй.
ТРЭЦІ ТРАМВАЙ
1
На тым прыпынку трэцяга трамвая, Дзе вецер узвіваў газет ашмоцце, Дзе год амаль вісела на слупе Аб'ява: «Прадаецца піяніна...»
На тым прыпынку трэцяга трамвая, Дзе пад калонкай бразгацелі вёдры I доўга біў вады струмень шыпучы, Пакуль мяне суседкі разглядалі...
На тым прыпынку трэцяга трамвая, Дзе астравы азёрныя маўчалі I возера затойвала дыханне, Калі рука мая ЯЕ руку кранала...
Дзе вецер узвіваў газет ашмоцце, Дзе пад калонкай бразгацелі вёдры, Дзе астравы азёрныя маўчалі... Нідзе цяпер ЯЕ ўжо не сустрэць мне.
* * *
Не ведаю даўно, які трамвай, Адкуль і да каго ЯЕ прывозіць, I, каб спаткаў, цяпер бы ўжо адрозніць ЯЕ ад іншых і не змог, бадай.
Але калі ўспаміны цераз край
Нахлынуць раптам, сэрца замарозяць,—- Я лёс прашу: які трамвай ні возіць Цяпер ЯЕ — сустрэнемся няхай.
I хай усё, што стала ў нас былым, Што расплылося, нібы ў небе дым, На момант зноў жывую плоць набудзе.
Жыве ў нас памяць, што там ні кажы, Дапамажыце нам сустрэцца, людзі, Трамвай, спаткацца нам дапамажы.
2
Трэці трамвай — юнацтва маё, Каханне маё — трамвай. Хіба ты ўсё і пра ўсіх забываеш? Што ж ты не дапамагаеш? Коціцца, грымкае, звоніць трамвай: — Я забываю — і ты забывай, Усё забывай, што з табой ні здараецца!
Не забываецца...
Дзе, на якім мне прыпынку чакаць? Трэці трамвай, Парай, падкажы... Столькі людзей, для якіх я чужы, Што немагчыма каханых губляць! Ды і сярод найбліжэйшых табе У час, калі дробязна любую страціш,— Жывеш, нібы на тваім ілбе Выпалена пракляцце.
Дробязна страціў я... Дробязна жыў... Трэці трамвай, дапамажы!
3
Вынес трамвай ЯЕ. На! Сустракай! Вынес, нібы апаліў. Што ж ты зрабіў са мной, Трэці трамвай! Што ж ты зрабіў? Можа, ты вынес зусім не ЯЕ? Можа, ЯНА не ТАЯ? Бачыш: зусім не пазнае. Нават не ўспамінае. Бачыш ты, карнік! Яна не адна! Бачыш: вунь з тым. Што ты звоніш і скачаш?! Бачыш: яго абдымае яна! Бачыш?!
— Бачу,— прагрымкаў трамвай,— і павер, Дружа мой, гэта не здрада. Тое сапраўднае ў нас, што цяпер, А што было, тое ўжо не сапраўднае. Людзі ўваходзяць, Выходзяць з мяне — і забываюць. Хіба мне хто п ры сустрэчы кіўне! Не, не ківаюць. Хай іх. Мне што? Я жалезны трамвай. Усе забываюць — і я забываю. Але бывае, што нават трамваю Трэба, каб нехта яго ўспамінаў. Хай наша памяць — сляды на вадзе, Хай немагчыма помніць глыбока, Ды немагчымей, калі адзінокі Нехта з трамваяў ці нехта з людзей. Так што, лічы, я цябе зразумеў, Сам бы ўцякаў ад нудоты сабачай... Каб не па рэйках хадзіць умеў, Толькі б ты, Дружа, мяне тут і бачыў. Але ўспаміны ты лепш не кранай, Усе забываюць — і ты забывай. Усё забывай, дзе і што ні здараецца!
Не забываецца... Трэці трамвай...
* * *
Усё больш сяброў — і менш... Такая справа... I зойме раптам адзінота дых, I ты вярнуць хацеў бы нават тых, Каго вяртаць даўно не маеш права.
Як на слупах пажоўклыя аб'явы, У памяці размыты твары іх, Былых каханых і сяброў былых; I іх вяртаць — балючая забава.