Выбрать главу
8
Я сёння помню песнявы прастор I Крэўскі замак, гульняў нашых царства, Вясёлыя дзіцячыя штукарствы I на бярозах гушканні да зор!
I бачу я: ля чыстага стала Дзед задуменна біблію чытае, Струною залатой пяе пчала Над лысінай яго... Ну, ці святая Уратуе кніга? Не дапамагла! Пчала як раз у макаўку ўпякла.
Мой дзед у вёсцы — першы садавод, Мічурыным яго вяскоўцы звалі. Якіх мы з ім прышчэпаў ні ўшчаплялі, Каб новы цуд ствараўся з году ў год!
Каб жыць прыгожа людзям і звярам! Дзед быў талстоўцам, Хоць не знаў Талстога. Жыццё ён бачыў пошукам дабра, I ўсё дабро ён размеў як бога...
Мой мудры дзед! Зусім ты пасівеў, Зусім стары зрабіўся і нямоглы... А маладосць твая квітнее ў кожным З народжаных табой Дзівосных дрэў.
9
I немагчыма думаць: Можа час Настаць такі, калі пагасне сонца. На квецень нашых дрэў асядзе стронцый — Што застанецца, дзед, тады ад нас? Пустэча, пыл... Ні нашых спраў, ні слоў...
Мы існуём у сувязі часоў, Бог ні пры чым, давай пакінем бога... Папраўдзе: мне шкада цябе, старога, Што ты шукаў яго — і не знайшоў.
Ты за адно жыццё пабачыць мог, Як тры вайны Прыйшлі на твой парог, А ворагаў — і войны не злічылі...
I ўспомні, дзед: у кожнага быў бог, ПІто бласлаўляў, каб нас з табой забілі... Але — пакінем... Трэба ведаць меру...
А вера — верай, Нават на паперы Я падтрымаю погляды твае: Так, чалавеку неабходна вера, Без веры чалавек не існуе.
10
I вера ёсць! Мы вырасталі з ёй. Яе не вырваць з нас і абцугамі. Мы сёння крочым мірнае зямлёй З чырвонымі, як полымя, сцягамі.
У час, які не проста разумець, Выпрабавальны час для пакалення, Мы непахісна верылі ў сумленне, У праўду і жыццё — і на імгненне Ні ў здраду не паверылі, ні ў смерць. Мы це святыя... Гэта факт, канечне...
Але скрозь нашы цяжкія гады, Памылкі нашы, дробязныя спрэчкі — Мы свецімся той светлай, чалавечай, Высокай верай. Верай назаўжды.
11
Мой родны край... Я дзякую за свята Сказаць табе пяшчотнае Люблю, За свята Называць тваю зямлю Радзімаю сваёй, сваёю хатай. За вышыню прыходзіць да святынь Тваіх, каб ім у пояс пакланіцца, За боль, якім пячэ мяне Хатынь, За памяць, што жыве ў яе званіцах. За наш чырвоны, Наш грымотны век, Якім вякі другія можна мераць... За ўсё, У што вялікай верай веру, Чым — Чалавек.

Вынаходцы вятроў

1979

***

Людміле

Уступаю ў пару лістапада. Дай руку. Аціхае зялёная музыка звадаў, Пад якую скакаў я, Як цэп на таку.
Прадчуваннямі сэрца зайшлося. Падрыхтоўваю споведзь лясам. Вось збылося... Што збылося — не ведаю сам.
Выпраўляе нас лета, Выпраўляе — назад не чакае...
Ведай, любая, ведай: Немінуча кахаю.
Дай руку, хай спаткаюцца Акіяны пяшчоты і млосці... Маладосць прадаўжаецца Успамінамі аб маладосці.
Гэтай сумнай высновы У наступныя дні не бяры.
Недзе цень мой сасновы Шчэ шуміць у бары.
Недзе твой, тапаліны, Атуляе чаромху і бэз... Можна жыць з успамінамі. Можна без.
Ранак наш — верагоднасць... Непазбыўна планету цяжарыць Непарыўная роднасць Пладоў і пажараў.