Выбрать главу
Ты абрана прыродай, Яна табе права дае Таямніцай валодаць — I не знаць пра яе.
Спачуваць?.. Ці зайздросціць?.. Твайго болю збаўлення Не ўспомню! Маладзік маладосці Акругляецца ў поўню.
I прыходзіць гадзіна Не збіраць і раскідваць каменні, А прад любай, адзінай Стаяць на каленях.
Праз яе парадніцца 3 кожным дрэвам. вадою. травою...
Дай руку, Дай мне зноўку з'явіцца ўратаваным табою...
***
Сцішэла. З велічных вышынь Сышлі хмарыны снегавыя. Што мы з табою?.. Як ні кінь — Дзве лініі берагавыя.
Над стромамі ракі ў снягах Здаецца: берагі самкнёны. Нашто ж (для самаабароны?) Лязо расколінкі ў вачах?
О лістабой! Грымі трубой! Не дай на свет зірнуць цвяроза. Сцішэе — і чуваць пагроза Жаданай еднасці людской...
Я зводаў, шлях прайшоўшы свой Расчараванняў цёмнай пушчай: Дабро — абняць рукой сляпой, Бяда — караць рукой відушчай.
І я люляю на плячы Твае далоні дарагія, Каб хоць на ноч (маўчы... маўчы...) Лязо расколінкі (маўчы...) Упала кладачкай (маўчы...) На лініі берагавыя.
СТАНЦЫЯ ВЫРАТАВАННЯ
1
Ляцяць аблокі ў вырай тайны. Бары над Нёманам маўчаць. На станцыі выратавання Матросы спяць.
Матросы спяць магутна, весела; На сон прыняўшы на траіх,— Матросы спяць, як ходзяць з песнямі Ў страі.
Матросы спяць. Ім сны не сняцца. Не пераплыць праз Нёман снам. I калі трэба ратавацца — Ратуйся сам.
2
Гісторый вострых і салоненькіх Здаралася ў жыцці нямала... Было: хапаўся за саломінку — Трымала.
...На плёсах лёс гу.тяе з ломікам. Матросы спяць і сноў не бачаць. I круціцца ў віры саломінка Маёй удачы.
3
Як рукі нашыя сашчэплены! Нібы замкі. Салодка адчуваю шчэлепы I плаўнікі.
Ад усяго і ўсіх свабодныя, Імкліва, коса Плывём, на сон ракі падобныя, У сны матросаў.
Нас хвалі выкінуць на ранні, Як рыб, па бераг...
На станцыі выратавання Не рыпнуць дзверы.
***
Аднавяскоўцы мае. Аднавякоўцы мае.
Сёлета ніва ўрадзіла. 3 чаркаю бацька ўстае. Вечар... Сузор'і... Радзіма... Аднавяскоўцы мае.
Бохан чарнее прыгаркам. Голад чарнее нічым. Вып'ем паднятую чарку, Пусцім па кругу цыгарку I памаўчым.
Цесна ў бацькоўскае хаце. Ды ў цеснаце — не ў бядзе. — Суньцеся, дзядзька Ігнаце! Цётка Данута ідзе.
Лава дугою прагнута. Чар- кі ляцяць са стала. - Мо заспяваеш, Данута?.. I павяла, павяла...
«Ой аддалі маладую На чужую старану... Ой, бяду я адбядую, Ой, зіму я адзімую, Ой, жыццё я аджыву...» — Сумна спяваеце, бабы. Дзс там гармонік? А ну!.. Бабы ўспрацівяцца слаба: — Зноў мужыкі пра вайну...
Сыплецца позняя квецень. Позна гармонік пяе. Песні... Жыццё... Ліхалецце... Аднавякоўцы мае.
АБЛАЧЫНКА
Дзесьці ў Крэве, на высокіх могілках, У буянні руты і гарквы, У зямлі змаганай, ды не зможанай, Дзед з бабуляй — тварам да царквы.
Іх жыццё падманамі і звадамі Праплыло, як месяц па вадзе. I ляжаць Іван з Алімпіядаю... Дзе іх душы? Невядома дзе.
У хмурынках тых вунь?.. У тумане?.. На губе крывінку прыкушу... Як твая душа, мой дзед Іване? Ці знайшла Алімпіну душу?
Не збалела, крылы не намуліла Над царквой маўкліваю кружыць?..
Вымытай хусцінкаю бабулінай Аблачынка сохне на крыжы.