Выбрать главу
Іграй нам — рукі чарнабровай Па шчоках рэкамі цякуць, Іграй — прасторам чабаровым Праз дым і чад я змог дыхнуць.
Ужо ўва мне ўвесь свет шырокі, Рык горада, мальба сяла...
Пайшла Еўропа рукі ў бокі, У скокі Азія пайшла!
Хто зможа паяднаць людзей, Даць веру ім і даць надзею?..
Іграй, Іграй жа, чарадзей, Дай божа сілы чарадзею!
Хай не змаўкае скрыпкі спеў Да той хвіліны прасвятлення, Калі здаецца: ты паспеў На душ людскіх перасяленне,
Калі нябёсы, як званы, Гудуць святочна, і, зні- ка- ю- чы, Ты абдымаеш шар зямны, Мадзьяркі плечы абдымаючы...
ПЕРАЧЫТВАЮЧЫ БАГДАНОВІЧА
Ведаю тое, што ведаў: Вынішчу памяці сад — I паплыву, і паеду, I не паклічуць назад.
I на зямлю Беларусі, Наканаванай парой, Толькі травою вярнуся, Цёмнай магільнай травой.
ЧУЖАЯ СТАНЦЫЯ
Гэта станцыя чужая, Гэты горад мне чужы. Хто ж праз ноч мяне гукае: «Любы мой, дапамажы! Любы мой, мой невядомы...» Над аціхлаю зямлёй Голас плыў, амаль знаёмы, Знаны, ды забыты мной. «Любы...» Памяці прагалы. «Любы...» Што ў былым, збяры: Выпадковыя вакзалы. Выпадковыя сябры. Дык адкуль жа ён, таемны, Знаны, ды забыты мной, Над маім жыццём дарэмным — Голас станцыі чужой? «Любы мой...» Вось-вось сарвецца, Змоўкне рзхам у вушах, I яму не адгукнецца Аніводная душа! Аніводная з мільёнаў Чалавечых, родных душ!.. I разгублены, здзіўлёны Абарваўся голас... Руш! Руш мой быт уладкаваны, Як навала, як вайна, Голас станцыі нязнанай, Дзе крычыць мая віна.
***

Міколу Сідаровічу

На берагах гадоў, Што гаснуць, быццам гукі, Люблю вітаць сяброў I паціскаць ім рукі.
Шчаслівы тым, што ў час, I светлы, і завейны, Знаходзіў іх не раз, Няздрадлівых, надзейных.
За гэта рэштай слоў Не разлічыцца з лёсам...
Сумую без сяброў Крывёю безгалосай.
ГАЙ
1
Пра што шапочаш, гай, Празрысты, вераснёвы?.. Пара спраўляць абновы. Чакай мяне. Чакай.
Жывыя мы з табой. Звычайная падзея. Адкружыць лістабой, I снегавей адвее.
Накінеш на плячо Зялёны шоўк маёвы. Вясёлае дзяўчо Гукнеш сакрэтным словам.
Не сцерпіць, прыбяжыць, Прытуліцца травінкай... Ах, жыць ды не тужыць, Не выпускаць з абдымкаў!
Не паслабляць вузлы, Што пальцы паспляталі!..
Жытнёвыя вазы На ток пашыбавалі.
2
За гаем зноў пачаўся гай. Не ўспомню, што было да гаю. Усё наперад забягаю Сабе самому... А, няхай! Дальбог, нічога не шкада. Бывае вось пара такая, Калі жывеш, нібы сцякае З палёў напоеных вада. Што знаць, куды яна цячэ,— Гадаць, куды бяжыць дарога!.. Ніхто на свеце не ўцячэ Ад лёсу, ад сябе самога. I мне з самім сабою жыць, Які ўжо ёсць я, дзе тут дзецца. Жыць, як шчаслівае смяецца, Жыць, як балючае баліць.
БАЛАДА ДЗЯЛЕННЯ
«Кацілася торба З высокага горба, А ў той торбе Хлеб, Соль, Вада, Пшаніца, З кім ты хочаш Падзяліцца?..» Хачу падзяліцца. З усімі хачу падзяліцца. Усім падзяліцца, Што мне давялося нажыць — Не нажыцца.
Хачу падзяліцца з табой, Чалавек невядомы, Паловаю хлеба, што маю, Паловаю дома.
Усё на- палам. А калі ты ў нястачы ці ў горы, I тое аддам, Што таемна трымаў у каморах.