Выбрать главу
У бедных-багатых Не будзем зайздросна лічыцца. Хачу падзяліцца.
Не будзем сварыцца За месцы, за крэслы, За дачы і за кабінеты...
Паэты, Усім Усё роўна не хопіць Лімітнае бронзы, Каб у манументы адліцца... Не будзем сварыцца.
Давайце дзяліцца I славай — што слава! — I вершамі лепшымі самымі...
А чым падзяліцца з табой, Мая бедная мама?
Грашыма? Не возьмеш. Здароўем? Назад усё вернеш Ды шчэ й ад свайго адарвеш!..
Пакінь мне сумленне, Балада дзялення! Не рэж...
Чым мне падзяліцца З табою, Маўклівы мой бацька, Маўклівы вайною. Усе тыя цацкі, Што ты мне прывозіў, Паўсталі віною. Паўсталі віною Цукеркі ў кішэні, Што пахлі махоркай. Мне горка, Вось-вось заскуголю сабакам на сене Так горка.
Чым мне падзяліцца З табой, мая любая?.. Плачам? Бясконцымі згубамі I несапраўднай удачай?
Чым мне падзяліцца З вачыма тваімі, З рукамі? Натхненнем?.. Навошта табе Гэты камень?..
Чым мне падзяліцца з табой, Чалавек невядомы, Калі ты адзеты, абуты
I хлеба дастатак у доме? Чым мне падзяліцца тады?!.
О, балада дзялення! Пакінь мне сумленне... «Кацілася торба З высокага горба, А ў той торбе...» Ні крошкі ў той торбе... I ўсё-ткі хачу падзяліцца... Хачу падзяліцца начамі, Якімі не спіцца, Святочнымі днямі, Трызненнямі ўсімі і марамі... Ты слухаеш, мама?
Хачу падзяліцца Вадой з таямнічай крыніцы, Жывою вадою, Каб раны маглі загаіцца I каб не балелі ўспаміны Пра здрады і страты... Ты слухаеш, тата? Хачу падзяліцца Хвілінаю радаснай кожнай, Хачу не забыцца Цябе ахінаць асцярожна Пяшчотай, Якую ў руках сваіх доўга галубіў... Ты слухаеш, любая?
«Кацілася торба З высокага горба...»
Хачу падзяліцца вось гэтай баладай, Якая мне змучыла горла.
ДЫКТАНТ
Мне дзесяць. Жнівень. Жоўтыя снапы. Кручу ў гумне іржавую сячкарню. Буркоча дзед: «От зараз дам па карку...» Прыходзіць дзядзька: «Менш на дзве капы У гэтым годзе...» Дзед яму: «Сухмень...» Над токам пыл. Гаркава нос казыча. — Газету сёння ў паштара пазычыў. — Старая? — Не шчэ. За ўчарашні дзень. — Пра што там? — Ат... Пра што за ўсё часцей...
Такі спакойны, роўны дзядзькаў голас.
— Памёр вось Колас. — Хто памёр? — Ды Колас.
Сячкарня «жыг» — і пальцы да касцей.
Гвалт. Цёткі. Гвалт. — Да доктара!
Вязуць.
Падскокваюць па бруку дробна колы. — А божухна! Усю руку змалола!.. — Жанілка ёсць — то пенсію дадуць...
Бінты. Пахмурны доктар. На акне — Замест фіранкі — на цвіках газета. ...Глядзеў, нібы са школьнага партрэта, — I штосьці адбывалася ўва мне...
Пасля я сніў: Дыктант. Апошні ўрок. Настаўнік новы. «Хто?.. Які?..» «Сярдзіты!» — Дзе сшытак твой? — Забыўся дома сшытак. — Знарок забыўся? (Не зманіць.) — Знарок. — Гультай? — Гультай. — Але на шчырасць здатны. Святлее поле чыстага лістка... Я ведаю, што напішу выдатна! Ды не магу... Баліць, баліць рука! З віною ў твар настаўніку гляджу. Знаёмы вельмі... Той, што на партрэце! Не... Як жа так? Яго няма на свеце!
Дыктуе ён: «Сухмень. Няма дажджу.
У гэтым годзе менш на дзве капы Нажалі жыта...»
I дыктант знаёмы! «Мне дзесяць. Жнівень. Жоўтыя снапы». Настаўнік усміхаецца: «Вядома...»
«Пра што там?» «Ат... Пра што за ўсё часцей...» Як добра ведаць, што было, што будзе!
«А суддзі хто?..» Чакай, якія суддзі?