Выбрать главу
I вар'яцеў натоўп Ад вусцішных падзей. Царкоўнікі: — Патоп! — Палохалі людзей.
— Хай дапаможа бог!.. Ды бог не дапамог, I той, хто ніцма лёг, Узняцца ўжо не мог.
I тых, хто жыў святым I Ноем меціў быць, Змывала, як масты Парою навальніц.
I забіваў народ Жандараў і цароў. Быў вельмі страшны год, Патопны год дажджоў...
Але для ўсіх для тых,—
Хто жыў у барацьбе, Хто не збіваў плыты, Каб ратаваць сябе, Хто не палёг трысцём, А ўстаў, каб права знаць Між смерцю і жыццём Свабоду выбіраць, Хто на гады нягод Жыццё сваё лічыў,—
Быў год-прадвеснік, Год Чырвоных далячынь...
Прад кожным з нас абраны шлях Ці шлях, што нас абраў. I не вярнуцца па слядах Туды, адкуль пачаў
Ісці дарогаю жыцця — I напрасткі, і ўбок... Глядзі: шчаслівае дзіця Зрабіла першы крок.
Хіснулася... Пайшло... Пайшло! I дзіва хоць бы ў тым, Што чалавека не было — I вось сляды за ім.
Яму не хутка зразумець, Што прыйдзе час здалёк — I трэба будзе сілу мець, I мужнасць мець на крок.
Ён і ўпадзе... I ўстане зноў, Каб на зямлі старой Прадоўжыць шлях сваіх бацькоў Або пракласці свой.
БАЛАДА ПАКІНУТАГА СЭРЦА
Мне мроіцца часам Відовішча страшных вякоў: Нібыта ў пустэчы, Якая Зямлёю завецца, Адно — сярод спаленых, Попельна мёртвых пяскоў — Ляжыць чалавечае сэрца I грукатна б'ецца!
Яно, як гара. Ледавік на вяршыні яго, Адтуль па адхонах Сцякаюць крывавыя рэкі
I грозна зрываюцца Лавы чырвоных снягоў! — I ў чорную бездань Канаюць на вечныя векі.
Ударыць яно — Уздымае да неба віхор I пыл, і каменні, Зямля з краю ў край скаланецца Не бачна Сусвету, Ні Сонца не бачна, ні зор! I стогне жалобна — Гара — чалавечае сэрца!
Жалоба яго Аб усім, што было на Зямлі: Вясёлыя людзі Смяяліся тут і спявалі, Кавалі плугі I аралі вясною палі, Хадзілі на войны — I зноў гарады будавалі.
I ў кожным з людзей тых, То з болем, то з радасцю зноў, Маленькія сзрцы На міг не спыняліся біцца, Маленькія — толькі Грымелі мацней ад грамоў, Маленькія — толькі Свяцілі, нібы бліскавіцы!
Таму і змаўкалі, Згаралі заўчасна яны, I мудры вучоны Сказаў: — Я пазбаўлю вас смерці... Вось помпа — не трэба Плаціць асаблівай цаны — Надзейная помпа Замест ненадзейнага сэрца.
Ура вам, вучоны! Ваш геній дарма не прапаў, Мільёны мільёнаў Жылі з вашай помпай бязбедна, Ніхто з іх ад гора Сардэчнай хваробы не знаў, Але і ад шчасця Салодкага болю не ведаў.
Калі напрадвесні Хацеў нехта з іх пакахаць I з вуснаў жаночых Гарачаю ноччу напіцца,— Ў грудзях не шчымела! — I нельга было пажадаць: Няхай зашчыміць там! Няхай разбаліцца!
Забыліся людзі Пчаліныя песціць сады, Аралі, ды болей Не ведалі радасці ў працы. Цяснела Зямля, За гадамі міналі гады, I час надышоў Чалавеку з Зямлёй Расставацца.
На сушы, на моры, На скалах высока ў гарах, На могілках продкаў Жылі неўміручыя людзі... I вось той вучоны, Якому крычалі «ура», Устаў і сказаў ім, Што з імі было і што будзе.
— Я самы стары з вас, Але не адзіны пакуль, Хто можа прыпомніць, Як людзі смяяцца умелі, Як з сэрцам жылі, Не схаваным ад болю і куль, Як мёртвых хавалі — I як бессмяроцця хацелі.
Мы славілі розум I верылі ў розум вышэй, Чым продкі далёкія — Ва ўсемагутнага бога, Мы так працавалі, Што дым вырываўся з вушэй, I ўперад ішлі, I шырэла прад намі дарога.