Такой, як памяць-гора, памяць-боль,
Што гоніць нас —
калі касцёр запаляць —
Па крупы, па запалкі і па соль...
Як спадчына, ад продкаў наша памяць
Галечы,
перажытай на вяку,
Ды попелу
жытла і жыта ў полі...
— Па што ж ты ў Слуцк?..
Няма ў сталіцы солі?
— Ды не, інспектар. Проста ў тым баку
Далей цагельні я не быў ніколі.
— Аднак пра соль і крупы ты дарма...
Калі па крамах бегаюць з мяшкамі,
Не памяць гэта — паніка...
Між намі,
I ў нас пакуль
Таго-сяго няма.
I спаганяць за гэта трэба строга.
— За што?
— За ўсё. Пара за ўсё, браток...
Трымай рубель свой — і вярні квіток.
Падкінь да Селішч, тут непадалёк...
— Сядай, інспектар...
Коціцца дарога,
Звініць на ўзлобках здрадлівы лядок.
Чым больш машын —
тым небяспечней траса,
Тым верагоднасць болыная сустрэць
Сярод шафёраў экстра-класа
Аса,
У хованкі з якім гуляе смерць.
Ён так ляціць — ажно шаша дыміцца,
Ды віск адно, ды свіст на віражах...
Хто страх не зведаў — той і не баіцца,
А той, хто зведаў — не забудзе страх.
Спалох за ім,
нібыта воўк палюе,
Грызе яго,
Нібы сабака косць...
— Скажы ты мне, інспектар, ці куплю я
У Селішчах хаціну?
— Хаты ёсць.
I ў нас, і ў Самасеях, і ў Закружжы...
Хапае скрозь пакінутых двароў.
Нашто табе?..
Рашыў займець кароў?
— Разводзіць кветкі... Ёсць такая ружа:
Яна завецца ружаю вятроў.
— Напрамак ветру?
— Так, ягоны вектар.
Не тое, каб закон, а ўсё ж закон.
I шмат залежыць ад таго, інспектар,
Скуль і куды накіраваны ён.
— Залежыць што?
— А тое... Раптам пекла...
— Дык вунь яно
куды твой страх бяжыць!
— Не пра сябе я думаю, інспектар.
Хаця каб дзеці засталіся жыць.
— Пра тое ёсць каму паклапаціцца.
Не, штосьці ты
не даспадобы мне...
— Хто страх не зведаў —
той і не баіцца.
— А дзе яго ты зведаў?
— На вайне.
На царскай — з дзедам,
На Айчыннай — з бацькам.
— Ты байкі бай, ды лапці не пляці.
— Інспектар, я вучуся не баяцца
Звычайна з дзевяці і да пяці.
Ты не хвалюйся, хутка пасмялею,
Табе яшчэ смялець дапамагу...
Ды смерці не баяцца
Я не ўмею,
Не думаць я пра гэта
Не магу,
Дарма, што ашчадзіла нас прырода,
Хоць вечныя мы ўсе, пакуль жывём...
— Пакуль жывём,
Што сеем — тое жнём:
Сабе ўжыўляюць страху электроды
Вар'яты, што размахваюць агнём.
Дык хай яны калоцяцца,
А нас
Не запалохаць — не на тых напалі:
Як нек'алі Еўропу ўратавалі —
Так і Зямлю ўратуем...
— Іншы час,
Не той расклад, інспектар...
Чалавецтва
Сябе
Баіцца — і калі яго
Мы і ўратуем — толькі для калецтва...
— А розум — што? А розум — для чаго?!
— А розум ёсць і ў прайдзісветаў розных:
Найлепшае, што маем на зямлі,
Прыдумана для бойні, для вайны...
Стварыць такое дурні не маглі,
Разумнікі зрабілі ўсё, яны...
Вось і спытайся: для чаго нам розум?..
— Ну, ты мяне не блытай...
Прайдзісвет —
Хто б ён ні быў —
наскрозь не пройдзе свет,
Яму хто-небудзь абламае рогі.
I ўрэшце існуе закон дарогі:
Ці «Жыгулі» ў цябе, ці драндулет —
Хутчэй за хуткасць трасы не паедзеш...
Да нас не звернеш?.. Можа, хату ўгледзіш?
Дапамагу купіць праз сельсавет,
Суседзьмі будзем...
— Мы і так суседзі.
Усе мы, як'ніколі, землякі.
— То ў госці да мяне давай заедзем.
— У госці можна...
Вечныя замкі
На кінутых, спусцелых хатах Селішч...
— Інспектар, як завуць цябе?
— Тарас.
Як водзіцца яно, за стоп мы селі.
— Шкада, што нельга...
— Гэта ў іншы раз.
— Заначаваць не хочаш?
— Неспадручна.
— А я сабе накапаю... Выключна
У гонар госця...
— Будзь, Тарас, здароў.
— ...Халера, пахне ружаю вятроў.
Скажы, а ты ўсур'ёз?..
— Пра што?
— Пра ружу.
— Калі запахла ёю, то ўсур'ёз.
— Павесялеў...
Надвор'е — на мароз:
Глядзі, каб ружа не замерзла, дружа.
— Жарт не без жару...
— Не гараць, дальбожа,
Адны перагарэлыя вуглі.
Вар'яты з прайдзісветамі. Нягожа
Нам іх баяцца. Быць таго не можа,
Каб мы іх, гадаў, Пе перамаглі.