Выбрать главу
— Весялей глядзі, заложнікі,— Жартам кідае шафёр.
Мы — заложнікі, заложнікі!.. Покуль дзень навек не згас, Мы — за кожнага, за кожнага, Нат за тых, хто супраць нас.
Нашы сэрцы не жалезныя — I да страшнага суда Мы ў залежнасці, залежныя Ад усіх, каго шкада.
Як бярозы белакорыя, Душы свецяцца ў смузе... Мы з шафёрам "Беламорыну" Моўчкі курым па чарзе.
Ён ківае мне на радыё, Уздыхае: — От народ... Дзень які! Жыві і радуйся...
Дыктар зноў пра Бліжні Ўсход. Кулі свішчуць. Бомбы вухаюць.
Дзень які? I век які? А бабулі памяць слухаюць, Памяць слухаюць дзядкі.
Дыктару ў адказ павохаюць I ўпадуць у забыццё, На грудзях абняўшы боханы, Як надзею на жыццё.
ВАРШАВА, ВОСЕНЬ-82
Варшава. Восень. Поўнач. Патрулі. Як гулка ў вулках аддаюцца крокі!..
Мы ціха наша свята правялі, Шампанскае не выбівала коркі У доме тым, куды мы забрылі I, ў паўзах нетаропкае гаворкі, Смакуючы, гаркавы чай пілі.
Там — да агню спіною — гаспадар Сядзеў, у цень хаваючы свой твар, Які калісьці ў сечы пакалечыў...
Пацёрты плед накінуўшы на плечы, Ён зябла рукі грэў аб самавар.
— Што ж,— ён казаў,—
цяпер не лепшы час, I гэткі час прыходзіць кожны раз, Як падмяняюць людзі напаказ Маною — праўду, мітуснёю — справу... 1 тым не менш я рады бачыць вас, Бо для кахання бог стварыў Варшаву.
Ён шклянку з чаем падымаў: — Віват! За вас, Хрысціна! I за вас, сабрат! П'ём за мілосць! Астатняе ўсё — марнасць. Ёсць чалавечых сэрцаў салідарнасць I закаханых душ маёвы сад. Варшаву для кахання бог стварыў!..
Пра гэта толькі ён і гаварыў, Я сіліўся размову перайначыць: — Вы ваявалі... — Гэта мала значыць! Па мне мая Варшава не заплача, Бо я кахання ёй не падарыў.
Я біўся за яе на ўсіх франтах. Калі ж вярнуўся ў славе і ў слязах, Мяне мая Варшава не прызнала... Яна сярод пажарышча стаяла, I ружа пунсавела ў валасах.
Я гавару прыгожа?.. Можа быць. Я позна стаў прыгожа гаварыць, Пасля таго, калі адхаркаў порах, Нянавісць, што ў маіх чарнела порах... З ёй у Варшаве немагчыма жыць.
— Паўсюль жывуць,— сказаў я неўпапад, Бо гэта мне карцела акурат, А гаспадар — паэт, былы салдат — Усяк адводзіў гэтую гаворку... I мне ў адказ ён усміхнуўся горка,
Зноў чай наліў і шклянку ўзняў: — Віват! Стварыў Варшаву для кахання бог...
I ў рэшце рэшт мяне ён перамог, Бо меў незразумелае мне права Ніжэй за ганьбу быць, Вышэй за славу...
I я не змог пераступіць парог З маёй Варшавы У яго Варшазу.
I ён праводзіў нас, Чужы — чужых, I мы пайшлі па вуліцах пустых, Дзе колкім ветрам забівала дых I між вітрын насіла павуціну, I хрыплае імя тваё —Хрысціна, Як плач няўцямны, мучыла мне слых.
I ў тую ж ноч, як торгнуўся цягнік I ўзнік у шкле аконным мой двайнік, Што бег з табою побач за вагонам, З густога ценю выплыў твар Я г о н ы — I да майго, Нібы двайнік, Прынік.
Зрываючыся з грукатам з маста, За ім ляцелі плач і пустата, Неправата жыцця і правата — I я не мог ад іх адгарадзіцца!
...Нарэшце, чай прынёсшы, правадніца Завесіла фіранкай твар Хрыста.
ПЫЛ ДАРОГ
Ці пясок залаты ён, ці смецце — Пыл дарог, што круцілі па свеце?.. Мітусня! Вызваляюся. Вецер Лёг ля брамы ў нядрэмны дазор, Як сабака. Бы сховы разор, Дні спусцелыя... I на дасвецці Вызваляецца неба ад зор.
***
Пералётная птушка зламала крыло аб драты Каля бацькавай хаты. I крычыць, як жалеза пілуе, яна: "Гэта ты! Гэта ты! Гэта ты вінаваты!" I на крык яе кругам вяртае важак чараду — Што ён стане рабіць?..