Выбрать главу
Цяпер — ці ніколі. Такая секундзе цана. Цяпер — ці ніколі. Няма што адкласці на потым. Да фінішу доўгія вёрсты работы, работы, работы, Да старту — Бясслаўя і славы — секунда адна.
ТРАКАЙ
Я помню, што песня была. Не помню якая. На захадзе тлелі чырвоныя вежы Тракая. Азёры Тракая чаўны калыхалі — такая
Знаёмая песня гучала... Не помню якая.
Быў жнівеньскі вечар, Азяблы ля возера. Росны, I пахла травою і рыбаю, мокрымі вёсламі. На вежу Тракая скацілася з воблака поўня. Усе дэкарацыі помню. А дзеі — не помню.
Так дзіўна не помню, што нельга на гэта забыцца. Нібыта былое яшчэ толькі думае збыцца — I можна ў ім нешта змяніць, перайначыць, падправіць, Бы ў п'есе, якую збіраюцца нанава ставіць.
Мінулага памяць, як сталь ліставая пад прэсам: Пружыніць — а гнецца... I вось перапісана п'еса, I той, хто ў старой пастаноўцы быў проста ў масоўцы, Стаць прагне героем у новай яе пастаноўцы.
Ды я не пра тое... А песня — пра раці князёвы. Мелодыя вольная, непаланёныя словы. Саб'ецца пагоня. I вершнікі коней напояць. Гісторыя — тое, што некаму выгадна помніць.
Што гоніць пагоню з Тракая да Крэўскага замка... Гісторыя з намі таргуецца, быццам цыганка. Стамлёнаму Вітаўту не дачакацца кароны. Законы гісторыі — гэта адчаю законы.
Я зноў не аб тым... Абрываецца думка. Сам-насам Я ў сённяшнім часе з мінулым і будучым часам. Іду па канаце. Дзве прорвы з бакоў, дзве лавіны. Бірута і Кейстут!.. Спяём і паплачам, літвіны!
Спяём і паплачам, напоўніўшы келіхі брагай, Спяём, і паплачам, і вып'ем да дна за адвагу, За продкаў адвагу, яшчэ за адвагу нашчадкаў, Мы — кладкі між імі, над плынню гісторыі кладкі.
Імя нам — кагорты: мільёны, мільёны, мільёны... Каб нас не забылі, пакінем нашчадкам імёны, Пакінем імёны! — адно на мільён дастаткова, Каб выспела ніва, дзе будзе пасеена слова,— а Слова Кладзецца на слова, як колас на колас Кладуцца, каб выстаяць вецер, і голас на голас, I вусны на вусны, I рукі злятаюць на рукі...
Не, песню не помню. Мелодыя... музыка... гукі...
ЖАЎНА

Ніне Мацяш

Нават рэха няма ў гэтым лесе, Няма нават рэха. А бывала чутно, Як вавёрка гуляла арэхам, Перакідвала з зуба на зуб... Векам, дупламі сточаны дуб Больш не просіць, Каб дзяцел прачысціў старэчае вуха Няма чаго слухаць. Глуха Ад відна да цямна, Быццам лес гэты выкляты лёсам...
I заплакала раптам жаўна, Не — запела адчайна жаўна, Што спрадвеку была безгалосай!
Як звінела яна! Скуль яна?.. і якая яна?..— Не відно!.. Толькі голас пярэсты! Толькі ў медным аркестры Залатая струна!
I ледзь-ледзь ажыла, Загула Медзь, якая была анямела. Палавіна аркестра гула: як змагла? Палавіна гула: як пасмела! Сыч схаваўся ў дупло. Закрычала сава звар'яцела: "Тут такой не было!.," Мала што не было! Не было — прыляцела. Над будзённаю скрухаю Святкаваў залаты яе голас...
Песні трэба, каб слухалі. Каб на песню быў голад. Толькі лес — як сцяна. Зрэдку вецер у вецці шугае,
Паляцела жаўна, Дзе яна свайго лесу шукае?
РОДНАЕ
Вясновы першы гром Скаціўся, як з гары, I рэха ля крыніц дубы хістае. Бусліная зямля. Азёры ды бары. Акопы ды палын. Зямля святая.
Тут не забыты плач. I не забіты смех. Не аціхае спеў чарод птушыных. Тут дождж не проста дождж. I снег не проста снег. Бо гэта дождж і снег над берагам Айчыны.