Выбрать главу

Сказанае ў часе належыць часу, аднак Някляеў не быў бы Някляевым, каб да гэтых хоць і кідкіх, але агульных фармулёвак не прыйшоў шляхам пакутлівага самааналізу, не далучыў чытача, рассцежыўшы душу, да схоўнага і патаемнага. Перадаць нюансы душэўных рухаў, якія не ляжаць на паверхні, а заяўляюць пра сябе ціхутка, нібы малодшыя браты пачуццяў вядомых, звыклых і праз тое пашыраных — вось на што скіраваны паэт у найадметных вершах і што, на наша перакананне, з'яўляецца ці павінна з'яўляцца сутнасцю сучаснай паэзіі. Прынамсі, у паэме "Наскрозь" у гэткім рэчышчы, з такім разуменнем сутнага напісаны часткі "Натхненне", "Адчай", "Імя", "Агонь", у кнізе "Наскрозь" – вершы "Хадок", "Варшава, во-сень...", "На радасць...", "Новы снег", "Дзе голаў прытулю...", "Перад табой", "Спадарожная":

Як асляпіла гэта сіла, Што скразнякамі ў нас гудзе. На міг адзін яна зрадніла – Яна навекі развядзе. Ніхто не будзе вінаваты!.. А ты - да страты, да расплаты, Да развітання за вярсту – Глядзіш, нібы сястра на брата, Як сірата на сірату.

Прамежкавым вынікам зробленага Уладзімірам Някляевым за папярэднія гады стала кніга "Галубіная пошта" (1986), пасля якой разам з паэтычнымі публікацыямі пачалі з'яўляцца ў друку і ягоныя творы ў прозе. Найболыны рэзананс мела аповесць, ці, як вызначыў яе аўтар, прыпавесць, "Вежа", напісаная ў не надта багатым на здабыткі ў нашай літаратуры гумарыстычным, фантастычным ключы. У вельмі сціслай па аб'ёме прасторы аповесці адбываецца столькі незвычайных падзей і з'яўляецца столькі нечаканых персанажаў, што твор гэты ўвачавідкі патрабаваў сцэнічнага ўвасаблення. Ён стаў асновай аднайменнай п'есы; спектакль быў бліс-куча пастаўлены ў Купалаўскім тэатры.

Не пакідае працаваць паэт і ў жанры песні, звяртаецца да публіцыстыкі і крытыкі. Літаратурнае імя Уладзіміра Някляева ўжо шырока вядомае за межамі Беларусі, творы ягоныя перакладаюцца на рускую, англійскую, іспанскую, французскую, нямецкую і іншыя мовы.

Разам з тым на перападзе 80 - 90-х гадоў, пазначаных агульным грамадска-палітычным і культурным крызісам, творчая актыўнасць Уладзіміра Някляева перапыняецца даволі працяглай паўзай: не выдаюцца ягоныя кнігі, рэдка з'яўляюцца публікацыі ў перыядычным друку. "Ператрываць гэты боль, Перамаўчаць гэты час", - так патлумачыць пры-чыну паўзы сам паэт.

Час гэты ў творчай біяграфіі паэта вонкава сапраўды выглядае як час маўчання, але толькі вонкава, бо ўнутрана, нібы прыхаваная ад таго, каб не сурочылі, выспявае кніга вершаў і паэм "Прошча". Кніга ў нечым пацвердзіла адно з даўніх дапушчэнняў Уладзіміра Някляева пра тое, "што чуць і бачыць - значыць быць маўклівым". У "Прошчы" значна паўней, глыбей, чым у любым ранейшым зборніку, пачута нячутнага і ўбачана нябачнага, а тым самым спраўджана ці не асноўнае прадвызначэнне паэзіі. У паўзе, як аказалася пасля з'яўлен-ня "Прошчы", іншым разам значна болып сэнсу, чым у таропка прамоўленым слове.

"Прошча" - не проста чарговая па часе кніга, а прынцыпова іншы, якасна новы этап у развіцці паэтыкі Уладзіміра Някляева, у ягоных пошуках адметнай стылістыкі, экспрэсіўных выяўленчых сродкаў. Выразна выявілася ў вершах і паэмах, што склалі кнігу, уласцівае аўтару імкненне да мак-сімальнага напаўнення энергетыкай як цалкам кожнага твора, так і асобнага радка. Дасягаецца гэта за кошт найашчаднага адбору слоў, скарыстання іх у колькасці мінімальнай, толькі зусім неабходнай для выяўлення сэнсу, думкі, пачуцця. У выніку значна ўзрастае сэнсавая і эмацыянальная нагрузка на слова, кожнае з якіх у сцяжцы радка набывае I шматзначнасць і шматпла-навасць. Гэта ўжо не эксперыменты дзеля эксперыментаў, як здаралася, напрыклад, у зборніку "Вынаходцы вятроў", а ўсвядомлены прынцып паэтычнага пісьма, пошукі і знаходкі сталага майстра, які даклад-на ведае, што ён стварае і дзеля чаго.

Кніга пачынаецца плаўна, як плаўна адплывае ад прыстані карабель, калі ні капітану пакуль, ні матросам, ні пасажырам невядома, якое іх чакае падарожжа, і ці па компасе, ці па зорках ім давядзецца плыць:

Намацваць рух радка, які ў зачыне,

Як шыць туман ці аблачыну ткаць...

I ўсё ж пачаць - хоць напачатку знаць, Што слоў, напісаных на аблачыне, Ніколі і нікому не чытаць.