Выбрать главу

ЕС 987 654 З20+1

Стэнаграма аднаго эксперымента

— Шэф, мы гатовы.

— Паехалі.

НАД ЗЯМЛЁЮ КРУЖУ ПАДРАНКАМ ДЗЕ АРЭХАВЫЯ КУСТЫ ТАК ПУСТЫЯ ЯК ПАД ФІРАНКАЙ ВОКНЫ ВЫБІТЫЯ ПУСТЫЯ
ДЗЕ ЗВЯЛІСЯ СЛЯДЫ ЛАСІНЫЯ ДЗЕ Ў ЛАГЧЫНАХ ДАКУЛЬ ВІДАЦЬ ПАВУКАМІ ДЫМЫ НА АСІНАХ ЯК НА ШЫБЕНІЦАХ ВІСЯЦЬ
ДЗЕ НА ЧОРНЫ ДЫВАН СУНІЧНІКА ШТО Ў КУРОДЫМЕ СПАРАХНЕЎ СЯДЗЕ ЗМОРАНАЯ СІНІЦА I ЎЖО ЛАПКАЙ НЕ ЗВАРУХНЕ
ДЗЕ ПРАБІТЫ ЛЯСНЫЯ ШАТЫ СКАМЯНЕЛЫМІ ВЕРШАЛІНАМІ БЫЦЦАМ ПОМНІКАМІ ГЕРАСТРАТАМ

— Стоп, рабяты!.. З памерам нешта не тое. Праграмісты!.. Самусёў, у чым справа?

— Натхненне прапала. Паэтэса ўсё-ткі.

— Пашуткуй мне!.. Запускай, няхай хоць рыфму ў апошнім катрэне вымучае.

— Да якога слова?

— Вершалінамі.

ВЕРШЫ ВЕРШАЦЦА ВЕРШМАШЫНАМІ

— Стоп! Хто лексіку ўводзіў? Скуль такія адзінкі?

— Лексема в е р ш у заданні была:

"Э к а л а г і ч н ы в е р ш".

— А в е р ш м а ш ы н а скуль?

— Сама прыдумала.

— Гы-гы.

— Каму там смешна?

— Самусёву.

— Выбачайце, шэф. Анекдот успомніў. Расказаць?

— У аддзеле кадраў раскажаш. Запускай!

ПОЎНЫ ВЕРШАМІ I БЫЛІНАМІ ЛЕС ЛІСЦЁВЫ ХВАЁВЫ ЗМЕШАНЫ ЛЕС ТЫ ПОМСТАЮ БУДЗЕШ УСЦЕШАНЫ СКРОЗЬ АРЭШНІКІ МЫ ЯК ВЕРШНІКІ ПРАЛАМАЛІСЯ
НЕ ДА ВЕРШЫКАЎ

— Чаму спынілася? Усё ж нармальна.

— Характар паказвае. Лірычнае я.

— Ты ў мяне дажартуешся!

— Думае яна, шэф.

— Яна думае! А ў цябе галава для чаго?

— Для перасадкі.

— Для лысіны ў цябе галава.

— Я не вінаваты, што лысы. Мяне ўраклі малога.

— Пайшла!..

НАС НІБЫТА ЎРАКЛІ СУРОЧЫЛІ I ЗЯМЛЯ У ЗАВОДАХ I ФАБРЫКАХ НА АРЭШЫНЕ ЯБЛЫКАМ СТОЧАНЫМ ЛЕДЗЬ ВІСІЦЬ ПАСАДЗІ СВАЮ ЯБЛЫНЮ

— Ну што там, нарэшце!..

— Засаромелася. Яблык на арэшыну павесіла.

— Ёй усё адно: што арэх, што яблык. Абы круглы.

— I лысы.

— Гы...

— До выдурвацца!

— Шэф, сур'ёзна: не ідзе ў яе сёння гэты памер.

— А што за памер такі? Ямб? Харэй?

— Гекзаметр.

— Гы-гы.

— Каму там зноў смешна?

— Самусёву.

— Выбачайце, шэф. Гамера ўспомніў: вяртаецца Адысей з камандзіроўкі...

— Самусёў!

— А жонка...

— Самусёў!

— Што?

— Ты ў Грэцыі ў камандзіроўцы быў?

— Не.

— I не будзеш. I жонцы гэта перадай.

— Шэф, пашкадуйце... Паспрабуем накінуць пару стоп.

— Накінь. Толькі гэта апошняе, што ты ў мяне робіш.

ПОМСТА ЛЮДСКАЯ НІШТО ПЕРАД ПОМСТАЙ ПРЫРОДЫ СПРАТЫ ЛЮДСКІЯ НІШТО ПЕРАД СПРАТАМІ ВЕЧНАСЦІ СПРАТАМІ ВЕЧНАСЦІ СПРАТАМІ ВЕЧНАСЦІ ЗНІКНУЦЬ У ВЕЧНАСЦІ СПРАТАХ ЛЯСЫ I НАРОДЫ БЕЗ ЧАЛАВЕЧНАСЦІ БЕЗ ЧАЛАВЕЧНАСЦІ БЕЗ ЧАЛАВЕЧНАСЦІ БЕЗ ЧАЛАВЕЧНАСЦІ БЕЗ ЧАЛАВЕЧНАСЦІ

— Самусёў! Доўга яна заікацца будзе?

— Заклініла яе на чалавечнасці. У, жа-ле-за!

— Эксперымент скончаны. Нікога не затрымліваю. Усе вольныя.

— Шэф...

— Прывітанне жонцы, Самусёў!

БАЛАДА ГОРАДА
Перад сённяшнім днём на далонях маіх, як на плошчах, піраміды гадоў. Ім пара ўжо зрабіць пералік. Быў год-горад... Калісь я увайшоў у яго пераможцам, адштурхнуўшы плячом — непатрэбны вяртацца — цягнік.
Я з'явіўся спазнаць таямніцу свайго існавання, кругабегу твайго,— горад, ідал мой, сфінкс,— каб дапяць ад асноў да высноў і на зданях таемных, на вежах каменных маўчання, на шляхоў скрыжаваннях развесіць імклівыя ветразі слоў.
За наіўнасць караюць... Ты ў зрэнках загадку затойваў, калі я трос цябе за грудкі і крычаў: — Разгадаў!
Знаў, якая адплата прыдумана лёсам за тое мне?.. Ці не знаў?
Ты маўчаў... Бубны плошчаў маўчалі. Маўчала струна кантрабаса-праспекта. На цымбалах правулкаў і вулак дарэмна я граць спрабаваў!