Выбрать главу
Ён быў у забыцці. Нібы асобна Сам ад сябе. Нібы на месцы лобным Клаў горб на плаху: "Болей не магу..." I ці жанчына, ці сама дарога Шаптала, закалыхвала: "Нябога... Я разумею... Я дапамагу..."
— Я Таня,— ранкам голас прагучаў... I пакрысе ачуньваць ён пачаў; — Я Таня,— паўтарыла правадніца.— Пара ўставаць. Прыехалі. Сталіца.
"Якая Таня?" — ён хацеў здзівіцца, Але, як нешта ўспомніў, прамаўчаў. — Я зараз. Пачакай крыху, Андрэй.
"Імя! Маё! Я сам яго забыўся",— Жахнуўся ён — і бокам да дзвярэй Пасунуўся...
На горад снег валіўся, Асенні, ранні, нечаканы снег. — Чакай, Андрэй! — I ён тады пабег. — Чакай, Андрэй!..— Яна яго дагнала, Прывыклая да таўкатні вакзала, Перахапіла: "Нас чакаюць дома..."
"Дзе — дома? Скуль імя маё вядома? Наогул: хто яна? Чаму са мной, Як са знаёмым даўнім, размаўляе?.." Пацепнула плячыма Таня: — Ой, Як холадна. Зімою павявае.— I пад руку ўзяла яго: — Бягом!
Маўчаў ён па дарозе. Калі ў дом Зайшлі і селі —ён маўчаў таксама.
Жанчына іх сустрэла. — Гэта мама...
Пілі на кухні каву з малаком — I ўсім траім было ніякавата.
Прыйшоў мужчына ў фрэнчы: — Гэта тата...
— Ну, добра: тата, мама... Хто ж такі Наш госць? — спытаў мужчына ўсіх, імкліва Да Тані павярнуўшыся... Крыўдліва Сляза з яе скацілася шчакі. — I праўда што, Андрэй... Маўчыш, як дзіва... Ты з цёткай той быў болей гаваркі.
"З якою цёткай?" — думаў ён спытаць, Але жанчына перабіла словы: — Даволі ўжо на хлопца нападаць. Хай памаўчыць. Калі не пень яловы, Сказаць захоча — знойдзе што сказаць.
...Так ён знайшоў прытулак свой, аднак Так і не ўцяміў, што за тайны знак Яму пасланы гарбуновым богам, I сіліўся, прыпамінаў дарогу... Ён ехаў больш за суткі як-ніяк, А помніў толькі шэпты, толькі стукі — I ўсё... I адчуваў сябе ён так, Як сам сябе спаткаў пасля разлукі.
Яго Таццянін бацька ўладкаваў На млын рабочым... Ён мяшкі цягаў, Ад поту і мукі сівы, салоны Дамоў прыходзіў, мыўся... Памагаў У хатніх справах... У жыцці ягоным Хоць нейкі сэнс нарэшце праступаў.
Цяпер яго бянтэжыла Таццяна... У схованцы душы, спачатку цьмяна, А з кожным днём усё ярчэй, ярчэй Цяпельца разгаралася; вачэй Не мог падняць, калі яна стаяла Насупраць... Без яе было лягчэй, Бо, як раней, з ёй побач прыціскала Гарой гарба, праклятаю навалай, Не скінутай з натруджаных плячэй.
Яго таміла гэта пачуццё. Пракручвалася ў памяці жыццё: У ім такога не было і блізка... Здаралася: дзяўчат лавіў і ціскаў, Яны крычалі; Ванду абдымаў, Але такога не было і з Вандай...
Ён браў люстэрка, зачыняўся ў ваннай I горб з плячэй, як мех з мукой, скідаў.
З люстэрка, з-пад прытомленых павек Глядзеў Звычайны Голы Чалавек, Не лепшы за астатніх і не горшы, Усмешкай ганарлівай губы моршчыў... Жабрак. I ён падумаў: трэба грошай Паболей зарабіць... Ён наледзь сек, Капаў зямлю, цэмент грузіў і вугаль, Дамоў прыходзіў — і валіўся ў вугал, I засынаў, здавалася, навек.
Аднак з тых грошай толку не было: Іх трэба зарабляць умець і траціць, Тым больш што браць іх не хацелі ў хаце... I зноўку ў ім заторгалася зло: Выходзіла, што ён дарма лапаціў! Упрогшыся ў работу, быццам вол, Высільваўся дарэмна!.. Навакол Ён вымяраўся не па звыклых мерках, Са скідкаю... I ён каньяк на стол Паставіў неяк. I зрабіў праверку.
...Не, не, ён не прасіў яе рукі, На гэта проста смеласці б не стала. I ўсё-ткі нешта над сталом вітала Такое, што сумеліся бацькі I Таня палахліва паглядала.