Выбрать главу
Ч а с т к а п е р ш а я
Натхненне
Паэт працуе так: Пяро бярэ, паперу I піша: Я...
Пасля Паэт шукае рыфму. Ці не шукае рыфму.
Я... (Шукае рыфму.) Руль — патруль. Танцы — шманцы! (П'е ваду.) Буль-буль. (Муху забівае на фіранцы.)
...Гэта ўсё прэлюдыя пакуль, Калатня нервовая ў чаканцы.
Вершы прылятаюць ніадкуль — Космасу таемнага пасланцы.
Перад імі шчэ ідзе сігнал, I душа яго прымае, змершы. А пасля ўжо, як дзевяты вал,— Вершы! Ці падобнае на вершы.
Муляжы васковыя. Падман. Здольны рыфмаваць і графаман: Мэты — мэтры, метры — мінарэты. Толькі графаманы — не паэты.
Графаман — водаправодны кран, Скуль ён сам і налівае ў збан Ронда, мадрыгалы і санеты... Ёсць водаправодныя сюжэты (Пахне з тых сюжэтаў, як з клазетаў), Ад якіх залежыць графаман. А паэту напляваць на гэта, У паэта Незалежны стан: Не водаправодны акіян — Вольны акіян душа паэта.
Не прыняць сігнал, пасланы ёй, Графаману. Ён экранаваны I яшчэ прысыпаны зямлёй. А сігнал пасланы... Божа мой, Як зямлю гайдаюць акіяны!
Вось пайшоў, узняўся першы вал... Скалануў ён ля падножжа скал Валуноў зялёную аслізласць! Не затым, каб морды ім аблізваць,
З космасу пасланы быў сігнал!
Навальнічна акіян грыміць! Хто схаваўся ў мох — служы абедню. Што зрабіць не здолеў папярэдні — Вал наступны здолее зрабіць.
У гайданцы гэтай не ўстаяць, Мёртва Учапіўшыся За звычкі. Валуны пакоцяцца, як знічкі. Сам паэт не знае, што чакаць, Што ўсплыве з глыбінь акіянічных.
Акіян яму не паслугач. Разгрымеўся, разгайдаўся, бач!
Гэту сілу не ўтрымаць аберуч. Ад яе — у роспачы, зняверы — Кідаўся паэт у крык, у плач, Як кіты кідаюцца на бераг... Быць паэтам — рызыка, Слухач.
Дзе у вершаванай гарадзьбе Пралягаюць рубяжы і межы?.. Дзе паэт не сам сабе належыць - Графаман належыць сам сабе.
Над паэтам вісне, як абух, Боль сусвету. Бед яго і скрух Будучая памяць і былая. Графаман пра тое знаць не знае. Як паэта вылучыць з іх двух? У паэта нескароны дух, Вольны дух I памяць балявая.
Ч а с т к а д р уг а я
Рэмінісцэнцыі
Душа ў нябыт глядзіць блакітна.
Быў час ракетны і ракітны, Радарны і гітарны — Бітлаў I першых трас касмічных час. Не змарнаваць ягонай славы!
На бераг левы, Бераг правы Не раскідаць яго і нас Быў час паэтаў На планеце.
Гуляла вольніца па свеце — Губляла вольніца сляды... Шасцідзесятыя гады.
Як на рацэ вясновай крыгі, Яны крышылі край адлігі — I скрозь грымела і гуло, I нешта чулася ў тым гудзе З таго, чаго ўжо больш не будзе, Чаго, мажліва, не было.
Усё было. Не ўсё збылося.
Але, каб зноўку давялося Пражыць нам гэтыя гады,— Наўрад ці мы жылі б іначай... Няма чаго пушок юначы Хаваць у венік барады.
На вопыт скрозь вялікі попыт, Праз боль і соль прыходзіць вопыт, Яго набыць — жыццё пражыць.
А тут — краіна ўся. Дзяржава. Яе — пакуты, гонар, слава. Ідзе яна —зямля дрыжыць.
Мы брукары твае, эпоха! Хай выбіваюць кас патроху Твае маланкі і грамы,
Аднак адказнасць нам не скора Здаваць За час свой, за прастору... Час і прастора — гэта Мы.
Мы — лёс краіны і эпохі. I калі нас кусаюць блохі, Махнём неасцярожна — ох, Наломім дроў, навалім лесу... Час навуковага прагрэсу — Час вельмі прагрэсіўных блох.
Ды што там, зрэшты... Наш савецкі, Нядаўні час быў; Рух Плісецкай Галёрцы шыі выгінаў, I, як жывы курган Мамаеў, Спяваў набатна Магамаеў, I бухенвальдскі звон стагнаў: "Людзі свету, на хвіліну ўстаньце..."