Мяркуючы па радках, што адкрываюць кнігу, плыць хутчэй за ўсё давядзецца па зорках, нават па інтуіцыі, таму аўтара, які ўжо на самым пачатку плавання думае пра тое, з чым вернецца, доўга-доўга, да самай Індыі не адпускае родны бераг. На беразе тым аддаляецца, а праз тое пазбаўляецца дробязей, абагульняецца, набывае маштаб усё найістотнае, найкрэўнае, найдарагое - і сярод усяго, знакам пачатку ўсяго "сінее на роднай зямлі васільком на радне" возера Прошча.
Паводле "Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы", прошча - месца, надзеленае надзвычайнай сілай, дзе здзяйсняюцца самыя таемныя цуды, наогул адбываецца нешта неверагоднае, магчымае толькі тут і болей нідзе. Апроч таго, як удакладняе "Слоўнік беларускай мовы" І.І. Насовіча, прошча - месца абавязкова асвячонае, з крыжам ці капліцаю пры ім, куды на святы ідуць з царквы хрэсным ходам. "Ідуць к яму, як на прошчу якую", - даецца прыклад ужывання слова ў адным слоўніку, а ў другім прыклад такі: "Гэта не царква, а прошча..."
У паэме, якая зусім не выпадкова дала назву ўсёй кнізе, возера ашчадна зберагае храм са званіцай на самым сваім дне. Уладзімір Някляеў сумяшчае царкву і прошчу, хавае ад бязладдзя і лютасці святое ў святым - і ўжо адным гэтым стварае глыбінны вобраз, шматмерную метафару, ключавую для разумення астатніх паэм. Ключавую, 6о, так ці інакш, дзеі, што адбываюцца і ў "Індыі", і ў "Зоне", і ў "Саракавінах", па сутнасці адбываюцца ў адным месцы - прошчы, зыходзячы з гэтай святыні і вяртаючыся ў яе. Да таго ж, як можна меркаваць, адбываюцца яны хоць і ў розныя гады і вякі, але зноў-такі ў адным часе, агульнымі прыкметамі якога з'яўляюцца адсутнасць гармоніі, страта раўнавагі паміж зямным і нябесным. Не трымаючы гэтага на ўвазе, не адчуваючы дзеі ў адным і тым жа мес-цы і часе, кнігу Уладзіміра Някляева, ягоных "слоў, напісаных на аблачыне", сапраўды не прачытаць. Ва ўсякім разе не прачытаць так і пра тое, як і пра што кніга напісана.
Кніга гэтая наскрозь метафарычная, напоўненая паветрам і снамі, таму што сны - таксама паветра, якім і дыхае метафара. Яна, метафара, як сцвярджае амерыканскі філосаф і логік Д. Дэвінсан, - гэта "Dream work of language", моўная праца ў сне, для паэта няспынная. Сон дапамагае супаставіць, зблізіць пласты рэальнасці, надта аддаленыя наяве. Сведчанні моўных сноў можна знайсці шмат у якіх паэтаў: напрыклад, Пушкін прызнаваўся, што геніяльны верш "Прарок" цалкам яму прысніўся.
Зборнік "Прошча", апроч зместу, уражвае таксама прадуманасцю, стройнасцю кампазіцыйнай пабудовы. Ён складзены з чатырох частак, якія маюць назвы змешчаных у іх паэм, што заключаюць кожную частку, канцэнтруючы ў сабе матывы папярэдніх вершаў. У сваю чаргу кожная з паэм мае некалькі ўзроўняў, пластоў на паверхні і ў глыбіні. Паэма "Прошча" - гэта не толькі рамантычная легенда пра кахан-не, але і намаганне спасцігнуць сутнаснае прадвызначэнне мастацтва, мастака ("Калі ты званар ці калі ты гіаэт, жыві на званіцы"), і спроба прайсці кругавым шляхам гісторыі з яе паўторамі, вірамі, з якіх - жудасны вобраз! - у каторы раз "з крывавым усхліпам калода ўсплыла - і меч на калодзе". Паэма "Зона" з яе атамным богам - гэта той жа кругавы шлях чалавецтва, пыхлівага ў сваіх амбіцыях і прэтэнзіях, якія ў суперніцтве з боскай прыродай нічога чалавеку не далі, апроч той жа калоды з тым жа мячом, толькі страшнейшым у сваёй знішчальнай сіле. "Індыя" - крок на вышыню, рух па вертыкалі - каб сысці з кругавога шляху; гэтая паэма - духоўная прыгода, праз якую ўсведамляюцца найскладаныя субстанцыі быцця, узаемаспляценні веры, творчасці, грахоўнасці, святасці. Калі індыйскі Свамі, манах, якому вядомая горная дарога ў неба, прыводзіць паэта да Марыі, Святой Дзевы, дык унутры ўласнай міфалогіі Уладзіміра Някляева гэта зноў жа "каханне як уратаванне", але ўжо на новым, непараўнальна болын высокім узроўні духоўнасці. I нарэшце ў "Саракавінах", у снах пра вечнае жыццё і пра вечную смерць, ступіўшы на масток з адной рэальнасці ў другую, паэт завяршае кнігу тэмай для яго найзначнай - тэмай чалавечай адзіноты побач з усімі і чалавечай віны перад усім. Герой паэмы няўлоўны, прывідны, ён хаваецца то ў займенніку "я", то ў займенніку "ты", існуе то ў жыцці, то ў смерці ("Калі памёр, скажы, што ты жывы"), але відавочна, што гэта нехта з нас, з тых, хто спавядаецца ў віне, вырываецца з адзіноты і ці бліжняга свайго, ці невядома каго просіць, заклінае: