Выбрать главу
Не больш, не менш балелі страты. Чакалі дня, калі на свята Народаў сыдзецца радня, I праз агні вайны, праз мукі Радня Радні Пацісне рукі... Чакалі дня. Чакаем дня.
Выходзіць, змен няшмат у часе... Едзь на Гнядку ці на Пегасе — Той самы транспарт гужавы. Плывуць сцямнела тыя ж хмары...
Але ўсміхаўся нам Гагарын, Твардоўскі быў яшчэ жывы.
Не лепш было, я не пра гэта. Было не горш, я не пра тое. Прыходзяць новыя паэты. Прыходзяць новыя героі.
Але застаўся знак ахоўны На часе тым, як смак няўлоўны Таго паветра, той вады. Вяло на стадыёны слова. Не ведаў свет пра Каралёва, Але ён быў...
Не напалову — Перараблялі нас нанова Шасцідзесятыя гады.
Мы зыркім іх святлом сагрэты. Не сцерці ў часе іх прыкметы, Як са стала Нагар свячны... У дзённы час і ў час начны Не забывайце іх, паэты.
Ч а с т к а т р э ц я я
Адчай
Раніцой, як тры разы памёршы, Да стала начнога ледзьве ўстаў. Прачытаў напісанае... Горшай Дурасці спрадвеку не чытаў.
Застагнаў. Паперыны скамечыў. Грымнуў кулакамі: "Завяршу Лёс!
Не так жыву, не так пішу!
Словы ўсе— як стылы попел з печы. Божа, прызаві маю душу! Калі ёсць ты — літасці прашу... Дар твой не па сіле чалавечай".
Вылаяўся. З лютасцю глухой Паглядзеў на кніжныя паліцы. "Кнігі, кнігі... Думак бліскавіцы. Для чаго яны ўсе? Каб пыліцца? На мышыным свяце стаць трухой?
Геніі сціралі пот з ілба. Думалі. Гібелі да гарба. Розуму вучылі, а хіба Стала разумнейшым чалавецтва? Войны скрозь, драпежніцтва, калецтва. Раб, як жыў,— жыве з душой раба. Зброя, як кавалася,— куецца. Кнігі ўсе — на камені сяўба.
Столькі напісалі — і дарма. Праўду вызвалялі з-пад ярма, Джала ў вусны ўкладвалі прароку. У-у-у, пасталі!.. Ні з якога боку Месца, каб уціснуцца, няма.
Вокладкі якія... О-го-го. Ну, стаяць. А толку? Што з таго?.. Дык нашто пісаць і для чаго Тое, што нікому не патрэбна? I пра што Пісаць?.. З грудка свайго Услаўляць праслаўленых?.. Ганебна, Бараніць абдзеленых? Каго?..
Не, пара канчаць!.. Труха, кара, Мітульга наўкола, мішура, Сцёртых слоў біблейская аскома. Рві апошні ліст з календара! Пра жыццё наскрозь усё вядома. Што за ім? — даведацца пара.
Хто ў жыцці трымае? Толькі страх. Страх адзін, Што там Таксама прах, Прах адзін — і болей анічога, Ні чарцей ніякіх і ні бога. Як з труны глядзіць нябожчык строга!
Што ў яго заплюшчаных вачах: Скончаная, Новая дарога? Будучага цені ці былога? Што ён бачыць у бясконцых снах? Вершы — сны. Паэзіі тамы — Соннікі. Паэты — шарлатаны, Ашуканцы, шулеры, шаманы, Вечнікі кайданаў і турмы... Геніі, прарокі — з іх гурмы.
Па заслугах — суд ім! Бо якы Пасярод разбою і вайны Навявалі залатыя сны, Клікалі ў завоблачныя высі...
Ну якія з гэтых сноў збыліся? Што ў іх кнігах, акрамя маны?
До маніць. I іншым, і сабе. До штукарыць. Потам на ілбе, Балявой крывінкай на губе Не мана, а праўда праступае: Слову, што народзіцца ў табе, Далакоп магілу ўжо капае.
Сіла слоў... Якая ў слове сіла? Колькі слоў у кроў перамясіла Сіла ўлады, зброі — і магіла Роўная з зямлёй. Пясок ды жвір. Весяліла слова, галасіла. Вопратку блазенскую насіла, Распранулі — пустата. Пухір.
Зеўрыць пустата. Яна гатова Праглынуць. Адрокшыся ад слова, Трэба адракацца ад жыцця. Больш рабіць няма чаго... Хаця..."