Выбрать главу
Не наглядзецца на жывы агонь, На зменлівасць яго імклівых ліній... Агонь жывы, пакуль у іскрах сініх Не дагарыць да стрыжня абалонь.
А потым попел. Галавешак чад. А тое, што свяціла, дзе падзета? Іскрынкі... змена ліній... Словам, гэта, Што і было агнём тут Міг назад?
"Энергія?.. Законы?.." Не смяшы, Таварыш мой!.. Якая ўсё-ткі проза! Агонь — душа, таварыш мой, А розум — Нязведанае паліва душы. Не ён —агонь. Не ён — наш валадар. Сябе самога розум спасцігае.
Душа жывая, што ж нас спапяляе? Скуль у смяротных бессмяроцця дар?
Дакажа розум: нам усім сканаць. Душа — нам жыць. I розум хмурыць бровы. Замест "гарыць агонь" — "згараюць дровы" Наш розум нам падказвае казаць,
Але гараць, гараць, гараць агні У гоне дзён, у зменлівасці ліній... Таварыш мой, якія ў свеце ліўні! Схавай адну жарынку ў далані.
Я веру ў розум. Не яго віню. Напрогся ён — і вынайшаў браню, I сталі верталётамі стракозы... Ды хай яму таваркай будзе проза. Паэзія — таварышка агню.
Таварыш! Мы ўстаем насустрач дню — Хто апяваць, хто пілаваць бярозы... Што розум — Розум, — ведама каню. Баронячы душу, я бараню I розум тых, хто ўжо губляе розум.
Яго я ад вар'ятаў бараню, Ад прайдзісветаў, што яго шальмуюць... Якія толькі шэльмы ні начуюць, Таварыш мой, ля нашага агню.
Пры чым тут мы з табою? Ні пры чым. Агонь для ўсіх, хто змог яго заўважыць. А хто на ім гарыць, хто сала смажыць — Адразу і не скажаш. Памаўчым.
Саміх сябе засмажыць не дадзім. Шчэ пахрумсцім, як качаны з марозу. Таварыш, ці не надта мы цвяроза Каля цяпельца нашага сядзім?
Жыццё ідзе. I справіцца яно З атрутным жахам, што з прадоння выплыў. Мы пройдзем шлях, які на долю выпаў. Глядзі, як ясна свеціцца віно... Агонь гарыць... Давай за гэта вып'ем.
Л і р ы ч н а е а д с т у п л е н н е
Працяг пабочнай тэмы
Паэт знішчае алкаголь!.. Яшчэ Закусвае. I рэдка чысціць зубы. Такі распуснік! Павуціну тчэ: Як гляне на жанчыну — урачэ. Бандыта ўночы ўбачыць — уцячэ. Бандыты з ім сябе паводзяць груба.
Якую б мне, слухач, Дэталь Дадаць Да гэтага узнёслага партрэта?.. Баюся, каб не кінуў ты чытаць, Дакладней, слухаць пра жыццё паэта.
Таму, каб не труціць далей душу I не псаваць прыстойнага тавару, Адразу ж адступленне завяршу, Прызнаўшыся ў канцы, у чым грашу, Што ўсім зусім паэту не да твару: Напісана яно для ганарару. Давай з яго гульнём на пару мы! Абдымемся. Спяём. Хаця б фальцэтам.
Давай адрознім лета ад зімы У шостай частцы Нашага канцэрта.
Ч а с т к а ш о с т а я Крамольная
Слухач, ты ўжо вуха наставіў: Крамола?.. Паэтавы выбрыкі!.. Так, гэтае слова я ўставіў, Каб ты яго выкінуў.
Крамола — не з матам куплеты, Не песні блатныя пра Мурку... На службе дзяржаўнай паэту Быць нельга прыдуркам.
Паэт! Калі страх — неадольны, Калі асцярога скавала, Успомні: быў Ленін крамольны, Крамольныя Пушкін, Купала.
Гісторыі кола Заўсёды круціла крамола.
Стагналі Афіны, Цары вар'яцелі на тронах — Чырвонай цаглінай Слізгала крамола па скронях!
Пра час лапачы... Яно не ў карысць і не ў шкоду. Краналі мячы Лілейную шыю свабоды.
Яе бараніць Уставала насупраць дазволу, Каб антыскарыцца і антыскарыць - З каламі крамола!
Усе сховы — часовыя. Хай рукі скрыжуюцца змучана — Крамольна галовы Да жылістых каркаў прыкручаны!.
Крамольніка слава Мінуе на ўчынак не здольных... Апошняя справа Хадзіць у крамольных.