НАСЦЕЖ
Зрэшты, жыцце як жыцце.
Варта было нарадзіцца.
Падае светла лісцё.
Ціха крыніца бруіцца.
Сінія градзіны сліў,
Ветразь на чоўне рыбачым,-
Хто не народжаны быў,
Той аніколі не ўбачыць.
Радуйся! Зорныя дзверцы
Насцеж - табе аднаму.
Зрэшты, не страшна памерці.
Незразумела, чаму.
ЗВЕР
Помні ўсіх - i нікога не помні.
Ідучы ў нікуды,
Толькі ты, што праходзіш па полі,
Засяваеш сляды.
Знай пра ўсё - і нічога не ведай.
Ідучы наўздагад,
Толькі ты, што праходзіш без следу,
Не павернеш назад.
Пасярод мітусні і зняверу,
Між бязладдзя ўсяго
Ты адзін усміхаешся зверу
За самога яго.
ВОЛЯ
Здабыў я ўрэшце волю на зямлі.
Сябры былі.
Каханыя былі.
Іх стала меней.
Адзіноты - болей...
I гэта ўсё, бадай, што я займеў ад волі.
ЛЕБЕДЗЬ
У горадзе, што спрэс спавіты дротам,
Сляпая, ад сцяны і да сцяны,
Да адзіноты мкнецца адзінота
I набывае голас драцяны.
Яна крычыць, як металічны лебедзь!..
Таварышу званю, кажу: "Як-небудзь
Спаткаемся...".
I кажа ён: "Звані",-
З уласнай адзінотай дзень пры дні.
I пуста так - як вецер дзьме трубою...
Сваю бяду рукамі развяду
I сам сябе спытаю: "Што з табою?".
Плячом пацепну.
Трубку пакладу.
СТАН
Як прывіды,
як сны пра сны,
як здані
Душу маю
пакінулі жаданні.
Як пры пажары выбягаюць з дому,
Яны з мяне - натоўпам! прэч!
Нікому
Казаць пра тое нельга - я кажу:
Нібы жабрак абкрадзены, дрыжу
Сярод руін на шэрым папялішчы,
Дзе ў коміне сіроцкі вецер свішча
I гоніць, круціць попел, сажу, дым...
З усімі так?..
Ці так са мной адным?..
"ЗІМОВЫЯ МРОІ"
Надпіс на карціне А.МАРАЧКІНА
Гэта жыццё - быццам жыць я не ўмею:
Злое, крывое.
Разбагацею - куплю ў Аляксея
Зімовыя мроі.
Іх пасялю я не ў хату, не ў клець -
У прасторную пушчу,
Каб неспатольна і вольна глядзець
На саснёную птушку...
...Перад вачыма - хоць акасей! -
Крамы, праграмы.
Жах, як крычыць твая птушка, Ляксей!
Б'ецца аб рамы.
ПРАЗ КАЛІНУ
Кіну ўсё, чаго дасюль не кінуў,
Пакладу стамлёна галаву
На даспелую траву
Пад чырвоную каліну.
На нябёсы вольныя, на хмары
Праз пажар калінавы зірну
I пад ім засну
3 мараю аб тым, пра што не марыў.
ЗНІЧКА
Ля самай скроні свету
Слізне і прападзе.
Ні водгуку, ні следу
Нідзе, нідзе, нідзе.
А свет сабе гудзе,
Як перад святам пошта.
Слізне - і прападзе.
Адкуль? Куды? Навошта?
Праз ніцы вербалоз -
Сцяжына ў вольным полі.
Адно і ёсць - што лёс.
...А што бывае болей?
ЗМЕІ
Лёс як лёс: з двух бакоў - пустата.
Век да веку - мастом да маста,
I чытаецца драма з ліста,
Не дабрэе жыццё і не злее...
Бог з машыны.
Маліна з куста.
I ў малінніку любяцца змеі.
КОСЦЬ
А што твой лёс? Змаганне з Богам?
Сабаку кінутая косць?
Недасягальнасць перамогі -
Усё, што ў гэтым лёсе ёсць.
ПРОШЧА.
Паэма
1
Зноў вецер на ўзлеску агнём залатым
Асіну палошча.
За ветрам за тым і за ўзлескам за тым
Ёсць возера Прошча.