Выбрать главу
За ноч адну і тысячы начэй, Заплеценых абдымкамі ў абдымак, Не наталіць да слодычы вачэй, Не злаіпчыць губ - не сцалаваць з плячэй Рассыпаных Сузор'ем Рыб Радзімак.
А неба, дзе плыве сузор'е Рыб, Ушыркі рассыпаецца і ўглыб Пустотамі міжгалактычных дымак, Хоць нанава нябёсы перасып, Сузор'і ўсе - абдымкамі ў абдымак.
Што нам да неба - і яму да нас?.. Так соладка, нібы ў апошні раз Ляцім у снах - абдымкамі ў абдымак, I ў валасах, не выбраныя ў час, Праменяцца сузор'і невідзімак I сыпяцца, як срэбра на атлас.
***
Тым быў час і не тым, а затым Нават часам не быў ён, затое Праступала імя залатое На пярсцёнку тваім залатым.
I калі, не ўтаіўшы імя, Ты адкрыла яго і назвала, Ты ўжо знала, што часу не мала I не многа, а проста няма.
Ён з нічога, з малітвы тваёй Узнікаў, як пустэча ў пустэчы, I яго абняла ты за плечы - I сышліся далонь з даланёй.
Ты ўжо знала: нікога няма У абдымках тваіх,- ты ўжо знала I пустое ў пустым абдымала, I ў пустэчы блукала сама.
I збірала пустое ў пустым, I складала пустое ў пустое, I было залатым залатое - I пустое было залатым.
***
Прыбегла з марозу, на вейках зара -
I хрумстка, і свежа, і снежна з парогу! Яшчэ ў нас наперадзе, дзякаваць Богу, I срэбная, і залатая пара.
Яшчэ майскім мёдам гарчыш на губах, I пахне каханне пралескай пад снегам, I ў смех - раўнаваць, каб наяве і ў снах Не верыць вяртанню, сачыць за пабегам.
Яшчэ не ў апёк дакрананне да болю, I лёгка наш лёс вызначаецца тым, Чаго перад чым назбіраецца болей: Пабегам адным ці вяртаннем адным.
***
Ветраны ранак апошняга дня лістапада. Першыя подыхі неасмялелай зімы. Далеч наперадзе... Сцены і лесвіцы ззаду. Не азірайся, каханая: гэта не мы!
Гэта не нас даганяе па лесвіцах здрада, Гэта не мы сярод сцен, як з нямою нямы, Гэта не з намі нянавісць засела ў засаду, - Ты не палохайся, любая: гэта не мы...
Гэта ў пару, калі мёдам набраліся соты, Згаслі маланкі, бязладна грамы адгулі, Раптам над ранкам, над ветрам, над снегам з лістотай Прывіды нашы, спалохаўшы нас, праплылі.
***
Неба застаўлена пасткамі, Глянеш - і цягне ў нябыт... Што ты згубіла ў ім, ластаўка, Бліскаўка, метэарыт?
Там, пад сінечаю цупкаю, Зор захінаючы раць, Воблакі, сшытыя дзюбкаю, У бліскавіцах гараць.
Што ты шукаеш там, мілая? Там без цябе ўсё было, Швейка мая хуткакрылая - Спаленае крыло.
***
Глухі завулак. Вецер. Ноч. Расстанне. Я затулюся, падыму каўнер I ўспомню мімалётнае каханне, Як паляванне ўспамінае звер.
Імя згадаю. Плечы. Вусны. Вочы. Было ж яно! Ну як я мог забыць! I цень ягоны над прадоннем ночы, Нібы анёл ружовы праляціць.
У цені тым, знікаюча-імклівым, Што ледзьве ўзняў - і абламаў крыло, Хоць міг адзін я пражыву шчаслівым... Як звер, што п'е ружовае святло.
***
У Баранавічах снег. Праз дарогу - змеі: Нізкі, роўны, доўгі бег Белае завеі.
Анікога тут няма З тых, хто быў бы любы. Ды забытае імя Вышапталі губы.
I забыты твар узнік Прывідна - да рання У акно глядзеў двайнік Юнага кахання.
Там яно - на тым баку Змушанай разлукі На расстайным скразняку Прасцірала рукі.
Там пытала - з нематы, З даўніны, з нябыту: "Да каго вярнуўся ты, Калі ўсё забыта?".
"Да цябе",- азваўся я Так, каб не пачула Не чужая, не свая, Што са мной заснула.