Жанр паэмы, бадай, найбольш арганічны для Уладзіміра Някляева, найбольш адпаведны прыродзе ягонага таленту. Гэта тая дыстанцыя, на якой паэт найглыбей дыхае, лепш за ўсё сябе пачувае, і паэмы ягоныя без аніякага перабольшання можна аднесці да найзначных здабыткаў сучаснай літаратуры. Яны ж перш за ўсё дазваляюць вызначыць "Прошчу" як кнігу, што выводзіць нас з шэрагу лінейных будняў, узносіць у тую касмічную прастору духу, дзе паўстаюць апошнія пытанні нашага існавання на гэтым свеце, і не толькі на гэтым...
Узростава паэт належыць да сярэдняга пакалення беларускіх літаратараў, да самага, мажліва, нешматлікага - у ім нестае тых, каму не дазволіла нарадзіцца вайна. Тым не менш менавіта прадстаўнікі сярэдняга пакалення ўсё больш вызначаюць агульны ўзровень сённяшняй беларускай паэзіі, прозы, драматургіі. У гэтым пакаленні Уладзімір Някляеў – адзін з лідэраў, постаць і творчасць якога найболып адметныя.
У сваёй першай кнізе Уладзімір Някляеў выказаўся, што яго прымірыць з жыццём і смерцю, суцешыць надзея калі не праляцець, дык хоць прамільгнуць белым птахам над роднай зямлёю. Ужо сёння можна сцвярджаць: яму ўдалося большае.
Любоў ТУРБІНА
* * *
Не, не таю надзей на бессмяротнасць,
Але і ў смерць паверыць не магу,
I, як ад кулі сэрца, берагу
I пачуцця і слова першароднасць.
I пачуцця і слова першароднасць,
I песні пра каханне і зямлю,
Пра зерне, што пасеена ў раллю,
Бо ёсць на свеце хлеба неабходнасць.
Я ведаю пра хлеба неабходнасць,
Але таксама ведаю не горш,
Як неабходны задуменны Сож,
Начных нябёс і вышыня і зорнасць.
Начных нябёс і вышыня і зорнасць,
Птушыны гоман і дзіцячы смех,
Дождж красавіцкі, сакавіцкі снег,
Шчымлівая іх першасць і апошнясць.
Шчымлівая іх першасць і апошнясць,
Што раптам прасякае пачуццём
Не вечнай нашай сувязі з жыццём
I тайнасцю надзей на бессмяротнасць.
* * *
У пару лістапада,
калі загарацца лясы
I гараць, не згараюць,
а толькі прасторна святлеюць,
Недарэчнай здаецца
самотная зелень сасны,
I шкада гэтых дрэў,
што не хочуць згараць і не ўмеюць.
Але ў снежні, калі
голым веццем бярозы звіняць,
Разумееш, якім
недарэчным было шкадаванне,—
У знямеласці белай
спакойныя сосны гараць,
I на вечны агонь іх
да новай вясны спадзяванне
СТУДНЯ
Глыбока ў студні боўтнецца вядро...
Затархаціць пашчэпаная корба...
Адзін глыток — і існуе дабро,
I жыць на свеце хораша і добра.
Абуджан зрок: мільгне птушыны цень...
I слых: у ліпах пчолы зноў шчыруюць...
У жоўты жвір сцякае з рук струмень,
I на вадзе каменьчыкі танцуюць.
* * *
Ты хмаркаю плыла...
Высока...
Не дастаць...
Свяцілася ледзь-ледзь
над рэчкай і над борам.
Ад слоў маіх плыла,
што я сказаў учора,
Да слоў маіх плыла,
што заўтра меў сказаць.
Ты воблакам плыла...
Над трапяткой зямлёй...
Між вокладкамі дзён
наступных і мінулых
Мы дзіўную з табой
старонку адгарнулі:
«Дзень вашай цішыні» —
напісана на ёй.
* * *
Густая вераснёўская раса.
Світання пошум над празрыстым садам...
Які ў душы спакой пад лістападам,
Якая невыказная краса!
Антонаўскія яблыкі ў траву
З галін цяжарных ападаюць глуха,
I светлы, нібы німб святога духа,
Асенні водар кружыць галаву...
Але, які ні доўгі гэты час,
Яго мне непазбежна не хапае.
I вось мяне жанчына сустракае,
I лістапад не закранае нас.
I я не разумею, што са мной.
Яна ў мяне ўглядаецца цнатліва:
— Ці ж гэта справядліва быць адной?..
— Вядома,— я кажу ,— несправядліва...
I рукі яе плачуць на плячах,
I валасы шапочуць збажыною...
I зноў я не згадаю, што са мною,
I толькі ўспамінаю па начах,