Выбрать главу
Заняло ад крамолы дух! "Ты арол наш..." - пракаркаў друг Перарэзаным гарляком.
1964.
Ён не помніў, ці зведаў страх. Апрытомнеў - на снезе кроў.
На партрэтах у двух кутах Двое новых правадыроў. Ён падумаў: "А што было?..". Сплюшчыў вочы да чарнаты.
Павуцінне перавіло Незанятыя два куты.
БАРАК
Хто паспеў зваряцець - звар'яцеў, Хто прадацца хацеў - той прадаўся...
Свідаровіч Цімох дажывае жыццё ў Варкуце, У бараку па вуліцы Праўды.
Я ў застольнай блазноце пытаюся: - Слухай, Цімох, Ты не мог звар'яцець ці прадацца?..
Свідаровіч Цімох сам сябе перапытвае: "Мог ці не мог?.." - што той Гамлет, прынц Дацкi.
Ён глядзіць скрозь мяне, скрозь барака глухую сцяну, Да крайкоў налівае гарэлку ў зрудзелую шклянку. Над баракам завея ляціць з даўніны ў даўніну - I крычыць, і рагоча, шалёна спраўляючы п'янку.
Засынаем мы ўпокат ля печы, пагаслай даўно, Прачынаемся мы - непатрэбныя людзям і Богу. I Цімох Свідаровіч мне кажа: "Усё ўсё адно. Можаш думаць, як хочаш. А можаш не думаць наогул".
Пахмяліўшыся дымам, ён кыхкае хрыпла ў кулак, З асівелай яго галавы сіва цэдзіцца шэрань.
Векавая завея навальваецца на барак -
То цвікамі прыб'е, то рассцежыць рыпучыя дзверы...
РУЛЕТКА
Свае забойцы ёсць ва ўсіх забітых. Яго няма. Ён на крыжах і плітах Чытае прозвішчы, шукаючы сярод Усіх імён адно імя. Штогод У дзень адзін і той жа на далоні Ён пісталет вагае. Халадок Да сэрца падступае і да скроні, Дранцвеюць пальцы. Шчоўкае курок…
Пасля ўсю ноч спраўляе ён радзіны I п'е да непрытомнасці з таго, Што зноў яму пашчасціла: адзіны Патрон на ўсю абойму - не яго.
***
Што затужылі, воі, мужчыны? Волі ўдыхнулі - і дух заняло? Як там і што там ні стане з Айчынай - Горай не будзе, бо лепш не было.
Шлях свой зблукала Айчына ў трох соснах, Збегала шлях чаўнаком, нібы ў кроснах, Кідаючы невідушчы народ З пасткі на захадзе ў пастку на ўсход.
Можа, відушчымі стануць нашчадкі? Шляху няма. Ні канца, ні пачатку. Прывідам - у пустату з пустаты - Рвецца Пагоня з дзяржаўнай пячаткі, Непадкаваныя б'е капыты.
МАЎКЛІВЫ МІТЫНГ
Усё, што коціцца, Дакоціцца да нас...
I дакацілася.
Ля могілак якраз, Дзе сны пра вечнасць сняць, Ці спяць без сноў З усімі Караткевіч, Куляшоў... - Маўклівы мітынг.
З кожным, хто прыйшоў, З'явіліся і сталі побач продкі...
Маўклівыя стаялі цені родных, Маўклівыя стаялі цені блізкіх: Пад крыжам злеглых. Зоркай. Абеліскам. Ва ўсіх Хатынях спаленых. Забітых Пад Грунвальдам. На Калыме "прышытых". Бясследна зніклых. Хапам пахапаных. Нікім, нідзе, ніяк не пахаваных, Ці ў Курапатах скінутых у роў...
Ад плоці плоць I ад крывінкі кроў - Мы ведалі, пра што маўчалі з імі. Жывыя з мёртвымі. I мёртвыя з жывымі.
I ўпершыню, маўкліва сцяўшы рот, З натоўпу глянуў люд. Амаль народ.
***
Разбой. Вайна і зноў вайна. Хапіла і крыві, і болю. Усё было - чаго ўжо болей? Скажы, у чым твая віна, Адкрый, у чым віны прычына, Мая самотная Айчына?
Ці сапраўды руіны ў Крэве - Адзін дзірван, пясок пусты, I праўда, што на Божым дрэве Ад дзічкі прыжылася ты?
***
На магіле Скурата Малюты Скрывянелыя гронкі калін - Гэта птушак няма, гэта люты, Гэта шлях не звярнуць з каляін.