Выбрать главу
***
Выйшаў летам. Вярнуўся зімой. "Дзе ты быў?" Ён маўчаў, як з партрэта. "Дзе ты быў?" Раптам ён: - Божа мой, Не давайце мне плакаць пра гэта!
Павялі на магілы: "Тут брат. Тут сястра. Ці за гэта не плацяць? Дзе ты быў?!" А ён зноў, як вар'ят: - Не давайце пра гэта мне плакаць!
"Хоць падробныя слёзы сатры, Хоць адну па сястры ці па браце, А пасля хоць жыві, хоць памры, Дзе ты быў?!" А ён зноў: - Не давайце...
Адракліся яго. Ён прадаў, Што было на падворку і ў хаце I прапіў, і пайшоў, і прапаў, I ніхто не жалобіўся ў страце.
Летам плакаў туман па сястры, А зімою завея па браце, Захлыналіся плачам вятры: "Не дава... не дава... не давайце".
***
Не з тымі пайшоў i дарогай не той. Дарэмна дарога прасіла: "Чакай. Азірніся. Падумай. Пастой". Вяла невядомая сіла.
Дарозе казаў: "Ты не тая. Маўчы". Ні д'яблу не верыў, ні Богу - I крочыў, і крочыў удзень і ўначы, Пакуль не адолеў дарогу.
I рушыў далей - на цалік, і сляды Пакінуў, што сцежкаю сталі. А тыя, што з ім не пайшлі,
хто куды Пазбочвалі і заблукалі.
Глядзелі яны - хто з дупла, хто з нары, Аброслыя мохам з карою - Як ён пад гарою, як ён на гары, як знік і прапаў за гарою.
***
З нянавісці - пасля ужо з усяго Астатняга... А ён пачаў з любові. I ўжо калі ўзнялі на крыж яго, Нянавісць выйсце ведала - любое. Не ведала любоў ні аднаго.
Натоўп глядзеў натоўпам, як звычайна, А ён канаў, спрабуючы адчайна Знайсці хоць апраўданне: "Для чаго?" - I не знайшоў... Хацеў быў крыкнуць груба: "З нянавісці! Пасля ўжо з усяго..." I не разняў скрываўленыя губы.
ГУЛЬНЯ
Ранкам неба пацямнела, а днём На дарогу ўпала чорным агнём.
Нахіліўся і падняў я агонь, Перакінуў з далані на далонь.
I на правай - прапаліў скуру ён, I на левай, як кляймо, стаў відзён.
I спытала даланя ў далані: - Для чаго нам перакідваць агні?
I сказала далані даланя: - Гэта забаўка такая. Гульня.
ВАР'ЯТ
"Што робіш, брат?" "Грудок капаю брату. Прасіўся пахаваць каля царквы". Не замінайце вар'яцець вар'яту. Тым больш, што ён капае, а не вы.
Тым больш - нікога: ні сястры, ні брата Няма ў яго, ніколі не было. Не набягайце шкадаваць вар'ята - Яму няўцям, што розум адняло.
Не з вамі ён, Ягоны брат не з вамі. Вялікаму ў дзіцячым паліто Яму баліць над зрослымі брывамі, - Бог ведае, з чаго баліць і што.
Бог ведае, каго якія страты Пільнуюць - і да страты не дапяць: Хто ў немачы, хто ў розуме вар'яты, Хто брату брат - адно грудок капаць.
***
Шастае вецер па даху. Гулка - як б'юць у званы. Ноч набіраецца страху. Зданямі поўняцца сны.
Гэтак душы адзінока, Скрушна - хоць крыкам крычы… Днём яна - д'яблава вока. Боскае вуха ўначы.
МАТЫЛЁК
Замкнуў яму я горла, да таго ж Другой рукой над ім занёс я нож.
Як ён баяўся, гледзячы ў нябыт! I плыў, і плыў з вачэй яго блакіт.
Ніхто ўжо быў ён і нішто, мярцвяк, Мой вораг, ненавіснік мой. Аднак
З дзяцінства, з лугавіны ля ракі Блакітныя ўзляцелі матылькі.
I сеў яму на вейка матылёк. Я кінуў нож і адпусціў замок.
ГАЛУБЯТНЯ