- Гэта ты правільна прыдумаў, - сказаў Хведар, ідучы ў нядзелю на ферму. - Бо могуць не зразумець. Неяк паболела на свеце абсалютна дурнога народу. Як у пару пана Цырлюкевіча.
Пан Цырлюкевіч быў тым панам, які ў XIX стагоддзі меў у Карунах глобус, і, калі карунцы пачалі капаць калодзеж скрозь усю Зямлю, пан Цырлюкевіч праткнуў свой глобус сталёваю спіцай з боку Карун - і аказалася, што другі канец спіцы вытыркнуўся ў Ціхім акіяне. Праз тое пан Цырлюкевіч пачаў даводзіць, што калі нават карунцы пракапаюць калодзеж, то ўсё адно выйсці з яго на той канец свету не змогуць. Болыы таго: вада хлыне ў дзірку і затопіць не толькі Каруны, але і шмат якія іншыя вёскі і хутары, што ляжаць паблізу. Паколькі пана Цырлюкевіча ніхто ў Карунах слухаць не схацеў, ён паведаміў пра тое ўраду, націскаючы ў сваім допісе на слова "дыверсія", пасля чаго ў Каруны прыехала аж чацвёра дактароў: трое ў хуткім часе з'ехалі, а адзін застаўся назаўсёды, ажаніўшыся з Зоськай Каняўка і заснаваўшы такім чынам у Карунах доктарскую дынастыю.
Пан Цырлюкевіч, зразумеўшы, што ўрад палічыў яго вар'ятам, пачаў будаваць на Літвінавай гары акіянскі трохпалубны карабель, каб у час патопу зратаваць сябе, племяннога жарабца Ахіла, тузін галоў дробных хатніх жывёлін, а таксама тых карунцаў, якія, на думку пана Цырлюкевіча, мелі вартасць і значэнне для далейшага развіцця чалавечай цывілізацыі. У карунскага папа захаваўся спіс людзей, якіх пан Цырлюкевіч збіраўся ўзяць на борт свайго карабля, і ў гэтым спісе хай сабе не на першым месцы, але ўсё ж значыліся прапрадзед Юткі Казубоўскага і прабабка Хведара Былінскага.
Карабель, на жаль, застаўся недабудаваны - і на тое былі дзве прычыны. Па-першае, ніхто ў Карунах толкам не ведаў, як будуюцца акіянскія караблі. Па- другое, пан Цырлюкевіч аднойчы ўзяў і зразумеў, што ў такую дзірку, як калодзеж, вада не хлыне патопам, а пацячэ звычайнай ракой, і што з гэтага, калі рака акажацца рыбнай, для карунцаў можа быць нават немалая карысць. Пан Цырлюкевіч зразумеў тое, калі ўжо ставіліся мачты, калі мала што заставалася, каб карабель давесці да ладу, але падумайце: навошта акіянскі карабель там, дзе можна разлічваць толькі на больш-менш прыстойную рэчку? Пан Цырлюкевіч падумаў і ўцяміў, што гэта бязглуздзіца. Так той карабель і застаўся недабудаваны, стаіць без мачтаў на Літвінавай гары, на самым высокім месцы якраз пры выездзе з Карун. Дарэчы, ён саслужыў аднойчы карунцам зусім нядрэнную службу, але пра гэта не зараз, не тут, а як-небудзь іншым разам і іншым часам.
Дзень за днём Юткава вежа паціху, але няўмольна падымалася да неба. Слых пра незвычайную будоўлю ў Карунах хутка абляцеў раён, вобласць, рэспубліку - і вырваўся за межы краіны. У канцы лета, трыццатага жніўня, у чацвер, каля дзесяці гадзін раніцы ў Каруны завітала першая замежная дэлегацыя: група прафсаюзных дзеячаў з Берага Слановай Косці.
Прафсаюзныя дзеячы з Берага Слановай Косці аказаліся перадавымі, таму каля вежы, якая была ўжо на пядзі чатыры вышэй за Юткаву галаву, адбыўся мітынг. Ютка не разумеў, пра што гаварылася на мітынгу, бо выступалі на ім выключна замежныя госці і гаварылі, мусібыць, не па-нашаму, але, калі адчуваў, што нехта з гасцей звяртаецца менавіта да яго, згодна ківаў галавой, а ў канцы выступлення кожнага з прамоўцаў разам з усімі пляскаў у далоні. Пасля мітынгу госці па чарзе паабдымалі Ютку, абцалавалі, пасля селі ў чырвоны "Ікарус" і, калі той крануўся, памахалі з вокнаў хто насаткай, хто цэлафанавым мяшэчкам. Раптам аўтобус спыніўся, дзверы зноў расчыніліся, і на зямлю скочыў даўгашыі хлапчына ў белай кашулі і белых портках.
- Слухай, мужык, - ціха спытаўся ён, падышоўшы да Юткі, - а нашто табе гэта трэба?
- Што? - перапытаў Ютка.
- Ну, гэта во, - хлапчына галавой кіўнуў на вежу.
- Не скажу, - адказаў Ютка. - Трэба, і ўсё. Хлапчына пацепнуў плячыма, сеў у аўтобус, дэлегацыя з Берага Слановай Косці яшчэ раз памахала насаткамі і мяшэчкамі і хутка назаўсёды знікла за Літвінавай гарой з акіянскім караблём пана Цырлюкевіча.
Увечары таго ж дня да Юткі завітаў старшыня калгаса Андрон Сыцюк, зусім малады яшчэ дзяцюк, але ўжо даволі нервовы, стомлены на кіруючай рабоце.
- Ты во што, Казубоўскі, - глынуўшы вады прама з вядра каля парога, не павітаўшыся, сказаў Андрон. - Балаган свой гэты канчай. У мяне жніво, я на паперы амаль усё скасіў, а ў полі яшчэ палова. Прыпрэцца з іншаземцамі начальства якое-небудзь тваю вежу глядзець, а ўбачыць жыта пераспелае. Што тады будзе, як ты думаеш?