Выбрать главу

- Скінуць цябе па цяперашнім часе, - выказаў меркаванне Ютка.

- Правільна, - згадзіўся Андрон. - А я не на тое пуп рву, каб мяне скінулі. Зразумеў?

- Зразумеў, - адказаў Ютка. - У мяне вежа будзе гатовай толькі тады, калі ўпрэцца ў неба. А раней пра тое, што яна гатовая, я крычаць не стану.

- Та-ак, - працягнуў Андрон, выціраючы рукою рот. - Заўтра я прышлю два бульдозеры, каб тваю вежу на пыл размалолі.

- Давай прысылай, - усміхнуўся Ютка, уявіўшы, як дарэмна будуць ірваць бульдозеры сваё сталёвае нутро. - А я на цябе ў суд падам.

- За што? - зноў узяўся за вядро з вадою Андрон.

- Мне ўрачы горны клімат рэкамендуюць. А ты мне пуцёўку ў санаторый даў?.. Не даў. Дык я вежу збудую, лягу там на самым версе і буду дыхаць горным паветрам.

Андрон паставіў вядро на лаву.

- Ты ў дурня са мной не гуляй. Хворы знайшоўся. На камбайн сесці - ён хворы, а камяні цягаць - не хворы. Я праверу яшчэ, хто там табе і што за бюлетэнь на тры месяцы выпісаў. Пабачым тады, хто з нас суда забаіцца.

- Правярай, - не стаў пярэчыць Ютка. - Толькі што ты рабіць будзеш, як правяраць возьмешся, а я тым часам вазьму ды памру? Тады ўжо табе старшынёй не ўтрымацца. Бо калі даруюць табе і жыта недажатае, і бульбу недакапаную, і капусту памерзлую, то мёртвага Ютку Казубоўскага ніхто табе не даруе. Ніхто і ніколі. Амінь.

Андрон, хоць і нервовы, але ўсё ж малады і здаровы, ніяк не гатовы быў да гаворкі пра смерць, а таму адчуў сябе ніякавата.

- Ну чаго ты гэта паміраць надумаў? - палагаднеў ён голасам і нават зрабіў такі жэст, нібы збіраўся пагладзіць Ютку. - Хіба табе жыць абрыдла?

- Абрыдне з такімі ёлупамі, як ты! - адразу адчуў Андронаву слабінку Ютка. - Выгады сваёй не разумееш! Ну што табе з таго, што, болей намалоціш і болей здасі? Нехта яшчэ больш намалоціць. А вежа да неба ў цябе будзе адна. На ўсёй зямлі адна - і ў тваім калгасе. Дапяў?

- Не. На які чорт мне твая вежа?

- Начорта яму вежа! - ускінуўся Ютка. - Ды каб ты сёння не ганяў па палях, не глытаў пыл, а быў каля вежы, ты б ужо рукаўся з прафсаюзнымі дзеячамі Берага Слановай Косці! А заўтра, як роўны, будзеш здароўкацца з палітычнымі лідэрамі, тэрарыстамі, эстраднымі спевакамі. А пазаўтра - з прэзідэнтамі, каралямі, арабскімі шэйхамі... Ну, дайшло?

- Я рукаўся аднойчы з намеснікам міністра фінансаў, - падумаўшы, сказаў Андрон. - Гэта мне нічога не дало.

- Яно і відно, - з жалем уздыхнуў Ютка.

- Чаго ты ўздыхаеш? - асцярожна перапытаў Андрон.

- Нічога. На клуб новы як не было грошай, так і няма. Стары вунь і той неадрамантаваны стаіць.

- Дык ты і пабудуй новы клуб замест сваёй вежы, - знайшоўся Андрон. - Работы меней, а толку намнога болей. I не для цябе аднаго, а для ўсіх. Для сына твай- го ж. Скончыць ён свой інстытут культуры, а тут якраз і клуб гатовы, калі ласка, ідзі загадчыкам. А так што яму ў нас рабіць?

- Ён загадчыкам вежы будзе, калі ты не хочаш, - раззлавана сказаў Ютка. - I адчапіся ты ад мяне. Ведаў я, Андрон, дзеда твайго, ведаў бацьку, абодва яны нашы былі, карунскія, а ты - як у Стрыпунах нарадзіўся.

Гэта была абраза. Стрыпуны - вёска праз лес ад Карун, у якой спрадвеку з'яўляліся на свет самыя знакамітыя ў тутэйшых мясцінах ёлупні. Дастаткова сказаць, што ў той час, калі карунцы капалі калодзеж скрозь усю Зямлю, а пан Цырлюкевіч запалохваў усіх сусветным патопам, адзін са стрыпунскіх гаспадароў, Кірыла Моргаўка, прадаў сваю хату, збыў спадчынную сялібу і паехаў у Амерыку, каб танна, а калі пашанцуе, дык і на дармавіну хапануць сотню-другую валокаў зямлі на дне Ціхага акіяна, пакуль там ніхто не ведаў, што водам ягоным зусім нядоўга засталося набягаць хвалямі на берагі штатаў Арэгон і Каліфорнія. Дармавых зямель на акіянскім дне Моргаўка не дачакаўся, але ж нездарма ў народзе славутая прымаўка жыве - дурням і праўда шанцуе: на кавалку камяністай пустэчы, купленай Кірылам за ўсе ягоныя грошы, у тым месцы, дзе пачаў ён бурыць артэзіянскую шчыліну, ірванулася з нетраў зямных не вада, а нафта - і Моргаўка стаў мільярдэрам. Змяніўшы ў сваім прозвішчы канчатак, ён зрабіўся стопрацэнтным амерыканцам, нафтавым магнатам, заснавальнікам магутнага клана Морганаў.

Да гэтага трэба дадаць, што Ютка Казубоўскі сапраўды быў хворы, на сорак сёмым годзе жыцця невядома з чаго пачала яго біць дыхавіца, а Андрон Сыцюк, хоць і нарадзіўся ў Карунах, з дзяцінства не разумеў жартаў. Бразнуўшы дзвярыма так, што вада ў вядры боўтнулася, старшыня выйшаў з Юткавай хаты.

Плюнуўшы на Юткаў падворак, Андрон завёў матацыкл, выкаціўся на вуліцу і ўбачыў свайго сына Цімку, які сядзеў на валуне каля рэчкі і ў прыцемках чытаў газету. Андрон пад'ехаў да рэчкі, злез з матацыкла і пагладзіў сына па галаве.