- Тата, - сказаў Цімка, - глянь, што ў газеце напісана.
У газеце - і не ў якой-небудзь мясцовай, а ў рэспубліканскай, што друкавалася ў Мінску, - Андрон убачыў вялікі фотаздымак кракадзіла ў рацэ. Над фотаздымкам кідкімі літарамі было напісана: "Сенсацыя! Кракадзілы ў Свіслачы! Не падыходзьце блізка да вады! Сцеражыце дзяцей, жанчын і хатніх жывёлін!" - а пад фотаздымкам друкаваўся каментарый навуковага кансультанта А. П. Пеўнікава пра перспектывы кракадзілагадоўлі ў цэнтральных раёнах рэспублікі. "Я перакананы, - завяршаў свой каментарый навуковы кансулыант, - што калі падысці да справы па-гаспадарску, з належным размахам, то ў самым хуткім часе нашы прыгажуні-модніцы ў Мінску і Бабруйску, Стоўбцах і Зэльве, Смаргоні і Карунах будуць насіць памаду і духі ў такіх жа шыкоўных, суперпрэстыжных сумачках з кракадзілавай скуры, як і ганарыстыя мільярдэршы Каліфорніі".
- Ну і што? - спытаўся ў сына Андрон. - Хай сабе носяць.
- Тата, - залыпаў вачыма Цімка, - гэта ж гумар. Скуль у нас кракадзілы?
- Прыплылі, - адказаў Андрон і сеў на матацыкл. - Пазаўтра табе ў школу ісці, там і спытайся, як яны да нас дабраліся.
Андрон крануўся з месца. Цімка скочыў з валуна на задняе сядзенне матацыкла.
- Тата, - спытаўся ён, абхапіўшы Андрона за бакі, - ты хоць раз у жыцці памаду ці духі маме купіў?.. - Але за трэскам матацыкла Андрон яго не пачуў. "А можа і праўда, хай сабе Ютка вежу будуе, - раптам падумалася Андрону. - Вежа да неба - гэта табе не кракадзілы, не сумачкі ў Карунах насіць".
"Трах-тых-тух-тах", - страляў матацыкл, імчаўся на ім у невядомую будучыню старшыня Андрон Сыцюк, ляцеў за ім крэўны ягоны сын Цімка, курыўся пыл вечаровы па доўгай вясковай вуліцы.
Першага верасня Цімка Сыцюк пайшоў у школу і на першым жа ўроку паказаў настаўніцы газету, спытаўшыся, скуль у нас узяліся кракадзілы, калі ў
школе яго вучылі, што ніякіх кракадзілаў на Беларусі не было і быць не можа. Настаўніца Цімку асадзіла, тады ён спытаўся пра тое самае на другім уроку ў іншай настаўніцы. Другі ўрок быў урокам роднай мовы, якую выкладала Хрысціна Сымонаўна Моргаўка з роду таго самага Моргаўкі са Стрыпун, які некалі паехаў у Амерыку, каб купіць зямлю на дне акіяна, а замест гэтага стаў мільярдэрам. Хрысціна Сымонаўна Цімку не асадзіла, бо ён быў сынам старшыні калгаса, але адказаць яму нічога не змагла, таму, прыйшоўшы са школы дахаты, села каля акна, за якім адцвіталі ганарлівыя вяргіні, і, гледзячы на гэтую чароўную, але не вечную прыгажосць прыроды, напісала на газету скаргу. Ну, куды ў нас пішуцца скаргі, мы ўсе ведаем. Ці нам у аўтобусе на мазоль наступяць, ці на кашулі ў атэлье гузікі са спіны прышыюць, ці купім зубную пасгу, а ў цюбіку акажацца гуталін - адрас скаргаў у нас адзін: у найвышэйшую інстанцыю. Таму пачакаем, пакуль наша скарга туды дойдзе, пакуль з ёй разбяруцца, пакуль зловяць таго грубіяна ў аўтобусе, памяняюць краўцоў з атэлье і перавядуць гуталінавую фабрыку на вытворчасць зубной пасты, а самі тым часам будзем хукаць на мазоль, хадзіць у кашулі наросхрыст і начышчаць боты сажаю, змешанай са свіным тлушчам. І-эх, нам, як кажуць, не прывыкаць, таму давай, Хрысціна Сымонаўна, дыхай глыбей водарам першага дня восені, крыштальным паветрам, якое, здаецца, пераломіцца надвае, калі да яго дакрануцца рукамі, рассцілай сурвэтку, кладзі на яе ліст паперы ў клетачку, вырваны з вучнёўскага сшытка, і пішы, пішы, даражэнькая, стараючыся не націскаць моцна шарыкавую ручку, каб не нарабіць у пісьме дзірак ды памылак, каб пасля, не дай Бог, не спыталі: а што ж гэта за настаўніца такая, якая па-руску слова "крокодил" праз два "а" піша?
Гэта ўсё, канечне, з аднаго боку, а з другога боку Хрысціну Сымонаўну Моргаўку па-свойму можна зразумець, без аніякіх кпінаў пашкадаваць яе, шчыра паспачуваць жанчыне, адзінокай, сярэдняга ўзросту. Бо хто яна такая, Хрысціна Сымонаўна, як не вясковая настаўніца! Гэта ж не старшыня калгаса Андрон Сыцгок, не механізатар Ютка Казубоўскі, хай сабе хворы на дыхавіцу, не даяр Хведар Былінскі, не кажучы ўжо пра тое, што яна - не крамніца Яня Каняўка з таго самага роду Канявак, які праз Зоську Каняўку некалі з доктарам парадніўся і ў якім пароўну цяпер крамнікаў і дактароў... Усе ў гэтым свеце неяк адзін з адным павязаныя, а Хрысціна Сымонаўна ніяк і ні з кім, настаўніца - і ўсё. А колькі зарабляе сельская настаўніца, як да яе ставяцца, на якім яна месцы ў табелі рангаў, яна, той самы сейбіт, што сее разумнае, добрае, вечнае? Ведаеце вы тое? Калі не, то і ведаць не трэба. Хай тады будзе ўсё так, як ёсць, няхай той карэспандэнт, на якога Хрысціна Сымонаўна піша зараз скаргу, забудзецца, як прыехаў ён аднойчы на Палессе, вясною, у самую бездараж, як на аўтобусным прыпынку ніхто яго не сустрэў, як мясіў ён пятнаццаць кіламетраў гразь у красоўках фірмы "Adidas", пакуль не дагнала яго спадарожная падвода з барадатым дзедам на перадку. "Тп-ру-у", - сказаў дзед і больш не прамовіў ні слова, пакуль не ўехалі яны ў вёску і не дагналі першага спадарожніка, што ішоў па вуліцы каля самага плота, ледзь выцягваючы ногі з балота. "Ц-ц, но!" - прыцмокнуў дзед на каня і паехаў далей, не прапанаваўшы таму чалавеку пад'ехаць, і зноў маўчаў, пакуль не дагналі яны другога спадарожніка. "Тп-ру-у", - спыніў дзед каня, пачакаў, пакуль сеў другі спадарожнік на падводу, і давёз яго да праўлення калгаса, дзе павінен быў адбыцца сход, на які і ехаў карэспандэнт. Сход прайшоў так, як мае быць, карэспандэнт запісаў усё тое, што на ім гаварылася, а пасля спытаўся ў дзеда: "Слухай, дзед, скажы ты мне, калі ласка: чаму ты першага чалавека не ўзяў, а другога падвёз?" -. "Дык другі ж доктар", - адказаў дзед. "А першы?" - "Той настаўнік", - абыякава прамовіў дзед, так гэта сказаў, што карэспандэнт вырашыў раз і назаўсёды кінуць сур'ёзныя справы і займацца толькі гумарам, балазе былі ў яго да гэтага здольнасці.