"Я працую настаўніцай трынаццаць гадоў, хоць замест таго даўно ўжо магла быць жонкай афіцэрскага складу, - пісала Хрысціна Сымонаўна. - Калі я была студэнткай, мне прапанаваў пайсці за яго старшы лейтэнант Савецкай Арміі Сяргей Ванарук, але я адмовілася, бо кахала яго і не хацела замінаць яму расці да цяперашняга маёра, таму што мой родзіч па маці, Кірыла Моргаўка, некалі паехаў у Амерыку і стаў там імперыялістычным мільярдэрам. Але зараз ад той амерыканскай радні я не тое што пасылак, а нават паштовак не маю, так што не пра тое гаворка.
Калі я сама вучылася ў школе, дык да настаўніка больш чым да ўсіх астатніх мелі ў вёсцы павагу. Неяк само сабой выходзіла так, што ў таго, хто вучыў дзяцей, шукалі парады і дарослыя. А ў мяне ніхто і ні пра што не пытаецца. Сёння толькі Ціма Сыцюк, сын нашага старшыні, спытаўся: скуль у нас узяліся кракадзілы? Я ведаю, што ў нас кракадзілаў няма, а ён мне паказаў газету, у якой напісана, нібыта яны ёсць. Я разумею, што гэта жарт, я не такая забітая, хоць і не замужам, і за трынаццаць год мне ніхто добрага слова не сказаў, ні разу без чаргі ў краму не прапусцілі, але для чаго так жартаваць і навошта з настаўніцы, калі мяне за тое ніхто не паважае і паважаць не збіраецца. Прашу разабрацца, пакуль яно не позна. Моргаўка Х.С., настаўніца Карунскай сярэдняй школы".
Пад скаргай Хрысціна Сымонаўна паставіла дату і распісалася.
Скаргі ў нас ідуць і разбіраюцца доўга, але ўсё ж не даўжэй, чым будуюцца вежы да неба, таму, каб не вяртацца пасля да гэтай непрыемнай справы, скончым яе адразу, трохі прабегшыся паперадзе падзей.
3 найвышэйшай інстанцыі, засыпанай скаргамі, як млын мукою, пісьмо Хрысціны Сымонаўны было пераслана з адпаведнай папераю ў інстанцыю рангам ніжэй: Інстытут заалогіі Акадэміі навук. Чаму туды, спытаецеся вы? А куды ж яшчэ, калі скарга на кракадзілаў? I раз прыйшла яна ў інстытут з папераю адпаведнай інстанцыі, дык тут не да таго ўжо, каб разбірацца: жартачкі гэта ці не? Таму толькі ўздыхнуў інстытут, сеў за навуковы стол і напісаў сваю паперыну, на сваім фірменным бланку:
"Паважаная рэдакцыя! У нумары вашай газеты за 28 жніўня быў надрукаваны матэрыял пра кракадзілаў у Свіслачы. Матэрыял бяздоказны, навукова неабгрунтаваны, ён поўнасцю супярэчыць апошнім дасягненням навукі. Просім у будучым больш асцярожна падыходзіць да публікацыі падобных сенсацый, таму што яны не толькі прыносяць шкоду навуцы, але і адмоўна ўздзейнічаюць на тую частку насельніцтва, якая чытае вашу газету".
Атрымаўшы такую паперыну, на якой значыўся подпіс навуковага супрацоўніка і стаяла пячатка афіцыйнай установы, рэдактар газеты ціха, сам сабе, вылаяўся, выклікаў таго карэспандэнта, які знайшоў у Свіслачы кракадзіла, закаціў яму строгую вымову і выправіў у камандзіроўку ў Каруны.
- Што мне там рабіць? - спытаўся карэспандэнт.
- Нічога, - адказаў рэдактар. - Паглядзі, што там за людзі жывуць. А ў інстытут я ўжо сам падыду, гэта цераз дарогу.
Ну, хай сабе карэспандэнт едзе, калі яго рэдактар выправіў, выпісвае камандзіроўку, вымольвае аванс у бухгалтэрыі, клапоціцца пра білет, а мы чакаць яго не будзем, хуценька вернемся тым часам да Юткавай вежы.
Вежа расла і, праўду сказаць, з кожным днём усё больш падабалася карунцам. Ці то Ютка ўдала для яе месца выбраў, ці то выпадкова так сталася, але відаць яна была з любога канца, любога двара Карун, і кожны карунец, малы і вялікі, першае, што рабіў з раніцы, - гэта прыкідваў: наколькі ўзнялася вежа над вёскай, наколькі паднялася да неба.