Выбрать главу
ГЕРНІКА
Сны Азёрамі плешчуцца ля галавы, Азёрамі белых і чорных дажджоў, Азёрамі Вады і крыві.
Рукі закіну I зачарпну Далонямі — белых і чорных дажджоў, Далонню — вады, Далонню — крыві.
Прачнуся: далоні — Адна ў адной На падушцы, абступленай снамі, Напоўненай пухам, Сцягамі і зброяй.
ТРЭЦІ ТРАМВАЙ
1
На тым прыпынку трэцяга трамвая, Дзе вецер узвіваў газет ашмоцце, Дзе год амаль вісела на слупе Аб'ява: «Прадаецца піяніна...»
На тым прыпынку трэцяга трамвая, Дзе пад калонкай бразгацелі вёдры I доўга біў вады струмень шыпучы, Пакуль мяне суседкі разглядалі...
На тым прыпынку трэцяга трамвая, Дзе астравы азёрныя маўчалі I возера затойвала дыханне, Калі рука мая ЯЕ руку кранала...
Дзе вецер узвіваў газет ашмоцце, Дзе пад калонкай бразгацелі вёдры, Дзе астравы азёрныя маўчалі... Нідзе цяпер ЯЕ ўжо не сустрэць мне.
* * *
Не ведаю даўно, які трамвай, Адкуль і да каго ЯЕ прывозіць, I, каб спаткаў, цяпер бы ўжо адрозніць ЯЕ ад іншых і не змог, бадай.
Але калі ўспаміны цераз край Нахлынуць раптам, сэрца замарозяць,—- Я лёс прашу: які трамвай ні возіць Цяпер ЯЕ — сустрэнемся няхай.
I хай усё, што стала ў нас былым, Што расплылося, нібы ў небе дым, На момант зноў жывую плоць набудзе.
Жыве ў нас памяць, што там ні кажы, Дапамажыце нам сустрэцца, людзі, Трамвай, спаткацца нам дапамажы.
2
Трэці трамвай — юнацтва маё, Каханне маё — трамвай. Хіба ты ўсё і пра ўсіх забываеш? Што ж ты не дапамагаеш? Коціцца, грымкае, звоніць трамвай: — Я забываю — і ты забывай, Усё забывай, што з табой ні здараецца!
Не забываецца...
Дзе, на якім мне прыпынку чакаць? Трэці трамвай, Парай, падкажы... Столькі людзей, для якіх я чужы, Што немагчыма каханых губляць! Ды і сярод найбліжэйшых табе
У час, калі дробязна любую страціш,— Жывеш, нібы на тваім ілбе Выпалена пракляцце.
Дробязна страціў я... Дробязна жыў... Трэці трамвай, дапамажы!
3
Вынес трамвай ЯЕ. На! Сустракай! Вынес, нібы апаліў. Што ж ты зрабіў са мной, Трэці трамвай! Што ж ты зрабіў? Можа, ты вынес зусім не ЯЕ? Можа, ЯНА не ТАЯ? Бачыш: зусім не пазнае. Нават не ўспамінае. Бачыш ты, карнік! Яна не адна! Бачыш: вунь з тым. Што ты звоніш і скачаш?! Бачыш: яго абдымае яна! Бачыш?!
— Бачу,— прагрымкаў трамвай,— і павер, Дружа мой, гэта не здрада. Тое сапраўднае ў нас, што цяпер, А што было, тое ўжо не сапраўднае. Людзі ўваходзяць, Выходзяць з мяне — і забываюць. Хіба мне хто п ры сустрэчы кіўне! Не, не ківаюць. Хай іх. Мне што? Я жалезны трамвай. Усе забываюць — і я забываю. Але бывае, што нават трамваю Трэба, каб нехта яго ўспамінаў. Хай наша памяць — сляды на вадзе, Хай немагчыма помніць глыбока, Ды немагчымей, калі адзінокі Нехта з трамваяў ці нехта з людзей. Так што, лічы, я цябе зразумеў, Сам бы ўцякаў ад нудоты сабачай... Каб не па рэйках хадзіць умеў, Толькі б ты, Дружа, мяне тут і бачыў. Але ўспаміны ты лепш не кранай, Усе забываюць — і ты забывай. Усё забывай, дзе і што ні здараецца!
Не забываецца... Трэці трамвай...
* * *
Усё больш сяброў — і менш... Такая справа... I зойме раптам адзінота дых, I ты вярнуць хацеў бы нават тых, Каго вяртаць даўно не маеш права.
Як на слупах пажоўклыя аб'явы, У памяці размыты твары іх, Былых каханых і сяброў былых; I іх вяртаць — балючая забава.
Яны прайшлі, я к вёсны альбо зімы, Яны ў трамваях пралятаюць міма, Ніхто з іх нават не зірне назад,
Ніхто не скажа, хто ў тым вінаваты, Што ўсе мы неяк прадчуваем страты, Але ніяк не пазбягаем страт.
ПАЭМА — ВЕРА
1
Мой родны край... Алешнік над ракой, Высокі лес, буслоў-танцораў гнёзды. Я пасталеў, прыйшла пара на роздум, Прысяду да стала згадаць аб розным I ціха падапру шчаку рукой.
Вось снег пайшоў. I так мае гады Ідуць-ляцяць, як гэты снег, бясконца, I светла так, нібы заўсёды сонца... Хай нават завіруха — і тады Праменні свецяць у маё бяссонне.
Праменні родных матчыных вачэй... I я да іх спяшаюся, хутчэй — Да валасоў яе, прапахлых жытам спелым, Да калыханак: «Будзь, сынок мой, смелы, Будзь самы смелы ад усіх людзей...»
«Вучыся смеласці...— Сядлае дзед каня. — Мацней трымайся, калі што якое!» I — бізуном! I з месца — ў свечку конь! Няхай палае ранішні агонь, Няхай грукоча сэрца маладое!
2
I, можа, мне няхітрых тых навук Хапіла б у жыцці — Шчырэць да поту I плуг не выпускаць з мазольных рук,— Ды ў смаглым горле роднай мовы гук Заклекатаў бусліным пералётам.
Заклекатаў, апёк. Няма вады Жывой ці мёртвай, каб суцішыць смагу. Дык дай мне, мова родная, адвагу Спяваць пра край, дзе пенна ходзіць брага I спелыя жаўцеюць жалуды.
Пра край, дзе ўсталі гмахі гарадоў, А на вяселлях б'юць яшчэ што духу У засланкі, і ў бойцы дзецюкоў Такую, часам, схопіш аплявуху, Што на карачках папаўзеш дамоў.
Пра край, дзе ўвечар брама зарыпіць, I, куст чаромхі роснай абламаўшы, Ідзеш за вёску, любую абняўшы, I адчуваеш, як яна дрыжыць, I ў сена падаеш, яе зацалаваўшы.
Пра край, які прасвечаны наскрозь Азёрнай стынню, чырванню рабіннай, Святлом зялёным маладых бяроз, Наскрозь працяты песняй салаўінай I вымыты расой жаночых слёз.
3
...Як мая маці плакала! Хвартух Прагорк ад слёз — суцешыць нельга маці... Як плакала!.. Але ўспамін патух, I помню толькі: Дзьме ў ражок пастух I хрыпла коні ржуць На сенажаці. Ды хто, скажыце, можа помніць з нас Свой першы крык I першы крок па хаце? Ніхто! Нічога не вяртае час, I мы ўспаміны беззваротна трацім. Ты плакала... Вайна... Не помню... Маці...