Выбрать главу
Чым мне падзяліцца З табой, мая любая?.. Плачам? Бясконцымі згубамі I несапраўднай удачай?
Чым мне падзяліцца З вачыма тваімі, З рукамі? Натхненнем?.. Навошта табе Гэты камень?..
Чым мне падзяліцца з табой, Чалавек невядомы, Калі ты адзеты, абуты I хлеба дастатак у доме? Чым мне падзяліцца тады?!.
О, балада дзялення! Пакінь мне сумленне... «Кацілася торба З высокага горба, А ў той торбе...» Ні крошкі ў той торбе... I ўсё-ткі хачу падзяліцца... Хачу падзяліцца начамі, Якімі не спіцца, Святочнымі днямі, Трызненнямі ўсімі і марамі... Ты слухаеш, мама?
Хачу падзяліцца Вадой з таямнічай крыніцы, Жывою вадою, Каб раны маглі загаіцца I каб не балелі ўспаміны Пра здрады і страты... Ты слухаеш, тата? Хачу падзяліцца Хвілінаю радаснай кожнай, Хачу не забыцца Цябе ахінаць асцярожна Пяшчотай, Якую ў руках сваіх доўга галубіў... Ты слухаеш, любая?
«Кацілася торба З высокага горба...»
Хачу падзяліцца вось гэтай баладай, Якая мне змучыла горла.
ДЫКТАНТ
Мне дзесяць. Жнівень. Жоўтыя снапы. Кручу ў гумне іржавую сячкарню. Буркоча дзед: «От зараз дам па карку...» Прыходзіць дзядзька: «Менш на дзве капы У гэтым годзе...» Дзед яму: «Сухмень...» Над токам пыл. Гаркава нос казыча. — Газету сёння ў паштара пазычыў. — Старая? — Не шчэ. За ўчарашні дзень. — Пра што там? — Ат... Пра што за ўсё часцей...
Такі спакойны, роўны дзядзькаў голас.
— Памёр вось Колас. — Хто памёр? — Ды Колас.
Сячкарня «жыг» — і пальцы да касцей.
Гвалт. Цёткі. Гвалт. — Да доктара!
Вязуць.
Падскокваюць па бруку дробна колы. — А божухна! Усю руку змалола!.. — Жанілка ёсць — то пенсію дадуць...
Бінты. Пахмурны доктар. На акне — Замест фіранкі — на цвіках газета. ...Глядзеў, нібы са школьнага партрэта, — I штосьці адбывалася ўва мне...
Пасля я сніў: Дыктант. Апошні ўрок. Настаўнік новы. «Хто?.. Які?..» «Сярдзіты!» — Дзе сшытак твой? — Забыўся дома сшытак. — Знарок забыўся? (Не зманіць.) — Знарок. — Гультай? — Гультай. — Але на шчырасць здатны. Святлее поле чыстага лістка... Я ведаю, што напішу выдатна! Ды не магу... Баліць, баліць рука! З віною ў твар настаўніку гляджу. Знаёмы вельмі... Той, што на партрэце! Не... Як жа так? Яго няма на свеце!
Дыктуе ён: «Сухмень. Няма дажджу.
У гэтым годзе менш на дзве капы Нажалі жыта...»
I дыктант знаёмы! «Мне дзесяць. Жнівень. Жоўтыя снапы». Настаўнік усміхаецца: «Вядома...»
«Пра што там?» «Ат... Пра што за ўсё часцей...» Як добра ведаць, што было, што будзе!
«А суддзі хто?..» Чакай, якія суддзі?
...Сячкарня «жыг» — і пальцы да касцей.
Прачнуўся. Ранак. Радыё. (Памёр!) «За даўнасцю гадоў...» Дыханне маці... Я словы пераблытаў у дыктанце!
— Тэмпература... Мокры, як бабёр... Гвалт. Цёткі. Гвалт. — Да доктара!
Вязуць. Падскокваюць па бруку дробна колы. Касцёл. Бальніца. — Мне за мост, у школу, Дыктант... — Напішуць. — Жыта жаць... — Сажнуць.
Вавёркай сонца скача на сасне. Бінты. Пахмурны доктар. Марганцоўка. — Ну, ачуняеш — будзе, брат, лупцоўка!
— ...Я сплю? — Не спіш. — Вы ў сне са мной? — Не ў сне. — Дыктуйце. — Што? — Няма дажджу. Сухмень.
— Палае ўвесь. — Магчыма, сепсіс... — Доктар!
— Я напішу выдатна... — Добра, добра... — Я напішу... — Адно ўсё... — Трэці дзень...
Партрэт выходзіць з класа, на акне Гарыць сячкарня, курчыцца газета, Паштар вавёркай скача на сасне... — Я напішу... — А ён усё пра гэта.
...I раптам так, нібы пасля дажджу: Грыбы па лесе, верасень, кастрыца, Як не давалі — і далі напіцца...
На лаве ў лазні з паштаром сяджу, Расказваю, як ён скакаў вавёркай,— Паштар рагоча... Добра паштару,
Што я жывы, сяджу з ім, гавару... Харошая між намі йдзе гаворка. Ды клічуць... Чыста. Маладзік над хатай. Зноў сон... Зноў той... Нібы заклаў душу!
I помню ўсё: не дапісаў дыктанта. I ўсё надзею маю: дапішу.
БАЛАДА ПЕРШАГА КРОКУ
Жыў на Палессі селянін У вёсачцы глухой. Ён цішыню сваіх мясцін Любіў, як мы з табой.
Як мы з табой, а можа й больш, Хоць пра сваю любоў Апавядаць умеў ён горш На мове гучных слоў.
Ён працаваў, карміў сям'ю, Ад працы глух і слеп, I верыў: бог стварыў зямлю, Каб бульбу даць і хлеб.
I верыў: неба бог стварыў, Каб дождж і снег ішлі. I ў што ён верыў — з тым і жыў Пад небам на зямлі.
Ён чуў, што недзе мора ёсць, За морам горы ёсць, А за гарамі горад ёсць... А што далей — не ведаў...
I так бы ён пражыў свой век За дзедаўскай сахой, Калі б не быў ён — чалавек, Такі ж, як мы з табой.
Калі б употай не жыла У ім, забітым, цяга Уведаць сэнс дабра і зла: Што — «добра» ёсць, што «блага».
Каб не карцела знаць яму Адказ зусім не просты: Пра лёс свой — як? Пра свет — чаму? I пра сябе — навошта?
Так ён глядзець на свет пачаў — I бачыць ён пачаў, I нешта разумець пачаў З таго, чым жыў гаротна...
I разанула па вачах Святлом скрозь вечны змрок! I на пакутны праўды шлях Зрабіў ён першы крок.
Яму ў гарляк увішны поп Штурхаў малітвы кляп: — Не думаць твой мужыцкі лоб, А біць паклоны каб!
Па ім гулялі бізуны Падпанкаў і паноў, Каб не забыўся, што яны Яго паны, а іх сыны Паны яго сыноў!
За грудзі трос яго жандар, Каб лепей помніць мог, Што ёсць на свеце бог і цар I што — найпершы — ён, жандар, Яму і цар і бог!
Каб не надумаў, сучы сын, Наморшчыцца ілбом! I абавязак знаў адзін: За ўсё плаціць гарбом...
I ён не разгінаў гарба, Душыў у горле ком,— А вочы білі спадылба Агнём! Святлом! Святлом!