Выбрать главу
I калі ён узняў свой твар — Мільёны узнялі! — Ад позірку яго Пажар Успыхнуў на зямлі.
I сыпануў — гаркі, як соль,— Усіх шляхоў уздоўж Адвечных крыўд адвечны боль — Цяжкі, свінцовы дождж.
...Як са старой дзяжы, З канца ў канец зямлі Дажджы і зноў дажджы Лілі і зноў лілі.
Ні ў лесе, ні ў гарах Ратунку не было, Нат хвалі на марах Дажджамі заліло.
I вар'яцеў натоўп Ад вусцішных падзей. Царкоўнікі: — Патоп! — Палохалі людзей.
— Хай дапаможа бог!.. Ды бог не дапамог, I той, хто ніцма лёг, Узняцца ўжо не мог.
I тых, хто жыў святым I Ноем меціў быць, Змывала, як масты Парою навальніц.
I забіваў народ Жандараў і цароў. Быў вельмі страшны год, Патопны год дажджоў...
Але для ўсіх для тых,—
Хто жыў у барацьбе, Хто не збіваў плыты, Каб ратаваць сябе, Хто не палёг трысцём, А ўстаў, каб права знаць Між смерцю і жыццём Свабоду выбіраць, Хто на гады нягод Жыццё сваё лічыў,—
Быў год-прадвеснік, Год Чырвоных далячынь...
Прад кожным з нас абраны шлях Ці шлях, што нас абраў. I не вярнуцца па слядах Туды, адкуль пачаў
Ісці дарогаю жыцця — I напрасткі, і ўбок... Глядзі: шчаслівае дзіця Зрабіла першы крок.
Хіснулася... Пайшло... Пайшло! I дзіва хоць бы ў тым, Што чалавека не было — I вось сляды за ім.
Яму не хутка зразумець, Што прыйдзе час здалёк — I трэба будзе сілу мець, I мужнасць мець на крок.
Ён і ўпадзе... I ўстане зноў, Каб на зямлі старой Прадоўжыць шлях сваіх бацькоў Або пракласці свой.
БАЛАДА ПАКІНУТАГА СЭРЦА
Мне мроіцца часам Відовішча страшных вякоў: Нібыта ў пустэчы, Якая Зямлёю завецца, Адно — сярод спаленых, Попельна мёртвых пяскоў — Ляжыць чалавечае сэрца I грукатна б'ецца!
Яно, як гара. Ледавік на вяршыні яго, Адтуль па адхонах Сцякаюць крывавыя рэкі
I грозна зрываюцца Лавы чырвоных снягоў! — I ў чорную бездань Канаюць на вечныя векі.
Ударыць яно — Уздымае да неба віхор I пыл, і каменні, Зямля з краю ў край скаланецца Не бачна Сусвету,
Ні Сонца не бачна, ні зор! I стогне жалобна — Гара — чалавечае сэрца!
Жалоба яго Аб усім, што было на Зямлі: Вясёлыя людзі Смяяліся тут і спявалі, Кавалі плугі I аралі вясною палі, Хадзілі на войны — I зноў гарады будавалі.
I ў кожным з людзей тых, То з болем, то з радасцю зноў, Маленькія сзрцы На міг не спыняліся біцца, Маленькія — толькі Грымелі мацней ад грамоў, Маленькія — толькі Свяцілі, нібы бліскавіцы!
Таму і змаўкалі, Згаралі заўчасна яны, I мудры вучоны Сказаў: — Я пазбаўлю вас смерці... Вось помпа — не трэба Плаціць асаблівай цаны — Надзейная помпа Замест ненадзейнага сэрца.
Ура вам, вучоны! Ваш геній дарма не прапаў, Мільёны мільёнаў Жылі з вашай помпай бязбедна, Ніхто з іх ад гора Сардэчнай хваробы не знаў, Але і ад шчасця Салодкага болю не ведаў.
Калі напрадвесні Хацеў нехта з іх пакахаць I з вуснаў жаночых Гарачаю ноччу напіцца,— Ў грудзях не шчымела! — I нельга было пажадаць: Няхай зашчыміць там! Няхай разбаліцца!
Забыліся людзі Пчаліныя песціць сады, Аралі, ды болей Не ведалі радасці ў працы. Цяснела Зямля, За гадамі міналі гады, I час надышоў Чалавеку з Зямлёй Расставацца.
На сушы, на моры, На скалах высока ў гарах, На могілках продкаў Жылі неўміручыя людзі... I вось той вучоны, Якому крычалі «ура», Устаў і сказаў ім, Што з імі было і што будзе.
— Я самы стары з вас, Але не адзіны пакуль, Хто можа прыпомніць, Як людзі смяяцца умелі, Як з сэрцам жылі, Не схаваным ад болю і куль, Як мёртвых хавалі — I як бессмяроцця хацелі.
Мы славілі розум I верылі ў розум вышэй, Чым продкі далёкія — Ва ўсемагутнага бога, Мы так працавалі, Што дым вырываўся з вушэй, I ўперад ішлі, I шырэла прад намі дарога.
Але — толькі людзі — Не ўсё мы маглі зразумець, А што і маглі — не хацелі, Бо думалі: зможам Звалодаць з усім, I, нарэшце, адолеўшы смерць, Мы вырвалі сэрцы! — I кратамі стаў для нас Розум.
За гэтыя краты Мы кінулі нашу любоў, Як вязні, за імі Ўсе нашы пачуцці стагналі... Вось тая цана, Што заплачана намі, каб зноў Высока і ясна Штодня нашы сэрцы згаралі!
...I мроіцца мне: Да пакінутай грознай гары, Што стогне жалобна, Чакаючы лепшае долі, Ідзе чалавек — I ў праменні чырвонай зары Ён лёгка гару Уздымае на полі далоняў.
Да іншых галактык Панеслі зямлян караблі, Адзін ён застаўся — Як помнік, стаіць нерухома. Нікога жывога Няма больш на мёртвай зямлі, Спрэс попел, ды пыл, Ды астылы бетон касмадромаў.
Так сонца ўзышло. I гара не адкінула цень, I сонечны дождж Скрозь яе на далоні праліўся, I з нетраў гары Раптам пырснуў зялёны прамень, I парастак жыта, Прабіўшыся, закаласіўся.
Расталі снягі, I апоўз ледавік, як кара, I вецер заняўся Забытай сяўбою... Любое Зярнятка рунела, I стала маленькай гара, Падобнай на яблык На дрэве спазнання любові.
I ўсё на зямлі забуяла, Усё зацвіло, Шумелі палеткі, I з коласам колас шаптаўся; I крыкнуў Сусвету тады чалавек: «Ажыло!» — I зорам у вочы халодныя Разрагатаўся...
Стаяў ён — шчаслівы,— I рогату рэха гуло, Шаптаў: — Вось і зноў ты Збалела і радасна б'ешся Ў грудзях маіх... Дзякуй За тое, што ты зберагло Жыццё на зямлі, I за тое, Што ты застаешся
Нязгасна і верна Служыць у віхурах часоў Дабру і любові, Як ты ім служыла спрадвеку... I ціхія слёзы Скаціліся ў попел пяскоў З вачэй Чалавека...
ТЭАТРАЛЬНАЯ БАЛАДА
На ранішнім спектаклі, у нядзелю, Было так малалюдна, што гадалі: Спектакль паказваць ці прасіць вяртаць Шаноўнейшую публіку білеты, А ў сэнсе кампенсацыі маральнай Прапанаваць ёй з'ездзіць у грыбы З артыстамі, з Падзоркавым і Зорнай! I вось прыйшлі з такою прапановай Да публікі: галоўны рэжысёр, Адміністратар, білецёр і нават Пажарнік, хоць апошняму было I лепей тое, што так мала люду Сягоння ў зале, толькі каб нікога Там не было,— Было б, вядома, лепш. Прапанавалі... У адказ на гэта Шаноўнейшая публіка сказала, Што ёй не трэба ні грыбоў, ні ягад, Бо па пытанню гэтаму якраз На днях яна блукала ў нейкім лесе I нешта там збірала, а на сёння Запланавана загадзя ў яе Мерапрыемства ў плане тэатральным, I за яго ёй прыйдзецца трымаць Адказ не белымі ці іншымі грыбамі, А слушнай справаздачай у прафкоме. Шаноўнейшаю публікай быў я... Як узурпатар, я сядзеў пад люстрай У восьмым радзе, на чацвёртым месцы,