Выбрать главу
Нібыта сэрца пульсавала У тым клубку, у шары тым, Як быццам болем шар сціскала, Як быццам радасць распірала...
«Няўжо яна?..» Ён быў пустым, Той шар, Клубок той... Ён свяціўся Наскрозь — і ўсё-ткі ў глыбіні Спрадвечны змрок у ім клубіўся...
«Я помню ўсё! На ўсё забыўся — I памяць спалена ў агні, Маланка! Асцярожна, людзі!..» I явай сон той быў ці не — Яна ўвайшла ў мяне праз грудзі I разарвалася ўва мне.
...Быў сон, які Маланкай звалі. Ці гэта яву звалі так?.. Была яна. Быў Ай-Кайлак, Дзе несуцешна білі хвалі У сцены гулкія пячор... Мы выбралі адну — Касцёр Там распалілі, скарб свой склалі — I жыць там пачалі... Мы зналі, Што гэта ўсё — забава, я?арт, Гульня свавольная, блазнота, Што не ўцячы ад адзіноты — I не знайсці яе... На жар Мы клалі мяса, палівалі Віном... Там ліўся вадаспад З пітвом вясёлым, рос там сад, Дзе вольныя звяры гулялі, I птушкі вольныя спявалі, I віўся дзікі вінаград... Там шмат гадоў таму назад — Жыццё назад і смерць назад! — Адно адное мы кахалі.
Кахалі мы... О немач слоў! О гукі гэтыя пустыя! Каханне, шчасце, страсць, любоў...— Навала слоў! І ўсе — не тыя, Усе — як сатанінскі грыб, Што мае толькі назву грыба... Нямыя мы. Нямей ад рыб. А можа, мы і праўда рыбы, Якія мацерцы Вадзе Сэнс вечнасці ахвяравалі...
Маланка берагам ідзе, Сляды яе цалуюць хвалі, З плячэй яе, з грудзей, з клубоў Святло — тугое, залатое — Сцякае...
Шчасце, страсць, любоў! — Любое слова тут не тое, Калі за ёй ляцяць стрыжы, Плывуць, гукаючы, дэльфіны...
— Гамер! Што бачыш ты, скажы?.. «Па беразе ідзе жанчына».
Паэзія! Твой бог — сляпы! Сляпыя служкі ўсе! Нямыя!.. Стаяць блакітныя слупы Там, дзе Маланка косы мые. Яна пакуль на той мяжы, Дзе ўжо не суша, шчэ не мора...
— Гамер, што бачыш ты, скажы? «Мяжу! — гукнулася прастора,—
Мяжу, якой не бачыш ты Між выдыхам і рэхам слова...»
— Гамер!.. Дэльфіны на хвасты Усталі ў варце ганаровай Каля яе... Нібы ў мальбе, Прыбой аб скалы б'ецца з гулам... Што словы тут!.. Яна іх чула!.. «Іх рэха вернецца к табе».
Няхай вяртаецца... Апроч Таго, што маю — мець не трэба: Пячора. Мора. Скалы. Неба. З Маланкай — дзень, маланкай — ноч.
...Яна любіла ноч — і ўночы Любіла плаваць... З тых часоў Міраж я бачу: Цень жаночы Страсае зоры з валасоў, I падаюць пад ногі зоры... А цень — навослеп, па сцяне — У кропельках абдымкаўмора Ідзе ў абдымкі да мяне... 0 гэты самы першы дотык!.. Калі не помніш слова «досыць», Калі зусім не помніш слоў!.. Маланка! Срэбраная рыба! Калі любоў — яна любоў! Пагібель — дык яна пагібель!
...Хто мы такія? Скуль мы? Дзе Шукаць разгадку таямніцы?.. Куды нас грозны лёс вядзе?..
Бяжыць Маланка па вадзе — У нетрах мора Мрок клубіцца.
Я сплю. Звяры і птушкі спяць. Дэльфіны спяць... Без дай прычыны Бяжыць — праз ноч, Праз лёс — жанчына, І зоры з валасоў ляцяць.
— ...Чаму цябе завуць Маланкай? — Чаму Маланкай?.. Я паганка. — Паганка. — Так. — З якой пары? — А з той, калі адны звяры Жылі на свеце... Я тады была маланкаю сапраўднай, Дачкою Грому і Вады... Ты мне не верыш? Гэта праўда. — Я веру: праўда. Гавары.
— Ты ведаеш паганцаў веру? — Ну так... Перасяленне душ... — Не толькі гэта... Я з намерам Размову пачала... Мой муж, Ну, будучы... — Магу азвацца... — Чакай! Са мной павінен ён У навальніцу абвянчацца... — Чаму? Нашто? — Каб зняць праклён.
— З каго? — З усіх. Я варажбітка, Паганка... Сцежкі нас звялі, Каб мы ўдваіх праклён знялі З усіх, з усіх, хто на зямлі Жыве і памірае Брыдка.
— Хто ж іх пракляў? — Пярун. Мой бацька. — За што? — Каб хто з іх ведаць мог!- — Дык Саваоф, біблейскі бог, Пракляў таксама... — Гэта цацкі! Што Саваоф! Дзядок увішны: Зрабіў — і ўжо пракляў тады... А тут: дзе знакі? дзе сляды? Няведама адкуль мы выйшлі, Ідзём няведама куды. Спакусы грэх — аброк ярэмны. Не спакушайся да вянца... А тут: праклятыя — і цемра. I ні пачатку, ні канца.
— Дзе ж паратунак?..
Білі хвалі У Зямлю — Галгофу ўсіх галгоф...
— Адам і Ева н е к а х а л і... , Таму пракляў іх Саваоф. Ты разумеені?.. Грэх — прычына...
I зноў мы ўсюды і нідзе!.. I зноўку срэбная жанчына Бяжыць па месячнай вадзе. ...— I ўсё ж: Было спачатку слова, Пасля: святло, вада, зямля... — I сад пасля, I ў ім змяя, Прыдумаў нехта адмыслова Легенду гэту... Можа, свет Ствараў паэт?.. Сляпы паэт.
— Чаму сляпы? Чаму, Маланка?.. — Я так, не слухай... Я паганка, Дачка Вады і Перуна, I я не веру ў казку гэту, Але — ці богам ці паэтам — Нашто стваралася мана, Нянавісць, хіжасць, зайздрасць, здрада?.. I што пам байкі з райскім садам, Калі мы цягнем з веку ў век Вось гэту нечысць, пошасць свету?.. — Тады спытайся ты ў паэта, Нашто ствараўся чалавек?
— Я ведаю. Нашто пытацца... — Скажы. — Каб нехта мог смяяцца I плакаць мог, Каб на ілбе Ён нёс пазнання геній горды... Для нас стварыла нас прырода, Каб цераз нас Спазнаць сябе. — I ўсё ж...
Далоні! Плечы! Губы! — Пасля: зямля, вада, святло... — Перш, чым нічога не было, Што ж называлі словы, любы?.. I што ў іх абалонках ёсць З таго, што ё сц ь,— скажы на ліха?.. Вось словы: «СОН». «Пячора». «Госць». А хто ён, госць?..
I нехта ціха Гукнуўся: — Я... - Касцёр патух, Маланку я ў суцемках страціў.
— Я гаспадар пячоры. Дух. Нязваны госць на вашым свяце.
— Ты бачыш нас?!. — Нашто мне зрок? Я — дух пячор. Сусветны змрок. Я цемрадзь — вечнасці статут... I ўсё ж, як ты святло лучыны, Святло маланак бачу: Тут Маланка ў вобразе жанчыны. Я дапытаюся ў яе Пра ўсё, што ты не дапытаўся...