Выбрать главу
Не, песню не помню. Мелодыя... музыка... гукі...
ЖАЎНА

Ніне Мацяш

Нават рэха няма ў гэтым лесе, Няма нават рэха. А бывала чутно, Як вавёрка гуляла арэхам, Перакідвала з зуба на зуб... Векам, дупламі сточаны дуб Больш не просіць, Каб дзяцел прачысціў старэчае вуха Няма чаго слухаць. Глуха Ад відна да цямна, Быццам лес гэты выкляты лёсам...
I заплакала раптам жаўна, Не — запела адчайна жаўна, Што спрадвеку была безгалосай!
Як звінела яна! Скуль яна?.. і якая яна?..— Не відно!.. Толькі голас пярэсты! Толькі ў медным аркестры Залатая струна!
I ледзь-ледзь ажыла, Загула Медзь, якая была анямела. Палавіна аркестра гула: як змагла? Палавіна гула: як пасмела! Сыч схаваўся ў дупло. Закрычала сава звар'яцела: "Тут такой не было!.," Мала што не было! Не было — прыляцела. Над будзённаю скрухаю Святкаваў залаты яе голас...
Песні трэба, каб слухалі. Каб на песню быў голад. Толькі лес — як сцяна. Зрэдку вецер у вецці шугае,
Паляцела жаўна, Дзе яна свайго лесу шукае?
РОДНАЕ
Вясновы першы гром Скаціўся, як з гары, I рэха ля крыніц дубы хістае. Бусліная зямля. Азёры ды бары. Акопы ды палын. Зямля святая.
Тут не забыты плач. I не забіты смех. Не аціхае спеў чарод птушыных. Тут дождж не проста дождж. I снег не проста снег. Бо гэта дождж і снег над берагам Айчыны.
ВОЛАТАВА ГАРА
1
Грымнуў у грудзі гары — Пала прад волатам: "Колькі захочаш бяры Срэбра і золата".
Не нахіліўся падняць. Рушыў.
Устала I засталася стаяць Там, дзе стаяла.
2
Шляхам зваротным ішоў, Грымнуў — не ўпала. "Што ж ты,— спытала,— знайшоў? Сіла — і тая прапала".
Глянула — цёмна ў вачах!
Страшная сіла! "Ты засланіла мне шлях..."
З
I саступіла. Долы адкрыла. А ён Зноў рушыў верхам.
...Плач, што ляцеў наўздагон, Зносіла ветрам.
НОВЫ СНЕГ
Столькі снегу, што галіны ломяцца. Белы снег — таму і белы свет. Чысціня. На чысціні і ловяцца. След у след Ты ступай за мной паміж сумётамі, Дзе слядоў не бачна нічыіх. Не сумуй былою адзінотаю — Мы ўдваіх Каля ўскрайку лесу вечаровага, Дзе пазёмка запыняе бег... I нічога ў нас з табою новага — Толькі снег.
ПЕРАД ТАБОЙ
...Я з лёсам Біўся на нажах, Пакуль мяне ты не любіла, Ты мне адкрыла смерці жах.. Не, Жах жыцця ты мне адкрыла.
На міг на ростанях Сусвету Любоў Знайшла маю душу. Я не прашу кахаць за гэта... Я літасці тваёй Прашу.
РАЗРЫЎ
Узняў кулакі над сталом — I грымнуў аб стол кулакамі: "На скос, на распыл, на разлом Усё, што было паміж намі!" I не азірнуўся ў дзвярах... I бачыў да скону штоночы Два чорныя возеры ў снах: Сірочыя сынавы вочы.
СПАДАРОЖНАЯ
...I выпадкова, плоць да плоці Нас кінула на павароце, I шляху пыльная шляя Між ліп згубілася высокіх. Зеленавокая мая! Я не люблю зеленавокіх. Ды асляпіла гэта сіла, Што скразнякамі ў нас гудзе. На міг адзін яна зрадніла — Яна навекі развядзе. Ніхто не будзе вінаваты!.. А ты — да страты, да расплаты, Да развітання за вярсту — Глядзіш, нібы сястра на брата. Як сірата на сірату.
КАМЕНЬ-ЖАЛЬНІК
На сівы быльнёг, На разбег дарог Да вясёлых ног Камень-жальнік лёг.
Не ступі — згарыш! - На каменны крыж.
Калі ж смелы: кліч! Пад сырой зямлёй Залатой змяёй Звіўся Вечны Зніч.
Як не ўпадзе кліч З рота жабаю, Выйдзе Вечны Зніч З камень-жальніка.
Пабяжыць, гарун, Да Старых Барун,— Дзе згубіў Пярун Залаты бізун,—
Не тварыць мальбу, Не спраўляць жальбу, А ці волю гуляць Альбо неба сцябаць.
КАЛІ ШАНЦУЕ
Гнулася арэхавая вуда, Торгаючы рыбіну душу. "Ну куды ты дзенешся?.. Нікуды!.."
Я вясёлы, быццам з кірмашу, Мне ўвесь дзень сягоння шанцавала!
I насадка на тваю душу Анічога мне не каштавала.
Кіну ў кош. Ляжаць ужо ў кашы Два самы, нібыта гладышы.
А душа рванулася — парвала Жылку!.. Што ж, і два самы — нямала.
Трэцяму — Сягоння шанцавала.
ЗАЎТРА РАНА ЎСТАВАЦЬ
Заўтра рана ўставаць... Ачмурэлая поўня ў акне. Заўтра рана ўставаць... А размове канца не відно, Хоць і сказана ўсё, і дапіта да донца віно — Не памочнік сягоння яно, заўтра рана ўставаць. Нашы дрогкія цені стамлёна ляжаць на сцяне, Заўтра рана ўставаць,— Трэба спаць, трэба спаць, трэба спаць; Нам ці страшна абодвум апошнія словы сказаць, Ці няма што сказаць... Заўтра рана ўставаць.
Што мы вырашым сёння па праўдзе альбо па мане? Заўтра рана ўставаць — Позні час, позні час, позні час; Вось мы побач сядзім, і ніводны не ведае з нас, Як дагрукацца мне да цябе і табе да мяне.
Кожны з нас выплывае са шторму на ўласным чаўне, Нешта ёсць паміж намі, чаго не дазнацца дваім, Можа, трэці патрэбны, тым больш што гаворка аб ім,— Заўтра рана ўставаць... Дык патрэбны нам трэці ці не?..
Быццам маятнік ноч — З боку ў бок, з боку ў бок, з боку ў бок, I размова, нібыта з рукі на руку ланцужок. Недзе ж ісціна ёсць, залатая сярэдзіна ёсць, Толькі мы да яе — ні на крок, ні на крок, ні на крок.
Значыць, скончым нічым, як калісь пачалі ні з чаго, Заўтра рана ўставаць,— заўтра гэтае ўжо настае: Дзве блакітныя знічкі упалі на вейкі твае, Адхіснулася цемра ад боскага твару твайго.