Выбрать главу
Мне б маліцца прад ім і нічога не помніць апроч, Што крывёй прыкіпеў, што ў цябе ўсімі жыламі ўрос! Заўтра рана ўставаць — і разлічвацца лёсам за лёс, Бо не выправіць дзень, што не здолела выправіць ноч.
Бо пакутліва помнім і ведаем болей ад слоў, З іх любое, як зброя: ці шчыт у гаворцы, ці меч. Трэба класціся спаць — Не пярэч, не пярэч, не пярэч, Поўня ўзбіла падушкі пад ценямі нашых галоў.
Цені нашыя спяць. На крайку твой, на самым ражку. Я па звычцы паправіў падушку яму пад шчакой. Заўтра рана ўставаць...
...Укацілася поўня ў пакой I павісла гадзіннікам на залатым ланцужку... Рана, рана ўставаць.
***
Дзе голаў прытулю, Там і знайду начлег. Снег першы — На зямлю, Наступны снег — на снег. На рану — Першы боль, Наступны — на шрамы, На лёс, на стынь і золь, На першы след зімы, Што толькі пачала па снежні свой разбег.
Прыбегла. Абняла. З плячэй страсае снег.
ПРОРВА
У прорву страшна зазіраць — Не бойся, зазірні: Удзень і ўночы там гараць Балотныя агні.
Клубіцца там смуродны чад, Атрутны дым цячэ, I пажырае гада гад, I брата брат сячэ.
Трашчаць хрыбты, кіпіць смала,- Сыцее цемры цар!..
Глядзі ў пустыя вочы зла. Не адварочвай твар, Як зло ўздымае булаву Ці камень жарнавы...
А ў плечы ўцягнеш галаву- Не зносіш галавы.
КОЛА АГЛЯДУ
Я спачатку прыдумаў маланкі, А потым — запалкі. Калі ўдумацца—дзіўна, Бо маланкі прыдумаць цяжэй.
Лотым Ева сагнула лазіну, Касою звязала канцы I прыдумала кола. — Тата, кінем з гары!
...I яно пакацілася Калясніцай Іллі па аблоках, Самакатам і веласіпедам, Паравозам і аўтамабілем, Колам лёсу I колам агляду (Тым, што ў парку дзіцячым у Мінску).
Я прыдумаў маланкі — Таму быў абраны ў бацькі Вынаходніцай кола.
Яна прывяла мяне ў парк. Мы купілі білеты і селі ў зялёную люльку.
— Кола будзе каціцца ці будзе круціцца? Спытаў я. Яна адказала: — Вышэць.
Мы вышэлі, а дрэвы ніжэлі. — Значыць, можна вышэць, Калі думаць, што нехта ніжэе? — Спытаў я. Яна адказала: — Вышэць — так не думаць.
З намі дрэвы вышэлі. Як жорны, уздзеты на прэнт тэлевежы, Паварочваўся горад... У трэшчыне жорнаў стаяла рака.
— З двух адно,— я сказаў,— Калі жорны зрастуцца, то выціснуць рэчку, А разваляцца жорны — рэчка сыдзе ў пясок.
— Не! — яна адказала.— Вышэць — бачыць выйсце.
З намі горад вышэў. Разрастаўся. Ягоныя жорны Абручом абвіла акружная дарога, А яе прабівалі праменні Магілёўскай і Слуцкай, Маскоўскай і Брэсцкай шашы.
— Па якой жа з іх выйсце? — Спытаў я. Яна адказала: — Па ўсіх. Калі дзеці дарослымі робяцца, Рэдка хто з іх разумнее. Кінь маланку.
Я кінуў. Блакітная сцёбнула пуга Па праспекце. Успыхнулі вокны ў дамах. Скалануліся дрэвы. Як шрот, вераб'і сыпанулі. А з людзей, што прыдумалі громаадводы, Аніхто — Ні адзін!— не прыўзняў галавы.
— Кінь запалку.
Я кінуў. I ўнізе адразу ж пачуўся Крык: — На коле! У нас не жартуюць з агнём! Аштрафуем!..
— Вось бачыш,— Вынаходніца кола ўздыхнула. — Людзям трэба вышэць.
З намі людзі вышэлі У люльках чырвоных і сініх, А зялёная — наша — прайшла ўжо сваю вышыню... — Як вышэць? — я спытаўся, Яна засмяялася: — Проста. Трэба з кола сысці, Покуль люлька не стала ніжэць. Дай руку...
I мы скочылі з люлькі Пайшлі па аблоках, а следам — Прыручоным — кацілася кола, круцілася кола, а ў ім, Як вавёркі, Скакалі стагоддзі...
СІТУАЦЫЯ
Дрыготкія цені чароту... Ударыш вяслом па вадзе — I пырскі рассыплюцца шротам, I рэха кругамі ідзе Да берага: "Што ты?.. Чаго ты?.."
Не віскне сабака ў двары, Прыходзь — і што хочаш бяры, Не ўскінуцца гаспадары, Бо спяць, як прадаўшы пшаніцу, Нічога ніхто не баіцца, Ніхто і нічога!.. Назад Ад берага рэха адрыне. ...I толькі шалохнецца сад Ды ўспудзіцца конь у адрыне...
I вуха нядрэмнае ўскіне У чуйную ноч Канакрад.
ПЫТАННЕ
Дні рассыпаць, як той мак на стале, Байкамі бавіцца... Толькі аднойчы яно паўстае: Што адбываецца?
Страчана. крэўнасці. ніць. між людзьмі. Так яно лепей. Так яно лепей?.. Светла ў Сусвеце. А свечку задзьмі — Цемра аблепіць.
Што ж адбываецца з намі і ў нас?!. Быццам не знаеш!..
Знаеш: пытанне вышэй за адказ, Скочыш — і шыю зламаеш.
АДКАЗ
I запытаўся ён пасля ўсяго: "Калі жывеш ты, то ў імя чаго?"
І засмяяўся я: "Цяпер якраз Не адкажу, бо ведаю адказ".
БАЛАДА ГУСЛЯЎ

Кажуць людзі: ў год раз ночкай з гуслямі дзед

З кургана, як снег, белы выходзе.

...І ўсё нешта пяе, што жывым не паняць.

Янка Купала
У краях, Да якіх ад нашых дуброў Тры гады на кані скакаць, Цар Арых Зваяваў суседніх цароў I пачаў адзін цараваць.
Два законы Народам скароным Арых Абвясціў скрозь лямант і крык: "Той, хто будзе спяваць Песні продкаў сваіх — На калодзе пакіне язык".
А каб сілай сваёй За ўсе царствы мацней Было царства яго — Арых
Асудзіў на страту Слабых дзяцей I нямоглых старых.
Ён васалаў-царкоў Пасадзіў на транкі, Загадаў ім выконваць закон. "Ты мудрэйшы з мудрэйшых,— Сказалі царкі,— Прыйдзе свет да цябе на паклон".
I паклікаў Арых Ваяводу свайго, I сказаў яму: — Слухай, Яман! Над законам няма Ні цароў, ні багоў, Ваяводы — таксама няма. А таму,— усміхнуўся Яману Арых,- Ты цара, ваявода, усцеш... Па закону На страту нямоглых старых Першы бацьку свайго Павядзеш.