Пахіснуўся ад слоў гэтых
Волат Яман,
Здзёр даспехі з сябе,
як кару...
Але дыхавіцы
праглынуўшы туман:
"Павяду",—
адказаў ен цару.
Потым з катам дзяржаўным
Адзін на адзін
Так Арых размаўляў:
— Верны кат!
Па закону на страту
Нямоглы твой сын
Хай адкрые мне
спіс гэтых страт.
Кат ад слова царова
Прырос да сцяны,
Але ўкленчыў
і вышаптаў ён:
— У мяне, уладар,
Два
нямоглых сыны,
Над абодвума
Роўны закон.
I паклікаў Арых
Да сябе гусляра,
Ды не граць
I не песні спяваць,
А сказаць,
Што няма над законам цара,
I ўсе гуслі
спаліць загадаць.
Не здзівіў гусляра
Цар загадам сваім,
Доўгі век жыў на свеце гусляр,
Быў ён белым як лунь,
Як легенда — сівым...
I сказаў ён цару:
— Уладар!
Прад законам схіляюцца смерд і кароль,
I не мне перад ім бунтаваць.
Гуслі заўтра спалю...
Толькі сёння
Дазволь
Мне апошнюю песню зайграць.
Я магутнае царства тваё апяю,
Ваяводаў і катаў тваіх,
Я вялікую мудрасць услаўлю тваю...
I кіўнуў
галавою
Арых.
I крануў
свае гулкія гуслі гусляр
Так, што неба,
Як звон, загуло!..
Устрывожыўся цар:
То бялеў царскі твар,
То чарнеў,
хоць у песні было
Толькі тое,
На што найвышэйшы дазвол
Паслухмяны пясняр папрасіў...
Але п е с н я
Хістала
і горы, і дол!
Як па мёртвых,
Гусляр галасіў
Па смялейшых за ўсіх
ваяводах цара,
Па адданейшых катах
і па ў...
I маланкай
Мільгнуў
Над плячом
Гусляра
Катаў меч —
і на шыю
упаў!
Царскі суд — правы суд.
Царскі гнеў — скоры гнеў.
Меч у царскай дзясніцы —
Пярун!
...А гусляр
перасечаным горлам
хрыпеў
I цягнуўся...
Рукамі...
Да струн...
"Гэй вы, гусі-самаграі!
Музыкі сівыя!
Вы спявайце ў родным краі
Песні векавыя.
I з небыцця вяртайце, гуслі,
усляроў у зрэб'і,
Непадкупных, неспакусных
Золатам і срэбрам.
Не збірайце толькі, гуслі,
Успамінаў хмары,
Як плылі над Белай Руссю
Войны ды пажары.
Як зямля яе стагнала,
Плакалі каменні...
Як было і так нас мала —
I як стала
меней..."
КАЖУХ
Серп згубіла жняя,
Парэзалася змяя.
Не змяя —
змейка.
Не жняя —
жнейка.
Дзяцінства.
Не страшна мядзянкі,
А страшна вядзьмаркі.
Яна жыве за рэчкаю
З ваўком і авечкаю.
Воўк авечку не дзярэ,
Ляжыць на баку:
До дзяцей на дварэ —
Хопіць ваўку,
— Як воўк вые?
- У-у-у!..
Не страшна.
Лугі гудзелі восамі,
Дзе бегалі мы босыя.
Грамы маланак кованкі
Кавалі перунамі,
А мы гулялі ў хованкі
З маланкамі,
З грамамі.
Бярэ лімонку Лёнька:
— Во гэта
чака.
...Пакласці на касцёр лімонку
I чакаць.
Лёнька — глянь! — пры рэвальверы:
"Збоч! Не падыходзь!.."
Першыя піянеры
Мацук і Гродзь,
На іх чырванакрыла
Гальштукі палаюць.
— Лёньку забіла!!!
...Хаваюць.
Пласты сырой зямлі
Зрываюцца з лапат.
— Яны яго звялі!
А-а-а!.. Быў бы аўтамат!
— Ты што!
То ж дзеці!!
Гнат!!!
...Я вырастаў з дзіцячых апранах
Хутчэй, чым травы ў лета вырасталі.
Ды не ў дакор
за рост не па гадах
Абновы мне гады ў рады спраўлялі.
Ну што пашыеш з лахманоў вайны?
Якія ў вёсцы зрабаванай грошы?
А дзед бухторыў:
"Поліўка...
Бліны...
Някепская яда — і рост харошы".
Як ні зіма — так звычная бяда:
Што апрануць, каб халады агораць?
Маўчаў я злосна:
"Добрая яда!
У Лёнькі старшынёвага не горай.
Але ў мяне палаплены кажух,
А Лёньку на зіму спраўляюць новы..."
Дзед уздыхаў.
Дзед пераводзіў дух,
Казаў:
"У Лёнькі бацька
Не вясковы.
I старшыня. З тваім не параўнаць".
"Кіла ў яго! — злаваў я.— Сквапны. Хіжы.
А старшыня — дык заўтра могуць зняць.
Ён рыжы. П'е.
У нас не любяць рыжых.
Ім шчасце
Чорт
варожыць на ражнах!
Вядзьмак ліе
Алей ім у маслёнку..."
Патроны мы шукалі ў бліндажах —
I тут лімонкай і забіла Лёньку.
Ягоны бацька з п'яных слёз апух,
А вечарам, памінкамі дабіты,
Прынёс да нас пад пахаю кажух
I кінуў: "На!.. Хоць не табе пашыты".
Я закрычаў. Я ўрос плячыма ў печ,
Да кажуха баяўся дакрануцца.
Ігнат прасіў: "Вазьміце... Гэта ж рэч...
Вазьміце, людцы! Ну, вазьміце, людцы!.."
Знямеў
мой крык. Паплыў у вочы змрок.
— Ачуйся ты! — Ігната ў спіну білі.
А ён сваё: "Харошы кажушок...
Прымерайся... Навыраст Лёньку шылі.
Табе, бадай што, будзе ў самы раз,
Ты ўзяўся ростам!.. Вунь які ты выйшаў!.."
I белы свет перада мной пагас.
Дзед плакаў ранкам:
"Малайчына... Выжыў..."
...Я выжыў.
Мне хапае апранах.
I час не той. I музыка не тая.
Ды колькі ні жыву —
у страшных снах
На кажусе
На Лёнькіным
Лятаю.
КАНЦЭРТ ПЕРАМОЖЦАЎ
Аляксею Дудараву
Я стаў пераможцам.
Я сёння балюю.
Віншуйце па пошце.
Цалую...
Вітаю вас, кайфа аматары,
Прысмокнутыя тэлевізарам.
Я вашыя душы, што прэлі за кратамі,
Спакусліва вызваліў.
Нязнаныя думкі
Над коўдрамі сноў вашых сцюжна зашорхалі...
Калі вы не дурні —
Жадаю вам поспехаў.
Браты перамогі,
Я вас абдымаю на карку Алімпа.
Нібы насарогі
Крышылі вы ўсе трыумфальныя аркі,
Што ўквечаны рознаю ліпай.
Рыклівы ваш бег
валюхаям
Не быў даспадобы...
Цяпер завіхаюцца,
Лепяць падобных.
Зайздроснікаў хеўра!
Для памятных здымкаў
Раскіньце абдымкі...
Ды хрэн вам.
Вы марылі ўпотай:
скруці, пераможца,
Зламай сабе шыю!
Для вас пераможца — што кошка
Ў закутку мышыным.
Мяне б вы пад рэю!
На дзягу!
Ды ніцма распяты
Між сцяўшым вас страхам
I прагай
Куснуць мае пяты...