Выбрать главу
— Вы ўсе адной гарбатыя віной,— Ён цвёрда паўтарыў. — Віной якой? — Спытаў суддзя. — Ніякай,— Ён адказаў... I ледзьве не заплакаў, Але стрымаўся, Быццам ведаў: Час Не надышоў заплакаць трэці раз.
Праз тыдзень ён пакінуў гарадок. Агледзеў, узышоўшы на грудок, Раку і млын у лазняку і вербах. Падумаў: "Нават гэта ўжо не верне Мяне сюды..." I цягніка гудок Ударыў смыкам па напятых нервах.
Тах-тах! Тах-тах — па стыках тоўк цягнік, I знікла рэчка, гарадок — і ўзнік, Наклаўшыся на музыку расстання, Ці шум, ці шэпт: Я Тайна... Тайна... Тайна...— I шэпт ці шум той — як фанеру цвік — Пранізваў колкі смех, балючы ўскрык: "Гарбун спявае песню пра каханне!"
Ён быў у забыцці. Нібы асобна Сам ад сябе. Нібы на месцы лобным Клаў горб на плаху: "Болей не магу..." I ці жанчына, ці сама дарога Шаптала, закалыхвала: "Нябога... Я разумею... Я дапамагу..."
— Я Таня,— ранкам голас прагучаў... I пакрысе ачуньваць ён пачаў; — Я Таня,— паўтарыла правадніца.— Пара ўставаць. Прыехалі. Сталіца.
"Якая Таня?" — ён хацеў здзівіцца, Але, як нешта ўспомніў, прамаўчаў. — Я зараз. Пачакай крыху, Андрэй.
"Імя! Маё! Я сам яго забыўся",— Жахнуўся ён — і бокам да дзвярэй Пасунуўся...
На горад снег валіўся, Асенні, ранні, нечаканы снег. — Чакай, Андрэй! — I ён тады пабег. — Чакай, Андрэй!..— Яна яго дагнала, Прывыклая да таўкатні вакзала, Перахапіла: "Нас чакаюць дома..."
"Дзе — дома? Скуль імя маё вядома? Наогул: хто яна? Чаму са мной, Як са знаёмым даўнім, размаўляе?.." Пацепнула плячыма Таня: — Ой, Як холадна. Зімою павявае.— I пад руку ўзяла яго: — Бягом!
Маўчаў ён па дарозе. Калі ў дом Зайшлі і селі —ён маўчаў таксама.
Жанчына іх сустрэла. — Гэта мама...
Пілі на кухні каву з малаком — I ўсім траім было ніякавата.
Прыйшоў мужчына ў фрэнчы: — Гэта тата...
— Ну, добра: тата, мама... Хто ж такі Наш госць? — спытаў мужчына ўсіх, імкліва Да Тані павярнуўшыся... Крыўдліва
Сляза з яе скацілася шчакі. — I праўда што, Андрэй... Маўчыш, як дзіва... Ты з цёткай той быў болей гаваркі.
"З якою цёткай?" — думаў ён спытаць, Але жанчына перабіла словы: — Даволі ўжо на хлопца нападаць. Хай памаўчыць. Калі не пень яловы, Сказаць захоча — знойдзе што сказаць.
...Так ён знайшоў прытулак свой, аднак Так і не ўцяміў, што за тайны знак Яму пасланы гарбуновым богам, I сіліўся, прыпамінаў дарогу... Ён ехаў больш за суткі як-ніяк, А помніў толькі шэпты, толькі стукі — I ўсё... I адчуваў сябе ён так, Як сам сябе спаткаў пасля разлукі.
Яго Таццянін бацька ўладкаваў На млын рабочым... Ён мяшкі цягаў, Ад поту і мукі сівы, салоны Дамоў прыходзіў, мыўся... Памагаў У хатніх справах... У жыцці ягоным Хоць нейкі сэнс нарэшце праступаў.
Цяпер яго бянтэжыла Таццяна... У схованцы душы, спачатку цьмяна, А з кожным днём усё ярчэй, ярчэй Цяпельца разгаралася; вачэй Не мог падняць, калі яна стаяла Насупраць... Без яе было лягчэй, Бо, як раней, з ёй побач прыціскала Гарой гарба, праклятаю навалай, Не скінутай з натруджаных плячэй.
Яго таміла гэта пачуццё. Пракручвалася ў памяці жыццё: У ім такога не было і блізка... Здаралася: дзяўчат лавіў і ціскаў, Яны крычалі; Ванду абдымаў, Але такога не было і з Вандай...
Ён браў люстэрка, зачыняўся ў ваннай I горб з плячэй, як мех з мукой, скідаў.
З люстэрка, з-пад прытомленых павек Глядзеў Звычайны Голы Чалавек, Не лепшы за астатніх і не горшы, Усмешкай ганарлівай губы моршчыў... Жабрак. I ён падумаў: трэба грошай Паболей зарабіць... Ён наледзь сек, Капаў зямлю, цэмент грузіў і вугаль, Дамоў прыходзіў — і валіўся ў вугал, I засынаў, здавалася, навек.
Аднак з тых грошай толку не было: Іх трэба зарабляць умець і траціць, Тым больш што браць іх не хацелі ў хаце... I зноўку ў ім заторгалася зло: Выходзіла, што ён дарма лапаціў! Упрогшыся ў работу, быццам вол, Высільваўся дарэмна!.. Навакол Ён вымяраўся не па звыклых мерках, Са скідкаю... I ён каньяк на стол Паставіў неяк. I зрабіў праверку.
...Не, не, ён не прасіў яе рукі, На гэта проста смеласці б не стала. I ўсё-ткі нешта над сталом вітала Такое, што сумеліся бацькі I Таня палахліва паглядала.
Ён зразумеў: пакуль што не пара... I гэтая пара наўрад ці прыйдзе... Дапіў каньяк, настоены на крыўдзе, Сказаў сабе: "Як выйдзе — так і выйдзе",- А ім сказаў: — Мяне на млынара Перавялі... Дык я хацеў адзначыць...
I раптам Таня ўголас як заплача, Як стане ў грудзі кулачкамі біць! А бацька ўзяў кілішак: — Што ж, за ўдачу. Не плач, Таццяна... Нам і так баліць.
...Ён першы раз спіртное піў, таму Ніяк не засыналася яму, Сушыла... Ён на кухню ўстаў папіць, I толькі ўзяўся дзверы адчыніць — Застыў, напрогся: змейкай з-пад дзвярэй Канец размовы выпаўз: — Не дурэй. Харошы хлопец гэты твой Андрэй. — Харошы, мама... Каб не быў гарбаты, Каб горб ягоны ўзяць ды спілаваць...
Ён нават барахло не стаў збіраць. У чым стаяў — у тым і рушыў з хаты.
Куды ісці — не ведаў. Па начных Блукаў завулках, у дварах пустых Напружваў слых, як звер, што ўсіх баіцца.. Нічога не хацеў — адно: напіцца Вады... Ілбом Упёрся ў белы дом, Дзе тлелі вокны нежывым святлом, I прачытаў на шыльдачцы: Б а л ь н і ца.
Пастукаў... Аніхто яго не ўчуў. Ён сеў тады на ганак — і заснуў.
Прысніўся млын, Прыснілася рака. Млынар-асілак у апратцы чорнай З рукой жалезнай... Сыпала рука З мяхоў ке зерне, а людзей у жорны.
Ва ўсіх людзей Гарбы былі... Клубы Агню і дыму з жорнаў выбухалі, А з латака каціліся гарбы I злоснымі сабакамі брахалі.
Пазбыўшыся іх, людзі напралом — Праз лазнякі — кідаліся наўцёкі, А брэх сабачы даганяў іх, цёкаў, Каб зноў на плечы ўскочыць, стаць гарбом.
З усімі разам і Андрэй пабег. Але дагнаў яго сабачы брэх, На спіну ўскочыў...
— Чуеш ты ці не? Чаго ты тут?.. — Андрэй расплюшчыў вочы. — Галіна Львоўна, ён сядзіць тут з ночы. — Я ведаю. Таварыш да мяне.
На ганку тупацеў руды мужык, А з ім — нібы знаёмая? — жанчына. — Вы да мяне? Вас зваць Андрэй Крушына?
Андрэй кіўнуў. Ён да ўсяго прывык. — Хадзем...— I ён падняўся і пайшоў.